Ходнікі і тратуары

Для назову дарожкі для пешаходаў ёсць два раўнапраўныя словы: ходнікі і тратуар, якія і выкарыстоўваюцца паэтамі, пісьменнікамі аднолькава. Тратуар — гэта да нас прыйшло з французскай. Вось у Якуба Коласа дзядзька вандруе па Вільні ў пошуках зямельнага банка.

Ідзе так дзядзька і па бруку

Адзін за дзесяць робіць груку.

Далей дзядзька занадта заглядзеўся на шыльды.

Ды перабраў тут дзядзька меру:

На слуп узбіўся, на халеру,

Ды так аб падлу штурхануўся,

Што свет яму перавярнуўся,

На брук зляцеў ён з тратуару,

Перакруціўся разоў пару

І так у брук бядак загасіў,

Траха манеркі не расквасіў.

Манерка — паходная металічная пляшка ці бляшанка з накрыўкай. Багатая беларуская мова.

Дарэчы, слова брук часта сустракаецца ў ранняга Максіма Танка. Жыў паэт у Вільні, пахадзіў і па тратуарах і па бруку.

Заснулі плошчы, купалы і ліпы,

Злізала ноч неонаў сініх кроў,

І брук апошні шэлест вуліц выпіў...

Ці яшчэ ў яго ж:

Разгарайцеся агні ліхтароў!

Біце ў сцены казематаў, біце!

Брук грыміць ад грукату баёў,

Ад раскалыханай навальніцы.

А мне ўсё-такі больш падабаецца слова ходнікі. Зразумела, што ўтварылася яно ад значэнняў ход, хада. Звычна было для вяскоўца, які прыехаў у горад, упершыню патрапіў на тратуар, так назваць яго. Толькі такая назва і ў слоўніку Ластоўскага. Увогуле ж корань "ход" у беларускай мове паслужыў утварэнню слоў з вельмі многімі значэннямі.

Гэта і ход гісторыі. І ў механізма можа быць ход якой-небудзь дэталі. І шахматыст робіць свой чарговы ход. І ў рамане можа быць цікавы сюжэтны ход. А ў доме могуць быць парадны і чорны хады. І цяпер дапытлівыя хлапцы шукаюць падземныя хады. У старасвецкіх хатах вісяць на сценах ходзікі. А можа і тавар быць на кірмашы ходкім, прадавацца нарасхват. І сцежка ў лесе можа быць ходжанай, пратаптанай. А пры адсутнасці транспарту нават мінчукі дабіраюцца пры неабходнасці сваім ходам, пехам. І разгружаючы што-небудзь, пераносячы, мы робім, а то і лічым ходкі... Нямала ў беларускай мове назваў, прозвішчаў, звязаных з хадой — Ходзькі, Ходцы...

І ўстойлівых выразаў у нашай мове з гэтым словам шмат.

Ведаць усе хады і выхады — быць пранырлівым чалавекам, пры блаце.

На хаду падноскі рваць — амаль тое ж, але яшчэ з імпэтам, зухавата.

Хадзіць ходырам — бавіцца так, што сцены ў хаце трасуцца.

Чытачы старэйшага пакалення, безумоўна, помняць славутую карціну "Хадакі ў Леніна". У першага кіраўніка Савецкай дзяржавы сядзяць барадатыя дзядзькі ў сярмягах, анучах, лапцях. Ленін уважліва іх слухае. Пра што прышлі жаліцца? Тады настаўнікі не расказвалі, а сёння можна здагадацца: мяркуючы па часе, просяць адмяніць ваенны камунізм з яго харчовай развёрсткай, вымятаннем хлеба з вёсак падчыстую.

Дарэчы, хадакі не перавяліся і ў наш час. У васьмідзесятых гадах у Паставах каталіцкая абшчына стала прасіць аб вяртанні ёй касцёла. Доўга цягнулася процістаянне. А потым вернікі сабралі грошы і выправілі хадакоў аж у Маскву. Зразумела, не пешшу, але з тым жа намерам: прасіць. І дабіліся свайго. І сёння слова ў гэтым значэнні існуе. Прыкладам, трапіў чалавек у непрыемнае становішча, ну, машыну пабіў ці яшчэ што. Шукае ён патрэбнага знаёмага і засылае "хадака" да патрэбнага начальства, якое можа і нейкую слабіну даць. Ідзе "хадок" з нейкім абяцаннем ці падзякай. Беларусы здавён называлі гэта хабарам. У рускіх ёсць адпаведнік — "взятка", а ёсць у іх і слова старога паходжання — "посул", гэта больш мякка і прыемна гучыць. Але без "посулу" ні да ваяводы, ні пазней да губернатара ці спраўніка не ішлі. Наш адпаведнік — абяцанка. Ёсць жа і прымаўка такая: абяцанка-цацанка, а дурному радасць. А яшчэ ж прыпамінаю. І тыя хадакі, з карціны, наколькі чытаў, з пустымі рукамі не ішлі. Здаецца, была там і астраханская рыбка, і ікорка.

Для мяне вельмі блізкае, нават шчымлівае значэнне ходніка — дыван, дарожка. У вясковай хаце пры ўваходзе сцяліліся горшыя, больш бляклыя, а ў чыстай палове, да абразоў — самыя прыгожыя. Дарэчы, уменне вырабляць ходнікі яшчэ застаецца, нават пэўнай модай лічыцца пасцяліць такі, рознакаляровы хаднічок ля ўваходу і ў багатае жытло. Мая маці зімою, калі няма чаго рабіць, наразае з рознага колеру матэрыі, старога адзення палоскі і вяжа свае просценькія ходнічкі. Вока яны радуюць.

Вернемся да вулічных ходнікоў. Археолагі пры раскопцы старажытных гарадоў, замкаў знаходзілі і знаходзяць драўляныя ходнікі, па якіх ступалі ногі нашых папярэднікаў, найчасцей з бярвення. Ну а беларуская вёска ходнікоў не ведала. У веснавую ці восеньскую распуціцу сцяліў гаспадар па дварышчы некалькі дошак ці жардзін, каб можна было прайсці з хаты да жывёлы, на вуліцу — і досыць. Прынамсі, у нашых мясцінах ходнікі на вуліцу не клаліся, у адрозненне ад Расіі, дзе па вуліцах яны сустракаліся часта. Магчыма, у нас у тыя часы было сушэй? А верагодней за ўсё, праяўляўся характар заходнебеларуса. Аднаасобніка, індывідуаліста.

Дарэчы, пра Расію. Мне ўжо даводзілася пісаць пра вандроўку ў Сібір у канцы сямідзесятых. Тады мы лёталі па нафтавых буравых вышках на верталёце, чыталі вершы. А вось пасёлкі нафтавікоў запомніліся добра. Недасведчаны чалавек сказаў бы, што стаіць рад чыгуначных цыстэрнаў. Знешне — так. Гэта для таго, каб вятры не прадувалі. А зойдзеш унутр — жылы пакой, печачка, нават нейкая куханька. І паўсюль па пасёлку ходнікі, высока паднятыя над зямлёй, збітыя з дошак. Там без іх проста не абысціся. Тундра.

Кругом балота ды бедныя пакрыўленыя ляскі. Так што лес на ходнікі ў пасёлкі завозілі з поўдня Сібіры, як там кажуць з Вялікай зямлі.

Брук у маіх родных Паставах з’явіўся яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Брукаваліся цэнтральная плошча, чатыры вуліцы, якія разыходзіліся ад яе. А вось ходнікамі ўшчыльную заняліся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. З дзяцінства помню: на пясчанай вуліцы кучы камення, прыблізна аднаго памеру, сядзяць дзядзькі і драўлянымі малаткамі каменьчык да каменьчыка падганяюць. Мы, хлопцы з ускраінных вёсак гарадка, летам у цэнтр горада хадзіць не вельмі хацелі. Толькі калі дасць маці 10 капеек на кіно ці на эскімо. Басанож бегчы па каменнаму ходніку — не вялікае задавальненне, можна і палец пабіць, і пазногаць сарваць. Лепш за горад, на луг, да рэчкі. Тут толькі калі пчала джыгане.

Асфальт, бясспрэчна, стаў новым крокам у аздабленні горада, у будаванні ходнікоў. А потым з ходнікамі Паставам пашанцавала, таму што вывелі з гарнізона два авіяпалкі, а аэрадром застаўся. А тысячы пліт. Ляжаць яны цяпер на ўскраінных вуліцах, надзейна служаць пешаходам. І будуць служыць доўга. Той, хто прыязджае ў гарадок у апошнія гады, адназначна выказвае захапленне яго знешнім выглядам. Не толькі таму, што вабіць гістарычны цэнтр з дамамі Тызенгаўза. Вялікія работы праведзены па змяненню ўсяго аблічча райцэнтра, большасці яго вуліц. Пра ходнікі ж і гаварыць няма чаго. Ідзём з мінчуком па цэнтры Пастаў і ён дзівіцца:

— Паслухай, такой прыгожай, узорнай і каляровай пліткі я ў Мінску не сустракаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?