Пакуль уся ўвага прыцягнута да Майдану, у Венесуэле прайшлі выбары, на якіх мусілі быць абранымі галовы 335 муніцыпалітэтаў краіны. Па выніках падліку 98% галасоў вымалёўваецца наступная карціна.

У выбарах узялі ўдзел 59% венесуэльцаў, якія зрабілі наступны выбар: прыкладна 44% (4 584 477 галасоў) выказалі падтрымку кандыдатам ад Аб'яднанай сацыялістычнай партыі Венесуэлы (партыя чавістых); прыкладна 41% (4 252 082 галасы) — кандыдатам ад Аб'яднанага дэмакратычнага круглага стала (апазіцыя). Яшчэ 1,6% (167 049 галасоў) прагаласавалі за камуністаў, і 13% (1 376 056) – за іншых кандыдатаў.

Пакуль можна казаць, што чавістыя атрымліваюць 196 пасадаў мэраў, апазіцыя – 53, астатнія – 8. Невядомым застаецца вынік у 78 муніцыпалітэтах.

Такім чынам, у параўнанні з папярэднімі выбарамі 2008 года, апазіцыя павялічыла колькасьць «сваіх» мэраў (тады апазіцыянеры атрымалі 46 пасадаў). Але яна, пакуль, не здолела выканаць пастаўленую апазіцыйнымі лідарамі мэту: павялічыць гэтую лічбу ўдвая.

Пры гэтым чавістыя перамагаюць у сельскай мясцовасці, за апазіцыяй застаецца перавага ў буйных гарадах. У тым ліку, за апазіцыянерамі засталася перамога ў чатырох з пяці муніцыпіях Каракаса (як і ў самім Каракасе), а таксама ў такіх гарадах як Маракаіба (штат Сулія), Валенсія (штат Карабоба), Ірыбарэн (штат Лара), Сан Крыстабаль (штат Тачыра) і Барынас (штат Барынас). Гэта азначае, што апазіцыя дасягнула поспеху, які мае значны сімвалічны характар.

Мала таго, што апазіцыянеры перамаглі ў двух «пэрлінах» краіны: Каракасе — палітычнай сталіцы Венесуэлы, і Маракаіба — сталіцы нафтаздабычы. Яны яшчэ й адабралі ў чавістых Барынас — радзіму не каго іншага як самога Чавеса, горад, у якім чавесаўскі клан меў доўгую гісторыю перамогаў.

Такім чынам, выбары прадэманстравалі, што Мадура, які «на тоненькага» прайшоў паўгода таму на пасаду прэзідэнту, на фоне жудаснае інфляцыі, росту крыміналу, разгрому бізнесу і размоваў з нябожчыкамі, здолеў захаваць падтрымку з боку, прынамсі, траціны насельніцтва.

Як цытуе сайт news.yahoo.com дырэктара сацыялягічнага агенцтва Datanálisis Люіса Вісэнтэ Леона, «здарыўся вар'яцкі парадокс: адзіны, хто перамог у выніку крызісу, – гэта Мадура». Пры гэтым робяцца прагнозы, што цяпер у Мадуры з'явіліся добрыя шанцы дасядзець да канца свайго прэзідэнцкага тэрміну (2018 г.).

Аднача, як адзначаюць іншыя каментатары на форумах, быў бы дзіўным іншы варыянт пры ўмовах амаль татальнага кантролю дзяржавы над СМІ. Некаторыя кажуць пра ўплыў на вынікі галасавання прысутнасці вайскоўцаў, быццам бы «для падтрымання парадку».

Што характэрна, ніхто не ганьбіць апазіцыю і яе лідараў. Затое гучыць занепакоенасць, што Мадура можа забараніць апазіцыйныя партыі.

Гэтае меркаваньне, сапраўды, падаецца слушным. Бо, нягледзячы на пэўную перамогу, чавістыя не вырашылі асноўных праблемаў, у тым ліку, праблемы рэсурсаў.

Разгром прыватнага бізнэсу (а як яшчэ можна пазначыць «эканамічную вайну», пра якую кажа апошнім часам Мадура?) яшчэ больш павялічвае цяжар сацыяльнай адказнасці дзяржавы.

А для выканання сацыяльных абавязкаў патрэбны рэсурс. На фоне падзення коштаў на нафту падобнага рэсурсу на гарызонце не бачыцца.

«Газпром», канечне, выдзеліў крыху больш за тыдзень таму крэдыт у 1 мільлярд даляраў венесуэльскае нафтаздабываючае кампаніі Petroleos de Venezuela SA (PdVSA ), а ў гэтым месяцы, кажуць, выдзеліць яшчэ 1,2 млрд, што дазволіць PdVSA разплаціцца з даўгамі і, маўляў, удвая павялічыць аб'ёмы нафтаздабычы.

Але гэта, відавочна, часовая мера: праблемаў сістэмы менеджменту, якая давяла дзяржаўную нафтаздабываючую кампанію ў даўгавую яму, яна не вырашыць. Плюс, ізноў жа, падзенне коштаў на нафту, якое будзе толькі падхлествацца павялічэннем здобычы і ростам канкурэнцыі на сусветных ранках (памятаем пра сланцавы газ, ЗПГ, зняццё санкцый з Ірана і г.д.). Так што, застаецца пытаннем, наколькі хопіць у «Газпрома» сродкаў цягнуць яшчэ аднаго «брата».

Таму для Мадура натуральным падаецца выкарыстанне рэпрэсіўных метадаў для падаўлення незадаволенасці, у тым ліку, і забарона ці абмежаванне дзейнасці апазіцыйных партыяў.

Як адзначыў лідар апазіцыі Капрылес Радонскі, нацыя ёсьць расколатай, і ёй неабходны дыялог, каб яго пераадолець. Але, дадам, урад пакуль не выглядае надта гатовым да размовы.

Сапраўды, выбары 8 снежня паказалі, што падзел венесуэльцаў на два прыкладна роўныя лагеры захаваўся.

Калі ўрад абярэ канфрантацыйную мадэль, гэтае процістаянне можа набыць гарачыя формы. Прычым, ініцыятарамі могуць выступіць як раз прапаненты ўлады. Такія выпадкі ўжо здараліся за часам элекцыйнай кампаніі: адна невялічкая леварадыкальная групоўка абвясціла, што 20 лістапада здзейсьніла тры выбухі ля штаб-кватэраў апазіцыйных сілаў. (Што цікава, адной з падставаў для гэтых акцыяў было тое, што адзін з апазіцыйных лідараў загадаў знесці помнік Фідэлю Кастра, ды яшчэ і «цынічна паскокаў» на павержаным куміры левакоў).

Таму для апазіцыі, як і для Венесуэлы ў цэлым, бліжэйшая будучыня выглядае даволі сумна.

Як напісаў адзін з удзельнікаў абмеркавання працытаванага вышэй артыкула з YAHOO!news: «Гэта яшчэ не час апазіцыі. Трагедыя мусіць быць адыгранай да канца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?