Майдан звярнуў увагу ўсіх на Украіну. Адкуль у гэтай нацыі столькі жыццёвых сілаў? Ад культуры!

«Наша Ніва» працягвае знаёміць вас з украінскай культурай. У мінулы раз мы ўзгадалі ТОП-10 украінскіх музыкаў, а сёння звернемся да ўкраінскай літаратуры. Рэдакцыя выказвае падзяку старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэю Хадановічу за дапамогу ў складанні спіса.

Сяргей Жадан

Аматары ягонай творчасці любяць спрачацца, што ў Жадана атрымліваецца лепей – вершы альбо проза, аднак відавочна, што і тое, і тое – частка аднаго цэлага. Вось тут можна прачытаць раман «Дэпеш Мод» у перакладзе Таццяны Урублеўскай, а тут — знайсці выдатную падборку вершаў у перакладзе Андрэя Хадановіча.

Выступаў у музычным гурце «Сабакі ў космасе». У 2004 арганізаваў Майдан у сваім родным Харкаве, цэнтры ўсходняй Украіны.

Юрый Андруховіч

Яшчэ адзін сучасны класік, аўтар культавых для Украіны «Рэкрэацый», «Маскавіяды» і «Перверзіі» — раманаў, у якіх постмадэрнізм сустракаецца з еўрапейскай карнавальнай традыцыяй. Зборнік Юрыя Андруховіча «Урокі геаграфіі» яшчэ можна знайсці ў мінскіх кнігарнях, падборку ж перакладаў можна адшукаць і спампаваць тут.

Жыве ў Івана-Франкоўску на захадзе Украіны. Андруховіч звяртаўся да Майдану на Маршы мільёнаў ад імя ўкраінскай інтэлігенцыі.

Аксана Забужка

Яе кніга «Палявыя даследаванні ўкраінскага сэксу» стала самай значнай навінкай 1996 года, была перакладзена на 10 розных моваў. Аксана Забужка напісала ўсяго два раманы, але абодва ўжо сталі знакавымі для сучаснай літаратуры. Акрамя таго, яна піша эсэ і літаратуразнаўчыя манаграфіі і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці.

Спампаваць «Палявыя даследаванні» можна тут.

Любко Дэрэш

Самы малады з літаратараў у нашым рэйтынгу – Любко Дэрэш, аўтар пяці раманаў. Ягоны дэбютны раман «Культ» быў напісаны, калі аўтару было 18 год. Азнаёміцца з беларускім перакладам можна тут.

Тарас Прахаська

Яшчэ адзін дзеяч так званага «станіслаўскага феномену» — групы пісьменнікаў, што ўзрасла ў абласным горадзе Івана-Франкоўск. Прачытаць ягонае апавяданне «Увабраць горад» у беларускім перакладзе Ціны Давыдчук можна тут.

Васіль Герасімюк

Васіль Герасімюк паходзіць з сям’і гуцулаў, у 1940-я гады быў вывезены ў Казахстан, але ў 1950-я вярнуўся.

Выдатны паэт, тонкі лірык, выпусціў дзевяць кніг, трапіў у школьную праграму. Дарэчы, сярод іншых творчых здабыткаў Герасімюка — пераклады на ўкраінскую мову вершаў Някляева. Выдатную падборку вершаў Герасімюка ў арыгінале можна знайсці тут.

Марыя Маціос


Марыя Маціос на сёння выдаецца найбольшымі ва Украіне накладамі. Жыве ў Львове. У 2012 стала дэпутаткай Вярхоўнай Рады ад апазіцыйнай партыі «Удар» баксёра Клічка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?