Вітаю!

Магчыма, Вам будзе цікава прачытаць мой аповед.

Ужо суткі, як я вярнуўся з Майдану. Эмоцыі крыху суцішыліся, і цяпер я паспрабаваў у форме адказаў на пытанні падагульніць і прааналізаваць тое, што адбываецца ў Кіеве і што я там адчуў.

У чым сіла Майдану? Чаму ён трывае і будзе трываць далей?

Галоўная сіла Майдану ў неабыякавых ды шчырых людзях, у народнай салідарнасці, якая пануе зараз сярод украінцаў. Многія ўкраінцы адклалі ўсе свае справы і выдаткоўваюць значныя (для многіх апошнія) сродкі на падтрымку дэманстрантаў.

Што найбольш уразіла на Майдане?

Маштаб вышэйузгаданай падтрымкі. Людзі стаяць у вялікіх чэргах, каб аддаць неабходныя рэчы, грошы, ежу. Ёсць вельмі шмат валанцёраў, якія актыўна працуюць на марозе.

Наступным глыбокім уражаннем быў узроставы склад людзей, якія прыйшлі на Майдан. Асноўная частка кіеўскага Еўрамайдану – гэта моцныя рашучыя мужчыны 30-50 гадоў, якія прыйшлі ад імя сваёй сям’і. Даволі шмат звычайных працоўных з заводаў, былых міліцыянтаў, афганцаў, будаўнікоў — людзей, якія зарабляюць фізічнай працай, не вельмі адукаваных, але шчырых патрыётаў і добрых душой.

Менавіта гэты факт вельмі моцна адрознівае кіеўскі Еўрамайдан ад львоўскага студэнцкага Еўрамайдану ды ад беларускіх акцый, на якія выходзіць пераважна моладзь, інтэлігенцыя ды старыя.

Апошнім глыбокім уражаннем была актыўная падтрымка Еўрамайдану з боку духавенства. Іерархі праваслаўных, грэка-каталіцкай ды пратэстанцкіх цэркваў не толькі ажыццяўлялі ўсялякую падтрымку ў храмах (начлег, харчаванне), але былі і ў авангардзе пратэставага руху, першыя ішлі насустрач беркутаўскім ачапленням, прамаўлялі малітвы ды патрыятычныя казанні ўпрост на мітынгах.

Якія арганізацыйныя моманты Еўрамайдану можна было б пераняць у Беларусі?

Кіеўскі Еўрамайдан, на маю думку, добра зарганізаваны менавіта таму, што існуе значная цэнтралізацыя ў працэсе прыняцця ключавых рашэнняў (існуе адзіны Штаб нацыянальнага супраціву), а таксама вельмі добрая каардынацыя дзеянняў паміж апазіцыйнымі палітыкамі і партыямі.

Так, напрыклад, кожная партыя адказвае за сваю барыкаду, аднак у час патрэбы хутка прыходзіць на падтрымку іншай. Апазіцыйныя лідары накіроўваюцца туды, дзе іх ключавыя кампетэнцыі будуць найбольш запатрабаванымі: для дыпламатычных сустрэчаў — перадусім Яцанюк, там дзе патрэбная моцная рука і ёсць вялікая верагоднасць правакацый «цітушак» і «Беркута» – Клічко, палымяная прамова, падняцце духу пратэстоўцаў у найбольш крызісны момант – Цягнібок.

У сувязі з тым, што арганізацыйны досвед украінцы атрымалі яшчэ падчас Памаранчавай рэвалюцыі, увага надаецца важнай дробязі: непадалёк ад барыкадаў стаяць біятуалеты, журналісты і найбольш адважныя пратэстоўцы ходзяць у касках (як жа яны былі б дарэчы на нашай Плошчы-2010!), найбольш ахоўваюцца ўваходы на Майдан (там не прапускаюць п’яных правакатараў), падыход да сцэны ды прэс-цэнтра (па тры кардоны з найбольш моцных ахоўнікаў).

Бачна было таксама, што за апошні час ва Украіне сфармавалася моцная грамадзянская супольнасць — значная колькасць людзей, якія дакладна ведаюць свае правы, адчуваюць сябе адказнымі за лёс Радзімы і вымагаюць такога ж ад улады.

Які беларускі досвед спатрэбіўся б на Майдане?

Беларусы, у адрозненне ад украінцаў, маюць большы досвед жыцця пад уладай дыктатара ў міліцэйскай дзяржаве, таму могуць даць некалькі сяброўскіх парадаў украінцам.

Януковіч грае на даверы ўкраінцаў і кажа, што можа адпусціць палітвязняў, – гэтаму не варта верыць. Дыктатар не толькі не дасць слабіну, але і не адступіцца так проста ад сваёй

улады. Крывавыя разгоны людзей на барыкадах у апошнія дні толькі пацвярджаюць той факт, што разгон студэнтаў 30 лістапада не выпадковасць і правакацыя супраць улады, а спланаваная пацыфікацыя, санкцыю на якую даў асабіста Януковіч. Не трэба спадзявацца на пераход улады ў выніку чарговых парламенцкіх ці прэзідэнцкіх выбараў – без змены заканадаўства іх лёгка сфальсіфікуюць

Якія адносіны на Майдане паміж палітыкамі ды грамадствам?

Як трапна сказаў вядомы ўкраінскі пісьменнік Юры Андруховіч, народ разглядае палітыкаў на Майдане выключна як інструменты ў працэсе еўраінтэграцыі і дэмакратызацыі Украіны. Апроч нешматлікіх гарачых прыхільнікаў ды сяброў партый, апазіцыйных лідараў пратэстоўцы ўспрымаюць крытычна, як меншае зло ў параўнанні з дзейснай уладай.

У чым галоўная асаблівасць палітычных прамоваў Еўрамаўдану?

Украінскі еўрааптымізм не можа не здзіўляць. Асабліва дадзеную тэндэнцыю бачна ў кантрасце да вугорскіх, брытанскіх ды турэцкіх агульных еўраскептычных настрояў. На Майдане можна было назіраць агульную блытаніну ў паняццях «уступ у ЕС» ды «падпісанне дамовы аб асацыяцыі»/»падпісанне дамовы аб вольным гандлі з ЕС».

Большасць пратэстоўцаў выступаюць менавіта за ўступленне Украіны ў Еўрасаюз.

З іншага боку, бачна празмернае, на маю думку, ачарненне Мытнага саюза («Таёжны саюз», як кажуць на Майдане). Усё ж далучэнне да Мытнага саюза вельмі далёкае ад страты суверэнітэту ды некаторую карысць ў кароткай перспектыве для гаспадаркі Украіны яно магло б прынесці.

Чым адрозніваецца Майдан-2004 ад Майдану-2013?

Галоўным адрозненнем, як узгадвалася раней, ёсць адсутнасць палітычных куміраў. Людзі ў пераважнай большасці стаяць не за

Яцанюка / Цягнібока / Клічка / Луцэнку, а супраць злачыннай улады. Суразмоўцы казалі таксама пра тое, што ў 2004-м удзельнікі дэманстрацый былі нашмат больш упэўненыя ў перамозе, чым цяпер. Як казаў Луцэнка, тады Кучма не хацеў рызыкаваць асабістым дабрабытам за Януковіча. Цяпер улада трымаецца нашмат мацней.

Як украінцы рэагуюць на беларусаў і бел-чырвона-белы сцяг?

На Майдане сустрэўся з паўсюднай цікавасцю да бел-чырвона-белага сцяга. Каля 50 разоў каротка тлумачыў яго гісторыю, а таксама тое, чаму ён адрозніваецца ад афіцыйнага сцяга РБ. Даведаўшыся, што сцяг забаронены ў Беларусі, шмат разоў суразмоўцы-ўкраінцы прасілі падараваць ім «прапор» (сцяг па-ўкраінску), было таксама некалькі прапановаў набыць яго.

Часам нас, беларусаў, блыталі з палякамі, часам — з грузінамі, аднойчы нават з латышамі, аднак найбольш пытанняў да нас было ў дзень выступу Ляпісаў: трэба было шмат разоў зазначаць, што мы прыехалі на Майдан не дзеля канцэрта і нічога не ведаем пра іх выступ.

Агулам, людзі, даведаўшыся, што мы беларусы, шчыра дзякавалі нам за падтрымку, фатаграфаваліся з намі, вельмі цікавіліся палітычнай сітуацыяй у Беларусі, нашай гісторыяй, культурай і асабліва мовай.

Суразмоўцы дзівіліся, наколькі яна падобная да ўкраінскай. Кожныя 5 хвілін ад мінакоў мы чулі кліч «Жыве Беларусь!», за якім бачылі ветлую ўсмешку ўкраінцаў ды пачуццё ўпэўненасці ў тым, што перамога дакладна за намі!

 

З павагай,

Аляксей Буранок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0