Аўтобус з беларусамі, які ехаў з Мінска на Майдан, спынілі праз гадзіну ў Мар'інай Горцы
Затрыманне адбылося каля 21:00.
Некалькі дзясяткаў беларусаў меліся сёння нанятым чартарным аўтобусам выехаць з Мінска, каб наведаць заўтра Кіеў і падтрымаць удзельнікаў Еўрамайдану. Таксама ў суботу ў сталіцы Украіны павінны выступіць з гастрольным канцэртам «Ляпісы» (Stereoplaza, 19:00).
У Кіеў аўтобусам накіроўваліся 53 чалавекі.
Як паведаміла Дар'я Каткоўская «Нашай Ніве», у спыненні аўтобуса ў чыстым полі прымалі ўдзел супрацоўнікі КДБ, транспартнай міліцыі і ДАІ.
З дакументамі ва ўсіх (і на аўтобус, уключна з аптэчкай і вогнетушыцелем) было ўсё нармальна.
У прыватных гутарках зазначалася, што прычына спынення аўтобуса — складаныя ўмовы надвор'я, таму ехаць далёка не рэкамендуецца.
Усе пасажыры адмовіліся ехаць у РУУС, і праз поле абвешаныя флікерамі пайшлі на бліжэйшую АЗС, дадала Д. Каткоўская.
Тым часам «затрымоўнікі» і той самы аўтобус з'ехалі.
Паступова ўдзельнікі паездкі цягам двух гадзін дзякуючы папуткам і добрым людзям з Мінска раз'ехаліся. Перыядычна іх наведвалі міліцэйскія патрулі.
Пра выпадак пад Мар'інай Горкай паведамілі вечарам з галоўнай сцэны Майдана ў Кіеве.
Прысутныя на галоўнай на сёння плошчы сталіцы Украіны людзі ўспрынялі інфармацыю пра затрыманне ў Беларусі з абурэннем. «Ганьба», — крычалі яны.
10:00
Частка актывістаў і журналістаў такі дабралася да Украіны.
Каментары