Вярхоўны прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі Еўрапейскага Саюза Кэтрын Эштан правяла 3,5 гадзіны на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам.
Пра што размаўлялі чыноўнікі, прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы не паведаміла. Аднак прадстаўніца Эштан Мая Качынчыч у сваім twitter напісала, што на сустрэчы былі абмеркаваныя «ўсе неабходныя пытанні».
«1/3 змястоўнай сустрэчы з прэзідэнтам Януковічам. Абмеркавалі ўсе неабходныя пытанні. Зараз сустракаецца з апазіцыяй», — паведаміла Качыянчыч.
Пасля сустрэчы з Януковічам Эштан адправілася на Майдан Незалежнасці.
«Гэта сапраўдны прывілей быць ва Украіне. Скажу больш пасля таго, як сустрэнуся з усімі», — заявіла яна са сцэны.
Эштан паведаміла мітынгоўцам, што абмеркавала з прэзідэнтам Украіны шляхі выхаду з крызісу, аднак больш дэталяў размовы не адкрыла.
Згодна з планамі, Эштан яшчэ павінна сустрэцца з лідарамі апазіцыі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Пасля таго, яна будзе гатовая пагутарыць з журналістамі.