19:25

Міліцыя прыгразіла дзейнічаць жорстка і рашуча

Супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць дзейнічаць жорстка ў тым выпадку, калі мітынгоўцы не вызваляць захопленыя адміністрацыйныя будынкі ў Кіеве, паведаміў в.а. начальніка кіеўскай міліцыі Валерый Мазан, піша Інтэрфакс-Украіна.

«Міліцыя прадпрымае ўсе меры, каб гэтыя мітынгі праводзіліся ў мірным рэчышчы. Мы сілы стараемся не ўжываць. Але калі будзе парушэнне закона, мы будзем дзейнічаць рашуча, жорстка … Злачынцаў угаворваць не будзем — для гэтага ў нас ёсць усе сродкі і магчымасці, прадугледжаныя законам», — сказаў ён.

17:00

Расейцы на Майдане

Што робяць на Майдане расейцы і як рэагуюць на іх мітынгоўцы?

16:55

Падзеі ў Кіеве — відэа-анлайн

14:47

Цімашэнка — еўрапейскім палітыкам: З Януковічам трэба размаўляць пацанскай мовай

Прадстаўнік экс-прэм'ера Юліі Цімашэнкі, якая трымае галадоўку пратэсту, перадаў яе ліст еўрапейскім палітыкам.

«Калі вы збіраецеся праводзіць перамовы з Віктарам Януковічам, памятайце, што гэты чалавек не збіраецца нікога слухаць. Ён дакладна акрэсліў сваю пазіцыю, калі праігнараваў мільёны ўкраінцаў, што выйшлі на майданы па ўсёй краіне, загадаў сваім дэпутатам не галасаваць за звальненне ўрада, а сам з'ехаў у Кітай.

З Януковічам трэба размаўляць моваю, якую ён разумее — пацанскай моваю». Цімашэнка падкрэсліла, што ЕС павінен размаўляць з адказнымі за рашэнні, то бок Януковічам.

Але яна кажа, што гэта мусіць быць мова жорсткіх рашэнняў і санкцый.

Нагадаем, Цімашэнка, якая адбывае сямігадовы тэрмін, ужо 11 дзень трымае галадоўку ў падтрымку Еўрамадана і цяпер знаходзіцца ў бальніцы Украінскай чыгункі.

Кірыла Хілько

14.39

Кіеў: судовыя выканаўцы і цітушкі каля гарадской рады

У будынак Кіеўскай гарадской рады прыйшлі судовыя выканаўцы: сёння будынак павінен быць ачышчаны ад мітынгоўцаў.

Актывісты Майдана не выключаюць сілавога сцэнара. Да Рады прыйшлі таксама правакатары і «цітушкі» (украінскі варыянт «людзей у цывільным»).

Відэа Ганны Бадзякі і Ірыны Арахоўскай

14:38

На Майдане новыя намёты

Тым часам на Майдане Незалежнасці ставяць новыя намёты, паведамляюць карэспандэнты «Нашай Нівы» з Кіева.

14:14

Пратэстоўцы адмовіліся вызваляць кіеўскую мэрыю

Сёння судовыя выканальнікі прыйшлі ў занятую пратэстоўцамі кіеўскую мэрыю, каб зачытаць судовую пастанову аб забароне займаць камунальны будынак.

Ужо за некалькі гадзін да назначанага часу ля дзвярэй выстраіліся хлопцы ў армейскіх касках — яны рыхтаваліся да магчымага сілавога выгнання пратэстоўцаў з будынка і магчымых правакацый.

Аднак зачытаць рашэнне прыйшла толькі судовая прыстаў і некалькі міліцыянтаў суправаджэння. Іх сустрэлі крыкамі «ганьба». Сам працэс заняў некалькі хвілін, пасля чаго судовая прыстаў хутка збегла праз чорны ўваход. Ніякіх каментароў прадстаўнікі ўлады не далі.

Прадстаўнік Штаба рэвалюцыі, які месціцца ў кіеўскай мэрыі патлумачыў, што пратэстоўцы не будуць вызваляць будынак, бо лічаць незаконным судовае рашэнне.

Таксама ён паведаміў, што праца кіеўскай адміністрацыі не блакаваная — учора на працу выйшлі амаль усе супрацоўнікі акрамя старшыні кіеўскай адміністрацыі Аляксандра Папова і яго бліжэйшых паплечнікаў.

Пратэстоўцы заявілі, што ў кіеве не існуе самакіравання, і мірным заняццем адміністрацыі яны нарэшце адкрылі яго для кіеўцаў.

Кірыл Хілько, Кіеў

13:21

Украіна альбо пойдзе насустрач народу, альбо акунецца ў хаос, заяўляюць у Вашынгтоне

Пра гэта заявіла ў чацвер памочнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд, паведамляе Інтэрфакс.

«Увесь свет глядзіць на Украіну. Зараз яна альбо пойдзе насустрач інтарэсам свайго народа, альбо расчаруе яго, тады яна можа сутыкнуцца з хаосам і гвалтам», — сказала яна на пасяджэнні АБСЕ ў Кіеве.

13:07

«Самае вялікае ўражанне ад Еўрамайдана»

Самае вялікае ўражанне ад Еўрамайдана … зноў без залішняй рамантыкі.. у тым, што я не бачыла там ні кроплі алкаголю ў гэтае суровае халоднае надвор'е. Ні кроплі алкаголю ў краіне, дзе мноства праблем выклікана яго злоўжываннем — гэта сапраўды вялікая перамога, напісала ў сваім фэйсбуку Анастасія Леўхіна.

12:56

12:38

Міліцыя дала мітынгоўшчыкам 5 дзён, каб разблакаваць Кабмін

Пра гэта заявіў журналістам в. а. начальніка ГУ МВС у Кіеве Валерый Мазан, спасылаючыся на рашэнне суду. Мазан зазначыў, што па заканчэнні гэтага тэрміну міліція будзе ўжываць захады да блакавання будынка. Пры гэтым ён не ўдакладніў, пра якія захады вядзецца.

12:33

Да будынка Кіеўскай гарадской рады прыйшлі судовыя выканаўцы, сёння будынак павінен быць ачышчаны ад мітынгоўцаў. Таксама паведамляецца, што ў будынак прайшлі некалькі дзясяткаў «цітушак» (правакатараў).

12:20

Уначы на Майдане штогадзіну спяваюць «Шчэ нэ ўмэрла Украіна» пад сола Русланы - рэпартаж Кірылы Хілька з Кіева

12:16

Апазіцыя падрыхтавала падарунак «Беркуту» — закон аб роспуску

Апазіцыя зарэгістравала законапраект, які павінен распусціць спецпадраздзяленне МУС « Беркут». Пра гэта на брыфінгу ў Вярхоўнай Радзе паведаміў кіраўнік фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцанюк.

Ён нагадаў, што 5 снежня адзначаецца 25 гадоў з дня стварэння кіеўскага «Беркута».

Менавіта з гэтага дня апазіцыя падала законапраект аб ліквідацыі гэтага спецпадраздзялення. Дзе два галоўныя моманты.

«Першае — ліквідацыя спецпадраздзялення «Беркут». І другое — пазбаўленне спецыяльных і воінскіх званняў усяго радавога і начальніцкага складу работнікаў «Беркута», — растлумачыў Яцанюк.

10:20

Журналіста «Белсата» Алеся Залеўскага папрасілі ў беларускім рэстаране ў Кіеве падысці да сцяну з фатаграфіяй Уладзіміра Караткевіча і ўсміхнуцца

09:48

У Кіеве пратэстоўцы заблакавалі базы «Беркута» і Унутраных войскаў

Гэта быў адказ на інфармацыю пра магчымы разгон Майдана.

Ноч на Еўрамайдане Незалежнасці прайшла спакойна.

Пратэстоўцы начуюць у адным з занятых імі будынкаў

Уранку калоны мітынгоўцаў рушылі на блакаду Адміністрацыі прэзідэнта ды Кабінета міністраў.

Акрамя таго, частка актывістаў з уласнай ініцыятывы пікетуе Генпракуратуру. Самым яскравым момантам ночы была блакада базаў спецназа і Унутраных войскаў. Так гэта пачыналася, глядзіце на відэа:

У горадзе Васількоў Кіеўскай вобласці людзі цэлую ноч вартавалі вайсковую частку, у якой дыслакуюцца спецпадраздзяленні Міністэрства ўнутраных справаў. 33 аўтобусы з беркутаўцамі аказаліся заблакаванымі. Яны не рашыліся на канфрантацыю.

«Каля ста чалавек запячаталі выезды з базы ўласнымі легкавікамі. Сярод мужчын пабачыў і некалькі жанчын, настроеных не менш рашуча», — напісаў у Facebook-у дэпутат Вярхоўнай Рады ад апазіцыйнай «Бацькаўшчыны» Андрэй Пышны.

Аналагічна ў самім Кіеве была заблакавана база спецпадраздзялення «Беркут» на Чырвоназоркавым праспекце.

Кіраўніцтва вайсковых частак захоўвае нейтралітэт.

09:46

42-павярховы Палац культуры і навукі ў Варшаве, які з'яўляецца самым высокім будынкам у Польшчы, учора, 4 снежня, быў афарбаваны ў колеры ўкраінскага сцяга ў знак салідарнасці з Еўрамайданам.

Ініцыятыва афарбаваць будынак колерамі сцяга Украіны належала мэру Варшавы Ханне Гранкевіч.

«З 17:00 да 24:00 Палац культуры і навукі будзе асветлены нацыянальнымі колерамі Украіны ў знак салідарнасці з нашымі суседзямі», — напісала яна ў сваім Twitter.

09:34

Барыкада на Майдане. Фота з фб Рустэма Адагамава.

09:15

500 чалавек мітынгуюць пад будынкам Кабміна

Прыкладна паўтысячы мітынгоўцаў скандуюць пад Кабінетам міністраў у чацвер раніцай у Кіеве. Пра гэта паведамляе карэспандэнт украінскай Радыё Свабода.

У 9.00 ля будынка ўрада пачынаецца мітынг, калона актывістаў рушыла з Майдана Незалежнасці да месца мітынгу загадзя.

У планах пратэстоўцаў блакаваць будынак Кабінета міністраў на працягу дня з боку вуліцы Лютэранскай. Там усю ноч дзяжурылі беркутаўцы, пад'езды да найбліжэйшых дамоў заблакаваныя грузавікамі і аўтобусамі.

Акрамя таго, удзельнікі Еўрамайдана мелі намер блакаваць будынак Адміністрацыі прэзідэнта з боку Банкавай, зрэшты цяпер ім перакрылі шлях каля 50 байцоў унутраных войскаў МУС.

09:13

Палітолаг Тарас Беразавец мяркуе, што сёння-заўтра разгону Майдана не будзе

09:11

Ёсць радыёзапіс перамоваў «Беркуту» падчас штурму

Народны дэпутат Анатоль Грыцэнка паведаміў Unian, што яму перадалі запіс радыёабмену камандзіраў «Беркута» падчас начнога штурму Майдана 30 лістапада.

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. «І ў Беркуце ёсць прыстойныя людзі … Гэтай ноччу мне перадалі запіс радыёабмену камандзіраў Беркута падчас начнога штурму Майдана 30 лістапада. З радыёабмену ясна, што гэта быў загадзя спланаваны напад, з выразнай каардынацыяй дзеянняў асобных груп спецпадраздзялення. Каманды, даклады, характэрныя галасы — усё гэта можа дапамагчы следству ўзнавіць карціну злачынства, вызначыць пайменна кіраўнікоў і асобных выканаўцаў злачыннага загаду», — заявіў Грыцэнка.

09:06

Майдан у Днепрапятроўску

***

Нагадаем, што ўчора першы віцэ-прэм'ер Украіны Сяргей Арбузаў заявіў, што выхадам з крызісу могуць быць датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.

На пытанне журналіста «Людзі, якія знаходзяцца на Майдане, бачаць, што выхад з сітуацыі — датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Вы бачыце, што гэта выхад з гэтага крызісу?», Арбузаў адказаў: «Адназначна. … Мы павінны правесці перамовы. Сесці за стол перамоваў. І там, калі прагучаць нейкія прапановы афіцыйныя, іх абмеркаваць».

«Але вы дапускаеце, што могуць адбыцца ў дзяржаве і прэзідэнцкія выбары датэрмінова?» — перапытаў журналіст.

«Я дапускаю, што калі мы сядзем за стол перамоваў, такія прапановы могуць прагучаць. І я лічу, што мы гатовыя іх агаварыць», — заявіў Арбузаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0