За 70 % акцыяў аўстрыйцы заплацілі 1,05 млрд эўра. Упершыню ва ўласнасьці эўрапейскай кампаніі аказваецца такое вялікае беларускае прадпрыемства. Папярэдні ўласьнік, сырыйскі бізнэсовец Ід Самаві сам адкупіў МЛС у беларускага ўраду ледзьве месяц таму, невядома за колькі.

Аўстрыйская газэта Die Presse паведамляе пра ўгоду як пра зьдзейсьнены факт. Telekom Austria (TA) набыла 70 % другога па памеры беларускага апэратара мабільнай сувязі за 1,05 млрд эўра. Умова была падпісаная ў сераду ранкам пасьля працяглых начных перамоваў.

Раней “Вэлкамам” валодаў уласьнік кіпрскай кампаніі SB Telecom сырыйскі бізнэсовец Ід Самаві (Ead Samawi).

«Купля МЛС — частка нашай стратэгіі, скіраванай на рост ва Ўсходняй Эўропе, і дазваляе нам увайсьці на прыцягальны тэлекамунікацыйны рынак Беларусі», — так пракамэнтаваў факт куплі генэральны дырэктар Telekom Austria Group Барыс Немзіч (Boris Nemsic).

Таксама кампанія аформіла апцыён на куплю ў чацьвёртым квартале 2010 году рэшткавыя 30 % за 320 млн эўра.

Ід Самаві застанецца кіраўніком SB Telecom Limited, усе мэнэджэры SB Telecom і MЛC (VELCOM) будуць прызначаныя Telekom Austria Group, якая будзе мець поўны кантроль над апэрацыями VELCOM. Telekom Austria Group набывае VELCOM цераз сваю даччыную кампанію Mobilkom Austria.

Як паведамляецца, гендырэктар Telekom Austria (TA) таксама прысьпешыў атрыманьне "зялёнага сьвятла" для ўгоды ад назіральнае рады кампаніі. Вядома, што кантрольны орган зладзіў паседжаньне "на хуткую руку" і ўхваліў буйны кантракт яшчэ 27 верасьня, не агалошваючы рашэньня.

Гэтыя пасьпешлівасьць і сакрэтнасьць выклікаюць новыя падазрэньні. Па-першае, продаж МЛС кіпрскай кампаніі SB Telecom адбываўся ў поўнай сакрэтнасьці. Дагэтуль невядома, колькі яна заплаціла Беларусі. Можна пэўна казаць, што ніякага адкрытага тэндэру не было. Як ня раз публічна з гонарам заяўлялася, прыватызацыя ў Беларусі адбываецца на сёньня па рашэньні аднаго чалавека.

А тут Ід Самаві адразу... перапрадаў кампанію. Далібог не сабе ў страту.

Ніякіх камэнтароў не даюць у гэтай справе ў беларускай прэзыдэнтуры, Міністэрстве сувязі і ў самой кампаніі.

Маўчаньне беларускіх дзяржаўных органаў дазваляе выказаць меркаваньне, што беларуская дзяржава, магчыма, страціла на прыватызацыі “Вэлкаму” сотні мільёнаў эўра.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?