Дысідэнтка, праваабаронца, паэтка і перакладчыца Наталля Гарбанеўская памерла ў Парыжы на 77-м годзе жыцця. Пра гэта паведаміла расійская служба радыё «Свабода»

Яна падпісвалася ў абарону беларускіх палітвязняў, бо і сама прайшла праз несправядлівы суд. Яна была ў ліку тых, хто падпісваў звароты да міжнароднай грамадскасці аб спрыянні ў вызваленні арыштаваных пасля Плошчы-2010 Аляксандра Фядуты і Уладзіміра Някляева. Яна падтрымлівала беларускіх галадоўнікаў у 2006-м.

Наталля Гарбанеўская, якая за свае палітычныя перакананні прайшла савецкую турму і карную псіхіятрыю, да канца жыцця засталася нерэабілітаванай. «Аб гэтым трэба прасіць. Я не прасіла мяне судзіць, дык навошта я буду прасіць аб рэабілітацыі», — казала яна карэспандэнту НН падчас наведвання Мінска ў 2011-м.

* * *

Прозвішча Наталлі Гарбанеўскай абляцела заходнія газеты ў жніўні 1968 года. Тады яна ўзяла ўдзел у публічнай акцыі пратэсту супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

Іх было восем чалавек. 25 жніўня яны выйшлі на Красную плошчу ў Маскве. Гарбанеўская з сабой узяла яшчэ і немаўля. Селі на Лобным месцы. Разгарнулі плакаты. На адным з іх быў надпіс — «За вашу і нашу свабоду!» — як у паўстанцаў 1863 года.

Акцыя доўжылася ўсяго некалькі хвілін.

Падбеглі кагэбісты ў цывільным. Парвалі плакаты, кагосьці збілі і забралі з сабой. Толькі Гарбанеўская заставалася на плошчы — чэкісты шукалі машыну, у якую яна магла б змясціцца каляскай з немаўлём…

Яе дапыталі. На кватэры правялі ператрус… і адпусцілі. Гэта ў той час, як астатніх удзельнікаў адразу арыштавалі. «У мяне было трохмесячнае дзіця. І яны доўга вагаліся, што са мной рабіць. А пасля пакінулі да таго часу, як дзіця падрасце, а пра мяне забудуць на Захадзе».

А ўвесь гэты час Наталля Яўгенаўна пісала кнігу «Поўдзень. Справа пра дэманстрацыю 25 жніўня 1968 года на Краснай плошчы»: «Арыгінал разам з сямю перадрукаванымі копіямі ляжалі пад ложкам. Мы жылі ўчатырох у адным пакоі (я рукапіс яшчэ і ад маці хавала). Маглі б прыйсці з ператрусам. Але ў той момант не прыйшлі. Гэта маё шанцаванне. Прыйшлі б — праца ўся змарнавалася б».

Шанцавала і падчас ператрусаў. 24 снежня 1969 года, у дзень арышту, у яе не знайшлі матэрыялы пра галадоўку ў адным з лагераў, перададзеныя ад палітвязняў. Паперы ляжалі ў кішэні зімовага паліто.

А ў стале ляжалі матэрыялы да самвыдатаўскага часопіса «Хроника текущих событий», які яна рэдагавала. Спадарыня Наталля згадвае гэта з усмешкай і адзначае, што «ў нас было шмат вясёлых гісторый. Не трэба ўяўляць наша жыццё як выключна і ў кожны момант трагічнае».

У 1970-м Гарбанеўскай паставілі дыягназ «вялацякучая шызафрэнія» і накіравалі ў Казанскую псіхіятрычную бальніцу турэмнага тыпу. «Гэта вопыт, у якім няма нічога станоўчага», — кажа яна.

«Вечная койка» — так называлі вязні вар’ятню.

Калі ў турме быў рэальны тэрмін зняволення, дык у вар’ятні чалавека «лячылі» столькі, колькі палічаць патрэбным.

Гарбанеўскую выпусцілі ў лютым 1972 года. Да яе не выкарыстоўвалі электрашокеры, бо на волі паднялася хваля ў яе абарону. Але псіхатропны прэпарат галаперыдол давалі рэгулярна.

У даведцы аб вызваленні Гарбанеўскай напісана, што яна адпушчаная 11.01.1971. Гэта дата, калі яе этапавалі з Бутыркі ў Казанскую псіхітрычную бальніцу. Дзе, «свабодную», лячылі яшчэ год.

На свабоду Наталля Яўгенаўна выйшла ў лютым 1972-га. Па вызваленні рэдагавала «Хронику», пра што ведаў толькі адзін чалавек.

«У 1974 годзе я падпісала нешта наконт высылкі Салжаніцына, затым — ліст у абарону Леаніда Плюшча, які знаходзіўся ў псіхіятрычнай турме. І зразумела: яшчэ 1–2 крокі — і мяне зноў пасадзяць у псіхіятрычную турму. Мне пагражала паўтарэнне жудаснага вопыту».

Гарбанеўская вырашыла з’ехаць з краіны.

Чаму абрала менавіта Францыю?

«Мы выязджалі не «куды», а «адкуль»,

— казала Гарбанеўская. — З ізраільскай візай даехалі да Вены, якая была транзітным горадам. Там мяне запрасілі ў Францыю. І гэта было цудоўна». Гарбанеўская адразу пачала працаваць у парыжскім часопісе «Континент» (у якім друкаваліся і беларускія эмігранты, у прыватнасці, Кастусь Акула), пазаштатна на радыё «Свабода», пазней — у газеце «Русская мысль».

«Калі выйшаў першы, самы ліберальны, расійскі закон аб грамадзянстве, у ім гаварылася, што асобы, якія страцілі грамадзянства, а пасля былі рэабілітаваныя, могуць атрымаць яго без перашкод. Але я асоба не рэабілітаваная. А каб быць рэабілітаванай, аб гэтым трэба прасіць. Я не прасіла мяне судзіць, дык навошта я буду прасіць аб рэабілітацыі», — казала яна.

Амерыканская спявачка Джаан Баэз прысвяціла Гарбанеўскай песню Natalia.

Да апошніх дзён Наталля Гарбанеўская аддавала свой час грамадскім справам. Апошні запіс у яе блогу датаваны 28 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?