Альбом беларускага шансона выйшаў. Супольная праца Вайцюшкевіча, Генадзя Бураўкіна і (на адну песню) Уладзіміра Някляева — зборнік часам турэмных, часам гумарыстычных, а часам проста кранальных песняў.

«Гэта песні пра чалавека за сорак, які разумее, што няправільна пражыў жыццё, — кажа Вайцюшкевіч. — Калі ў інтэрнэце з’явіліся першыя песні з «Варанка», мне патэлефанавалі кабацкія музыкі з Магілёва, якія пыталіся, ці можна ім спяваць гэтыя песні».

Аднак шансон ад Вайцюшкевіча і Бураўкіна надта інтэлігентны.

Гэта музыка, якая можа гучаць і ў магілёўскім кабаку, і ў ДК на класічным канцэрце Вайцюшкевіча. Моцныя моманты — «Дачакайся, матуля», гумарыстычная «Рызыканты» і яшчэ некалькі песняў маглі б трапіць у ратацыю на «Радыё Шансон».

Але купляючы «Варанок», не разлічвайце пачуць на ім беларускі аналаг «Муркі» ці «Раз у Растове-на-Доне», гэтага там не будзе. Сярод моцных момантаў альбома – удзел духавой секцыі Apple Tea і найлепшага джазавага піяніста краіны Аляксея Гарачага, які пераўтварыў песню «Бадзягі» ледзь не ў новаарлеанскі пахавальны марш.

Жывая прэзентацыя «Варанка» адбудзецца 12 снежня на «Арт-Сядзібе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?