Штотыдзень карэктарка «Нашай Нівы» запісвае тыповыя памылкі, якія яна выпраўляла ў артыкулах рэпарцёраў і пазаштатных аўтараў. Штосерады гэтую падборку яна рассылае супрацоўнікам.

Такім чынам мы стараемся ўзняць культуру мовы.

Праблема ў тым, што са школы і ўнівера людзі выходзяць з нетрывалымі ведамі беларускай. Да таго ж дамінацыя расейскай мовы ў гарадскім асяроддзі, на радыё і ТВ блытае людзей. Даводзіцца ўвесь час нагадваць правілы.

Мы падумалі, што гэтыя памылкі могуць быць цікавыя і чытачам, якія вучаць мову ці любяць мову. Гэта ж тыповыя выпадкі.

Сёння тут сабраныя памылкі за апошні тыдзень.

Форма тлумачэння — мінімалістычная.

• Прадукты, рэчывы, матэрыялы ў родным склоне мужчынскага роду маюць канчатак -у (шакаладу, цукру, вінаграду), але тут ёсць выключэнні: правільна казаць хлеба, аўса.

• Часткі цела ў родным склоне мужчынскага роду ўжываюцца з канчаткам -а (носа, рота, жывата), але ў слове твар маем канчатак -у (твару).

• Таксама з канчаткам -у у родным склоне ўжываюцца назоўнікі мужчынскага роду, якія абазначаюць разнастайныя з’явы прыроды і стыхійныя бедствы, таму правільна казаць урагану, агню, світанку.

• Піка, апагея (канчаткі роднага склону).

• Аб палітвязню (канчатак меснага склона асабовых назоўнікаў мужчынскага роду з асновай на мяккі зычны, а не аб палітвязні)

• Лічэбнік дзесяць у творным склоне (чым?) мае форму дзесяццю.

• Складаныя словы, першая частка якіх — лічэбнік, утвараюцца так: форма Р. скл. лічэбніка + другая аснова (сто – ста = стагадовы, тры – трох = трохразовы).

• Блокпост (у адно слова і дзве о).

• Вялізных, але велізарных; уцякач, але уцекачом (яканне – толькі ў першым складзе перад націскам).

• Паважны (старэчы) узрост, а не паважаны.

• Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (геаграфічная назва), але паўднёваафрыканскі клімат (клімат у Паўднёвай Афрыцы).

• Вадасховішча (у 2-й частцы націск на 1-ы склад) – воданапорная (у 2-й частцы націск на 2-і склад) вежа, таму пішам і абараназдольнасць.

 

Глядзі таксама Тыповыя памылкі з «Нашай Нівы» за лістапад

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?