Помнік Леніну, зрынуты ў Кіеве.

Помнік Леніну, зрынуты ў Кіеве.

«НН»: Калі казаць пра «недалюбленых» беларускім грамадствам герояў, ці можаце Вы вызначыць пяць асобаў нацыянальнага маштабу, пра якіх незаслужана забылі?

Ніна Стужынская: У дзяцінстве любіла казку пра варону, якая атрымала даручэнне ад манарха краіны знайсці самых салодкагалосых птушак і прадставіць да двара яго вялікасці. Свае бліжэй да душы і цела, варона, не пакутуючы на сумнеў, выбрала любых сваіх дзетак. Што было далей — не цікава…

На вашае пытанне адкажу, што героі паўстанцка-партызанскага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя, вяртаннем якіх у гісторыю і памяць я займаюся шмат гадоў, вартыя большай увагі і павагі ад грамадзства сучаснай Беларусі.

І слуцкія паўстанцы (спіс багаты), і зяленадубцы былі ўдзельнікамі адкладзенага да канца стагоддзя праекта незалежнай Беларусі.

Свой нацыянальны дом пад еўрапейскім дахам быў мэтаю і сэнсам іх дзейнасці.

У Нацыянальны пантэон я б прапанавала кіраўнікоў найбольш маштабнага антысавецкага антыкаланіяльнага Слуцкага паўстання 1920 года — Паўла Жаўрыда і Уладзіміра Пракулевіча. Побач з імі натуральна выглядае фігура атамана партызанскага антысавецкага злучэння «Зялены Дуб» Вячаслава Адамовіча (Дзергача),

які працягнуў змаганне за Беларусь сродкамі партызанскай вайны.

У адрозненне ад палітыкаў, сярод якіх хапала асобаў «позы і фразы», іх актыўнасць палягала ў канкрэтным баявым рэчышчы. Іх вайна на той момант не мела поспеху, але была лагічным этапам на шляху да незалежнасці Бацькаўшчыны.

У лёсавызначальны міжваенны час на палітычным небасхіле заззялі і зоркі жаночыя: Палуты Бадуновай, дзяячкі нацыянальнага Адраджэння, выбітнога палітыка, і Веры Маслоўскай, актывісткі ўзброенага антыпольскага супраціву.

Каб «палюбіць», трэба спачатку пазнаеміцца.

 «НН»: Ці абавязкова нацыянальны герой мае быць выключна станоўчым? Ці магчыма тут карыстацца крытэрыем на карысць ці не на карысць Беларусі дзейнічаў той ці іншы персанаж?

 НС: Мы ў пэўным сэнсе закладнікі савецкай гістарычнай міфалогіі, у тым сэнсе, што героі мінулага пад пільным партыйным кантролем падаваліся народу стэрыльнымі ідаламі, а не жывымі людзьмі. «Крыштальна чыстыя-чэсныя», увасабленне «обліка-марале», героі рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва не пілі,не елі, жанчын не кахалі — толькі дзейнічалі ў імя савецкіх ідэалаў.

Як толькі цензура знікла, мы даведаліся, напрыклад, што ў «правадыра сусветнага пралетарыята» была каханка, а яго партыя не вельмі прыгожымі шляхамі здабывала грошы, і ўвогуле, стратэгія і тактыка бальшавікоў-ленінцаў была здрадніцкай і варожай да тагачаснай Расіі.

Тым не менш, у Беларусі, якая са згоды гэтых самых дзеячоў неаднаразова кроілася-перакройвалася і губляла тэрыторыі (а пры Сталіну — і добрую частку насельніцтва), помнікі ім (107 толькі Леніну!) засталіся. І нават пабудаваліся наноў (лінія Сталіна). Логіку шукаць бессэнсоўна.

Героі, трэба памятаць, людзі. Ім уласцівы хібы, памылкі, пэўныя слабасці. А мы, таксама не трэба забывацца, не суддзі і не пракуроры. Важную ролю адыгрываюць абставіны, рэаліі таго гістарычнага часу.

Трэба, на мой погляд, шанаваць тое галоўнае стваральнае ў жыцці і дзейнасці гістарычнай постаці, што спрацавала на карысць краіны і грамадства, станоўчыя вынікі якого мы адчуваем і сёння.

Безумоўна, на «судзе» грамадскай думкі «прасцей» дзеячам навукі і культуры, пісьменнікам, будаўнікам эканомікі. Вайскоўцам, палітыкам, дзейнасць якіх суправаджаецца разбурэннем і ахвярамі, цяжка мець імідж бездакорных. Але вайна як палітычны інструмент дасягнення мэтаў таксама мае месца быць, калі вычарпаны ўсе іншыя аргументы і магчымасці.

 «НН»: У савецкі час ідэалогія навязвала адных герояў, у перабудовачны-постсавецкі час з’явіліся іншыя — як нібыта рэакцыя на савецкі ідэалагічны прымус. Сённяшняя беларуская ідэалогія не ўзяла цалкам савецкі гераічны канон. На чым, па-вашаму, грунтуецца выбар?

НС: Сапраўды, перабудова адкрыла невядомыя старонкі ўласнай гісторыі, дала магчымасць «дастаць» схаваных як мага далей нацыянальных герояў, пачаць пераацэнку мінулага. Героі і антыгероі хутка мяняліся месцамі. Подзвігі савецкіх «небажыхароў» пабляклі і сталі прадметам ганьбы. Беларускія героі добра «спрацавалі» на іх «замяшчэнне» ў свядомасці грамадзян.

Інтэлектуалы слушна адзначаюць, што героі мяняюцца месцамі, звальваюцца з Алімпу і вяртаюцца назад як мінімум раз на сто год, у часы кардынальных сацыяльных зменаў. Цяпер працэс адкрыцця гісторыі і яе герояў запаволіўся, грамадства не спяшаецца з вынясеннем прысуду — герой ці антыгерой. Тым не менш бачна, што кананічныя савецкія героі састарэлі і спарахнелі.

Для гаспадароў Драздоў тая савецкая галерэя яшчэ працуе як ідэалагічны інструмент. Але, відавочна, што працуе неэфектыўна.

Са свярдловымі, войкавымі, ульянавымі-ленінымі прыдзецца развітацца. Сёння нават смешна абапірацца на гэтыя «аўтарытэты».

Было б смешна, калі б не было так сумна. Падлеткі-гімназісты з Маладзечна пішуць пра «духоўнае адраджэнне» нацыі пры Сталіну. Жах! Афіцыйная палітыка памяці з яе нявызначанасцю нацыянальна-дзяржаўных прыярытэтаў спараджае абыякавасць да сваей гісторыі, хісткасць нацыянальнай і грамадзянскай пазіцыі.

Улада, каб захавацца, выбрала выпрабаваны часам і добра ёй знаёмы інструмент.

Ідэалізацыя савецкай эпохі, яе сімвалаў — у аснове афіцыйнай ідэалогіі. Але, афіцыёз дазволіў прысутнасць гістарычных постацей, так бы мовіць, з сівой даўніны беларускай, фігур напаўміфічных. З аднаго боку, яны «аздабляюць» савецкую версію беларускай гістарыяграфіі, з другога — сучасныя палітыкі не баяцца згубіцца ў іх цяні.

«НН»: Беларусь, Украіна і Расія ў часы СССР мелі адных і тых самых навязаных зверху герояў. Сёння іх нацыянальныя пантэоны (асабліва што тычыцца ХХ стагоддзя) вельмі моцна розняцца. Чым гэта, па-вашаму, абумоўлена?

НС: Каласальныя палітычныя і геапалітычныя змены канца ХХ стагоддзя пацягнулі за сабою і змены ў гуманітарнай палітыцы, перабудову ідэалагічных асноў, пераасэнсаванне гістарычнага мінулага ў незалежных краінах. Пасля развалу Савецкага Саюза, у якасці інструмента ўмацавання постсавецкіх рэжымаў, былі выкарыстаны нацыянальныя гісторыі і героі, дзейнасць якіх у розныя гістарычныя часы адпавядала мэтам і задачам адраджэння нацыянальных незалежных дзяржаў. Юлія Цімашэнка неяк выказалася, што Нацыянальны пантэон — аснова гуманітарнай бяспекі краіны. Цалкам лагічна, што самастойная Украіна ў авангард ідэалагічнай барацьбы з савецкімі фальсіфікацыямі вярнула сваіх «скрадзеных» палітрукамі герояў — напрыклад, Сцяпана Бандэру.

Вынікі падобных апытанняў у Расіі прымусілі інтэлектуалаў піць валідол: лідзіраваў Сталін. Непераможны імперскі дух і прага цара. Беларусь не можа сябе знайсці, ніяк не стане «дарослаю» краінаю, не можа адчапіцца ад спадніцы матухны-Расіі. Таму і так, самі ведаеце, як ёсць!

 «НН»: Як быць з «чырвонымі» героямі — ці варты хтосьці з іх памяці беларускага народа? Калі так — то хто? І чаму?

НС: Трэба памятаць, што першая чвэрць ХХ стагоддзя — час амаль татальнага захаплення левай ідэалогіяй. Левая плынь у палітыцы была вельмі папулярнай. Пасляваенны сусвет прагнуў справядлівасці і роўнасці. Шмат хто трапіў у палон чырвонай рыторыкі.

На пачатку таго стагоддзя, таксама часу вялікай перабудовы, шмат хто з беларускіх палітыкаў марыў пра шчаслівую Беларусь, але шчасця сваей краіны прапаноўвалі дасягаць рознымі шляхамі. Адны адраджэнцы прапаноўвалі праект цалкам незалежнай краіны, другія спадзяваліся на адбудову беларускага дома пад дахам бальшавіцкай імперыі. Частка беларускіх палітыкаў не выключала дзяржаўныя саюзы з другімі суседзямі. Ці можна ўпікнуць іх за «незбыццё» планаў і шкодныя, як высветлілася пасля, для нацыі і краіны ілюзііі.

Ёсць падставы думаць, што і Алесь Чарвякоў, і Зміцер Жылуновіч, і Усевалад Ігнатоўскі, і шмат хто яшче з нацыянал-камуністаў, на каго сення вешаюць ярлыкі (гэта ў нас умеюць), былі шчырымі ў сваіх памкненнях і паводзінах.

За свой выбар на карысць бальшавізму яны заплацілі жыццём.

Удзячнай памяці, на мой погляд, заслугоўваюць тыя людзі, хто у рамках свайго часу і магчымасцей рупіўся пра краіну и народ.

Матывацыя паводзін і актыўнасці якіх палягала далека ад сытага ўладнага карыта. Гісторыя і яе героі патрабуюць увагі, пашаны, уніклівага аналізу і, галоўнае, ўсведамлення пазітыўных і негатыўных урокаў.

 «НН»: Чаму менавіта героі ХХ стагоддзя выклікаюць ідэалагічныя спрэчкі?

НС: Краіна па вушы захрасла ў ХХ стагоддзі, а калі дакладней, у познем брежневізме. Уся савецкая халява адтуль і героі савецкай міфалогіі таксама. Госці Беларусі адзначаюць, што час як бы спыніўся на нашай тэрыторыі. Суседзі крочылі далей у будучыню, а савецкія беларусы вярнуліся ў савецкае мінулае. Не выключаю, што для шмат каго з прадстаўнікоў старэйшага пакалення савецкі падман застаўся як сродак псіхатэрапіі. Магчыма так лягчэй успрымаць жорсткую рэчаіснасць з новымі нахабнымі буржуінамі.

Але ж вялікія групы грамадства яшче ў перабудову вызначыліся з выбарам нацыянальных каштоўнасцяў. Яны перажылі радасць адкрыцця багатай разнастайнай сваёй беларускай гісторыі з вялікім «наборам» выбітных персон менавіта з ХХ стагоддзя. Па сэрцу можна выбраць палітыка, палюбіць генерала, натхніцца самаадданасцю паўстанцаў, ганарыцца зоркамі культуры і мастацтва. Героі пацвярджалі нашу самастойнасць, адрознасць і адначасова падабенства да іншых народаў.

На жаль, грамадства і сёння не мае адзінства ў аценках сваёй гісторыі. І пры выбары герояў мінулага, якія б маглі быць арыенцірамі ў будучыню, людзі разбягаюцца ў розныя бакі — хто на захад, хто на ўсход.

Дыскрымінацыя нацыянальнай гісторыі на дзяржаўным узроўні, адсутнасць завершанага «кананічнага» Нацыянальнага Пантэона — падстава для ідэалагічнага і каштоўнаснага канфлікту ў грамадстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0