Цёплы і эмацыйны вечар Лявона Вольскага прайшоў 12 снежня ў менскім кафэ Loft. З песнямі розных часоў, розных настрояў, пад віртуознае суправаджэнне саксафона і флейты Паўла Аракеляна. Спявалі ўсёй залай, падхоплівалі словы з першых акордаў.

Хоць адну песню, «асабістую», як прадставіў яе аўтар, слухалі моўчкі, каб выбухнуць напрыканцы. Бо новая. «Чужы» —

напісаная ў вандроўках і замежных гастролях, якіх у Лявона Вольскага апошнім часам было асабліва шмат, бо кожны канцэрт у Беларусі фігуранта «спісу забароненых» успрымаецца як асцярожны цуд.

Лявон, аднак, не паводзіў сябе асцярожна. Як і на гучным летнім выступе «Крамбамбулі» пад Мінскам, Вольскі з усмешкай паказваў, што не прымае межы гульні, на якія намякаюць чыноўнікі з аддзелаў ідэалогіі, а займаецца свабоднай творчасцю ў межах толькі свайго настрою. Такім чынам

дзёрзкая кампазіцыя «Мусарок» з праекту Саўка ды Грышка ўспрымалася не як выклік сістэме, а як натуральны ўзмацняльнік смаку лірычных ды вясёлых, сур’ёзных і не вельмі кампазіцый з праграмы вечару.

Авацыі, жарты, і музыкі зноўку кідаюцца ў вандроўку па часе, выконваючы гімны не аднаго пакалення: «Паветраны шар», «Я нарадзіўся тут», «Менск-Мінск», «Дай мне знак» ды многія іншыя. Тут і джазавыя калядкі з нечаканай імправізацыяй у дуэце з Аленай Аракелян. Не адпускаюць разгарачаных музыкаў і праз дзве гадзіны канцэрту.

«Значыць, наступны раз будзем выступаць тры гадзіны!» — абяцае Лявон.

І задуменна дадае: «Праўда, пакуль не ведаем, дзе».

Болей фотаў тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?