Уладзімер Здановіч

У папярэднім парадку дня ўжо каля 40 пытаньняў. Прынамсі, мяркуецца разгледзець новыя законапраекты аб гіпатэцы, амністыі, канстытуцыйнай судовай вытворчасьці, правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі. Дэпутаты хочуць таксама ўнесьці папраўкі ў законы аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, занятасьці насельніцтва, пэнсійным забесьпячэньні ды іншыя.

Старшыня камісіі ў справах адукацыі, культуры, навукі і навукова‑тэхнічнага прагрэсу Ўладзімер Здановіч з усіх пытаньняў самым галоўным называе бюджэтнае:

«На гэтай сэсіі, як і на ўсіх восеньскіх, самым важным і галоўным будзе прыняцьце бюджэту на наступны год. Гэта тычыцца ўсіх камісіяў. І ўсе мы ўжо даўно працуем над гэтай праблемай.

А наша камісія плянуе вынесьці на гэтую сэсію два, а, магчыма, і тры праекты. Першы зь іх — праект аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі, падрыхтаваны для разгляду ў першым чытаньні. Працу над гэтым законам мы вялі і вядзем у вельмі адкрытай форме. Ён надрукаваны на сайце міністэрства адукацыі. І кожны чалавек можа зь ім пазнаёміцца і даслаць свае заўвагі на адрас камісіі. Дарэчы, мы ўжо шэраг лістоў атрымалі з прапановамі. І частку зь іх палічылі вельмі слушнымі».

Сёньня ж дэпутаты зьбіраюцца абраць новага старшыню Палаты замест Уладзімера Канаплёва, які падаў у адстаўку са спасылкай на дрэнны стан здароўя. Цікаўлюся ў спадара Здановіча, ці не зьбіраецца ён вылучыць сваю кандыдатуру — закон не забараняе самавылучэньня?

«Я лічу, што зараз знаходжуся менавіта там, дзе я павінен знаходзіцца, працуючы над заканадаўствам у галіне адукацыі. Гэта — маё. У кожнага чалавека ёсьць такая праца, якая яму пасуе.

А ўзначаліць Палату, я думаю, чалавек, які ўжо мае пэўны досьвед кіраваньня такім органам».


Вадзім Папоў

У цяперашнім складзе толькі адна асоба мае такі досьвед — Вадзім Папоў кіраваў Палатай папярэдняга скліканьня. На спробу даведацца нешта ў самога спадара Папова, я пачуў наступнае:

«Бэз камэнтараў. Да мяне ў гэтым пытаньні не зьвяртайцеся».

Сяргей Скрабец у Палаце папярэдняга скліканьня чатыры гады працаваў пад кіраўніцтвам Вадзіма Папова. Вось ягоныя ўражаньні:

«Было шмат пытаньняў, зь якімі мы зьвярталіся да Папова. І пераважна ён адказваў, што гэтае пытаньне ён не вырашае альбо раіў зьвярнуцца да Канаплёва, які ў той час быў ягоным намесьнікам».

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0