«З-за шэрагу інцыдэнтаў, сутыкненняў было прынята рашэнне аб адцясненні людзей з майдана Незалежнасці», — растлумачылі ў міліцыі. Разгон адбыўся каля 4-й гадзіны ранку, калі на Плошчы была найменш людзей — усяго некалькі соцень.
Учора ўвечары на Майдане сабралася каля 50 тысяч чалавек. Аднак на начоўку на плошчы застаюцца толькі самыя адчаюгі, пераважна студэнты.
«Леглі спаць ва Украіне, а прачнуліся ў Беларусі», — так пракаментаваў падзеі былы міністр абароны Украіны Анатоль Грыцэнка.
Але ж розніца ёсць: у Мінску ў часе разгону апошняй Плошчы за кратамі апынуліся больш за 1000 чалавек. У Кіеве лічба затрыманых была нашмат меншай, дый тых адпусцілі.
31 чалавек затрыманы, большасць з іх адпусцілі пасля складання адміністрацыйных пратаколаў. 7 удзельнікаў Майдана пасля сутычак трапілі ў шпіталь.
Цяпер Майдан ачэплены спецназам. Там дзяжурыць адна машына «Хуткай дапамогі», плошчу прыбіраюць, ездзяць палівальныя машыны. Кіруюць працэсам людзі ў цывільным. Актывістаў адціснулі ў падземны пераход, паведамляе «Украінская праўда».
Былы пасол ЗША ва Украіне Стывэн Пайфер асудзіў разгон Еўрамайдану. Ён мяркуе, што гэта можа ўдарыць па адносінах Украіны і ЕС.
Лідар апазіцыі Арсень Яцанюк заявіў, што знос намётавага мястэчка не мяняе планаў апазіцыі. У нядзелю 1 снежня яна склікае ў Кіеве вялікае Народнае веча, на якім мае зацвердзіць план далейшых дзеянняў.