У высокіх берлінскіх сферах ішла барацьба паміж двума райхсляйтарамі Нацыянал­-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі і двума ведамствамі: Міністэрствам акупаваных усходніх абшараў на чале з Альфрэдам Розэнбергам і Галоўным імперскім упраўленнем бяспекі, шэфам якога быў райхсфюрар СС Гайнрых Гімлер (у жніўні 1943-га стаў імперскім міністрам унутраных спраў).

Паміж райхсляйтарамі і ведамствамі існавалі супярэчнасці і ў падыходзе да беларускага пытання. Можна лічыць даказаным фактам, што ўчыненае 22 верасня 1943 забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, які прадстаўляў ведамства Розэнберга, было здзейснена з дазволу людзей Гімлера, у прыватнасці менскай СД, якая «вяла» бальшавісцкіх агентаў, трымала іх «пад каўпаком» і дазволіла ім потым сысці ў лес.

Як прыбраць з дарогі Іваноўскага?

Зусім лагічна было б дапусціць, што пасля смерці Кубэ прызначаны на яго месца брыгадэнфюрар СС і генерал­маёр паліцыі Курт фон Готберг прыбярэ з дарогі і «чалавека Кубэ», бурмістра горада Мінска, старшыню Камітэта Даверу пры генеральным камісары, доктара Вацлава Іваноўскага.

Бо ў Готберга меўся свой план (стварэнне Беларускай Цэнтральнай Рады замест Камітэта Даверу) і меўся свой чалавек, які, на яго думку, адзін мог узначаліць новы орган. Такім чалавекам быў Радаслаў Астроўскі.

Але паставіць Астроўскага на чале БЦР пры жывым айцу Беларускага Адраджэння было б калі не нонсэнсам, дык хамствам. Гэта добра разумелі і прыхільнікі Астроўскага ў беларускім асяроддзі.

Пытанне было ў тым, якім чынам прыбраць прафесара Іваноўскага з дарогі. Можна было папросту адправіць яго ў адстаўку і выслаць з генеральнай акругі, але ён быў даволі ўмелы адміністратар.

(Некалі нехта яшчэ даследуе стан менскай гарадской гаспадаркі ў 1942-1944 і пераканаецца, што вялася яна някепска.) Іваноўскага спрабавалі запалохаць і змусіць да ўцёкаў з Менску, але ён не збаяўся пагрозаў.

Акрамя таго, вакол жывога Іваноўскага, які меў аўтарытэт сярод значнай часткі беларускага актыву, у Вільні, Варшаве ці Берліне мог стварыцца паралельны — няхай сабе і нефармальны — цэнтр. Заставалася адно — забіць Іваноўскага. І 22 лістапада 1943 фон Готберг упэўнена прадказаў, што беларуса Іваноўскага заб'юць беларусы.

У пэўнай меры паўтаралася гісторыя забойства Вільгельма Кубэ. Былы паліцай Аляксандр Камінскі, які перакінуўся на бок партызанаў, і яго супольнік Яўген Кунцэвіч апынуліся «пад каўпаком» менскай СД, якая дазволіла ім смяротна параніць бурмістра (гэта адбылося на пачатку Ракаўскай вуліцы — непадалёк ад сабора Святых Пятра і Паўла) і ўцячы з горада.

Абставіны забойства доктара Іваноўскага патрабуюць глыбейшага вывучэння. Чаму, напрыклад, імёны яго забойцаў не былі вядомыя аж да 1960-х?

Чаму іх не ўславілі, як Марыю Осіпаву і Алену Мазанік? Мусіць, таму, што яны не выканалі заданне напоўніцу. Камінскаму і Кунцэвічу належала ўзяць бурмістра жывога.

Ведама, не для таго, каб учыніць «суд у лесе», а, мяркую, каб даставіць яго ў Маскву, на Лубянку. Да таго ж Камінскі, выбраўшыся пры спрыянні акупантаў з Менску, прывёў з сабою да партызанаў «хвост» — сваю сяброўку Алу Навумаву, завербаваную немцамі.

Чакаюць свайго часу і тэксты, пісаныя, мякка сказаўшы, апанентамі Вацлава Іваноўскага. Гэта даносы, аўтарамі якіх былі (назавем іх так) праваслаўныя актывісты, якія лічылі, што беларус — гэта абавязкова праваслаўны.

На рахунку актывістаў, як казалі мне дасведчаныя людзі, смерць і ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, і ўніяцкага экзарха Антона Неманцэвіча… Каталіку Язэпу Найдзюку і ў сне не магло прысніцца, што яго кніга «Беларусь учора і сяння» ў 1993 будзе перавыдадзеная пад адной вокладкай з кнігай аднаго з такіх актывістаў.

Брат палякаў і літоўца

Вацлаў Іваноўскі не быў ні каталіком, ні праваслаўным. Ён быў беларусам. Як беларус, ён ведаў, што ні абмаскоўленае праваслаўе, ні цалкам апалячанае каталіцтва не з'яднаюць беларускі люд у нацыю.

Беларусам жа ён стаў з выбару, з юных гадоў. А мог стаць, як ягоныя браты Юры ды Станіслаў, палякам. А то і літоўцам, як ягоны брат Тадэвуш.

Не стаў. У 5-й варшаўскай гімназіі, дзе вучыліся будучыя дзяржаўныя мужы міжваеннай Польшчы, усе ведалі, што Вацак, шляхціч з дзядоў-прадзедаў, сын цывільнага генерала, — беларус.

Дорага я заплаціў бы, калі б хто мне сказаў, якія кнігі прывялі хлапчука-гімназіста да Беларусі. Ведаю толькі, што з першакурснікамі Пецярбургскага ўніверсітэта Іванам і Антонам Луцкевічам ён, ужо студэнт чацвёртага курса Тэхналагічнага інстытута, сышоўся, дзякуючы імёнам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча: чыталі, ведаюць! Але ж былі, пэўна, і іншыя кнігі. Не толькі паэтаў, але і гісторыкаў, этнографаў і фалькларыстаў, географаў і лінгвістаў.

Вацюк Іваноўскі і панна Алёйзія

Тут я мушу ўчыніць нешта неардынарнае. Антон Луцкевіч, апавядаючы пра менскі беларускі гімназічны гурток самага пачатку ХХ ст., пісаў, што з яго «выйшаў цэлы рад актыўных работнікаў на беларускай адраджэнскай ніве».

Аднак, колькі я ні спрабаваў узнавіць склад таго гуртка, вымалёўваецца, што ў беларускім руху адзначыўся, акрамя братоў Луцкевічаў, адзін толькі Эдвард Будзька.

Цікавей у той самы час выглядалі віленчукі, асабліва выхадцы з Лідскага павета («бясспрэчна польскага», як сцвярджалі польскія нацыяналісты) і самой Вільні («чыста польскага горада»).

Калі ў 1902 г. браты Луцкевічы прыехалі ў Пецярбург, там ужо існаваў беларускі гурток. Назавем некаторых яго ўдзельнікаў. Гэта студэнты­тэхнолагі Вацлаў Іваноўскі і Францішак Умястоўскі.

Да іх далучыўся студэнт з Менску Антон Люцыян Неканда-Трэпка. Была ў гэтай кампаніі юнакоў і дзяўчына з Лідскага павета — Алёйзія Пашкевічанка. Узначальваў гурток Вацлаў Іваноўскі.

Цікава было б ведаць, калі і пры якіх абставінах Вацюк Іваноўскі навярнуў панну Алёйзію ў «беларускую веру», затое дакладна вядома, што сама Пашкевічанка ўлетку 1901 на маёўцы ў паноў Грабіцкіх (лідскія краязнаўцы, дзе быў той маёнтак?) ужо сама апрацоўвала ў беларускім духу шчучынскага шляхцюка і сына польскай (нелегальнай) настаўніцы, будучага друкара Беларускай Сацыялістычнай Грамады і старшыню Таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусі Фелікса Стацкевіча.

Прыехаўшы ўвосень 1902 у Піцер, ён дазнаўся, што сярод студэнтаў ёсць група беларусаў. «Са здзіўленнем, — згадваў Стацкевіч, — я ўбачыў сярод іх [беларусаў] сына аднаго ўласніка недалёкага ад Шчучына маёнтка — паляка Іваноўскага.

Яны тлумачылі, што польская шляхта на Беларусі — гэта спольшчаныя беларусы. Я лёгка згадзіўся з імі і з таго часу стаў беларусам». Мусіць, праз Францішка Умястоўскага (Дзядзьку Пранука), да беларускага кола быў далучаны віленскі гімназіст Алесь Бурбіс.

А ў Прануковай сям'і да гэтага кола належалі і бацька, і брат, і сястра. (У 1910, чытаем у «Нашай Ніве», Віленская судовая палата асудзіла бацьку і двух сыноў­студэнтаў Умястоўскіх на вечнае пасяленне ў Сібір «за належнасць да Беларускай Сацыялістычнай Грамады».)

1902 год можна лічыць годам пачатку арганізаванага беларускага руху ХХ стагоддзя. Менавіта ў тым годзе ў Іваноўскага нара­джаецца думка заснаваць Беларускую Рэвалюцыйную Партыю.

І тады ж публікуецца (на польскай мове!) першы праграмны дакумент гэтай партыі — адозва «Да інтэлігенцыі». Але гэта была хутчэй праграма культурна­асветніцкай, а не палітычнай арганізацыі.

Таму не дзіва, што ў канцы таго ж года замест партыі афармляецца «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» — нелегальная арганізацыя, якую ўзначаліў Вацлаў Іваноўскі. А 1903 стаў годам пачатку беларускай кнігавыдавецкай справы: самі беларусы пачалі выдаваць кнігі для беларусаў на беларускай мове.

 

Пачынальнікі кнігавыдання: імёны

Дзякуючы «раскопкам» Юрыя Туронка, мы цяпер дакладна ведаем тых, хто пачынаў нашу кнігавыдавецкую справу: Вацлаў Іваноўскі, Сцяпан (Стэфан) Багушэўскі і Мар'ян Фальскі.

З Багушэўскім, тады студэнтам Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, Іваноўскі пазнаёміўся праз лідскага доктара Амброжага (калі ва ўсходняй традыцыі, дык Амвросія) Кастравіцкага (забягаючы наперад: доктар Кастравіцкі будзе адным са старшыняў з'езду беларускіх арганізацый 25-26 сакавіка 1917).

На вакацыях студэнт прыязджаў у Ліду пагасцяваць у сваёй сястры, якая была жонкаю лекара. Сам жа Сцяпан Багушэўскі ў свой час вучыўся ў Менскай гімназіі разам з Мар'янам Фальскім, які на пачатку ХХ ст. быў студэнтам Варшаўскага політэхнічнага інстытута. Фальскі (Янка Сваяк) пераклаў на беларускую «Янку Музыканта» Генрыка Сянкевіча, «Да свайго Бога» Стэфана Жаромскага і «Ведзьму» невядомага польскага аўтара, а Багушэўскі ў 1904 наладзіў іх друкаванне ў Кракаве.

Там жа выйшаў і зборнік «Песні», змест якога склалі вершы Францішка Багушэвіча, Каруся Каганца і Цёткі. Тамсама выйшла і пракламацыя «Царская гаспадарка», апрацаваная Фальскім.

Але яшчэ раней (у 1903-м) на тэрыторыі Расійскай імперыі легальна і нелегальна выйшлі зборнічак Янкі Лучыны «Вязанка», а таксама «Калядная пісанка» з творамі Янкі Лучыны, Каруся Каганца, Цёткі, Дзядзькі Пранука і невядомага нам І. Стаўбуна. А ў 1904­м свет убачылі «Велікодная пісанка» і «Казкі».

Не будзем тут пісаць пра тое, што Іваноўскі разам з Цёткаю, Антонам і Вінцэнтам Валэйкамі, Лявонам Малецкім і Рамуальдам Мілерам на пачатку 1903-га ўчынілі спробу выдаць першую беларускую газету ХХ ст. — «Свабоду», і нават надрукавалі ў маёнтку Іваноўскіх адразу ж знішчаны яе наклад.

Не будзем казаць пра паліграфічныя і мастацкія якасці першых беларускіх кніжак, выдадзеных беларусамі на беларускія сродкі. Адзначым, што супрацоўнікі Іваноўскага — Валэйкі, Малецкі і Мілер, Багушэўскі і Фальскі — адыдуць ад беларускае справы, а ён, Іваноўскі, прадоўжыць пачатае ў 1903-м.

Лемантар і чытанка

Зноў жа, пытанне: праз каго Вацлаў Іваноўскі пазнаёміўся з Карусём Каганцом? Праз ягонага брата, доктара Кастравіцкага, ці праз братоў Луцкевічаў? Як бы там ні было, але ўзяўшыся ў 1904 за складанне «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання», Іваноўскі папросіць Каганца зрабіць кірылічны варыянт гэтай кніжкі. А там, дзе ёсць буквар, патрабуецца наступная пасля яго кніга — чытанка. За яе складанне (ведама ж, з ініцыятывы Іваноўскага) узялася Цётка. І яны, гэтыя (можна сказаць, базавыя) кніжкі, выйшлі ў свет у 1906.

Выдала беларускі лемантар і «Першае чытанне для дзетак беларусаў» першае легальнае беларускае выдавецтва ХХ ст. — суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца», паўсталая з ініцыятывы ўсё таго ж Вацлава Іваноўскага і ўзначаленая ім.

І Сцяпан Александровіч, і Рыгор Семашкевіч, і іншыя аўтары, пішучы ў другой палавіне ХХ ст. пра пачаткі беларускай кнігавыдавецкай справы, мусілі замоўчваць імя Іваноўскага. Зрэшты, не з іх гэта пачалося. Міф пра тое, што на чале беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» стаяў Браніслаў Эпімах­Шыпіла, пачалі ствараць яшчэ ў 1918 — у бээнэраўскім друку. Справа гэтая будзе прадоўжана ў друку БССР і Заходняй Беларусі. Не ўдаючыся ў матывы аўтараў, якія замоўчвалі заслугі Іваноўскага перад Беларуссю, адзначу, што мне яшчэ не сустракаліся ў беларускім друку 1920-1930-х пярэчанні самога Іваноўскага супраць такое несправядлівасці. Мабыць, ён, дабрадзей і выдавец Янкі Купалы, па-купалаўску разважыў: «Прыйдзе новы — а мудры — гісторык…».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?