Еўрамайдан вывеў Украіну на першыя палосы. А на Еўрамайдане рэй вядуць музыкі. «Наша Ніва» вырашыла нагадаць пра найбольш яскравых украінскіх выканаўцаў. Хоць украінцы — настолькі спеўная нацыя, што ў топ-10 увесь спіс дасягненняў украінскай музычнай культуры укласці немагчыма.

Воплі Відоплясова

Бясспрэчная класіка.

Брати Гадюкіни

Гэта значны ўкраінскі рок-гурт, які існаваў да 2006 года. Смерць франтмэна Сяргея Кузьмінскага ў 2009-м перакрэсліла магчымасць уз’яднання. Пры гэтым «Брати» не запісалі ніводнага дрэннага альбома. Інакш як украінскімі The Rolling Stones іх не назавеш.

Океан Ельзи

Гурт Святаслава Вакарчука збярэ 8 снежня «Мінск-Арэну», і калі прыедзе праз паўгода — то збярэ яе яшчэ раз. Папулярнасць «Океана» надзвычайная, гэта добры прыклад якаснай музыкі больш сучаснага гучання.

Мертвий Півень

Заходнеўкраінскі «Півень», які актыўна супрацоўнічаў з паэтам Юрыем Андруховічам, мае настолькі вялікі поспех у Львове, што ў кожнай сувенірнай лаўцы вы знойдзеце з дзясятак розных саколак з цытатамі з творчасці «Піўня».

ДахаБраха

Адзін з галоўных прамоўтэраў Расіі, Аляксандр Чапарухін, які працаваў з паловай зорак сусветнага маштабу, летась назваў творчасць гурту самым цікавым, што за апошні час з'явілася ў сусветнай музыцы. І нядаўні супольны альбом з беларусамі Portmone яшчэ раз даказаў, што роўных у сваім кірунку ў «ДахіБрахі» няма.

Руслана

Пераможца Еўрабачання ў 2004, актыўная ўдзельніца абодвух Майданаў, стварае якасную поп-музыку. Па словах крытыка Змітра Падбярэзскага, Руслана і Аляксандр Панамароў — вельмі таленавітыя людзі, якія паказваюць сапраўдны клас у поп-музыцы. Той выпадак, калі слова «поп» у дачыненні да музыкі не лаянкавае.

Плач Єремії

Яшчэ адны рок-класікі Украіны, якія выдатна спалучаюць рок-матывы і глыбокую лірыку. Песня «Вона» прызнаная «самым запамінальным украінскім хітом апошняй чвэрці стагоддзя» па меркаванні чытачоў @music.

РадыёБэнд Аляксандра Фокіна

Украінскі джаз — тэма асобнага даследавання, бо славутых імёнаў там нямала. Па словах знаўцы джаза Змітра Падбярэзскага біг-бэнд Аляксандра Фокіна варты ўвагі. Палітра стыляў ад фанка і лаціны да рытм-н-блюза і эйсід-джаза заслугоўвае павагі. Доўгі спіс заходніх музыкантаў, з якімі працаваў РадыёБэнд, прыкладаецца.

Пікардійська терція

Калі хто чуў хоць адну песню «Тэрцыі» ў запісе ці жыўцом, ніколі іх ні з кім не зблытае — сэкстэт вакалістаў, якія спяваюць а капэла ў розных жанрах можа падабацца або не, аднак абыякавым не пакіне нікога. Музыкі спяваюць на 12 мовах свету, і трэба чуць, як яны гэта робяць.

Потап і Настя

Украінскі рускамоўны дуэт Патапа і Насці Каменскіх трэба ўзгадаць хаця б таму, што ўвесь мінулы (дый пазамінулы год таксама) мы слухалі іх песні, нават калі таго не жадалі – яны несліся з кожнага мабільнага тэлефона і кожнай радыёкропкі. Трэба сказаць, што ў іх песні закладзена вялікая доля іроніі, што не ўсе слухачы разумеюць. Праўда, ёсць людзі, якія могуць слухаць «У нас на районе не звонЯт, а звОнят» на поўным сур'ёзе.

Верка Сярдзючка

Праект Андрэя Данілка стаў фенаменальна папулярным у сярэдзіне нулявых: песні Веркі Сярдзючкі сталі абавязковай часткай любога тэлешоу і дыскатэкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?