Яшчэ на Палессі не забыўся зімовы збор журавін (цёплая і бясснежная зіма паспрыяла гэтаму), як палешукі пачалі здымаць новы ўраджай. І пачаўся сапраўдны журавінавы бум, бо за 1 кг ягады плацяць пяць тысяч рублёў. Людзі кінуліся на балота — кожны на сваё аблюбаванае месца. Прыступілі да збору журавін і на эксперыментальнай базе Цэнтральнага батанічнага саду "Журавінка" ў Ганцавічах.

Працэс збору ягады вядзецца па пояс у вадзе. І калі не падысці блізка, то можа падацца, што рыбакі цягнуць нерат.

Напачатку ўся плантацыя заліваецца вадой, затым ідзе-плыве камбайн, які цярэбіць ягаднік і журавіны ўсплываюць. Пасля гэтага мужчыны ў гумовых касцюмах цягнуць нерат з журавінамі да берага, дзе стаіць камбайн. На ачыстку ягады з вады паступаюць па транспарцёры. Калі б ягады збіралі рукамі, то работа расцягнулася б у разы.

Дырэктар ЭБ ЦБС "Журавінка" Таццяна Курловіч задаволеная. Ягады буйныя, як вішні, і ўраджай — па пятнаццаць тон з гектара.

Журавіны амерыканскай селекцыі ўдвая буйнейшыя за дзікія з балота, але па сваіх якасцях не ўступаюць ім, хоць і не такія кіслыя.

І ўзнікаюць сумненні наконт эканамічнага развіцця Палесся. Навошта саджаць культуры, якія з году ў год вымярзаюць, вымакаюць ці засыхаюць. Ніякі гектар бульбы ці збожжавых не дасць такога прыбытку, як журавіны, і затраты на вытворчасць ягад значна меншыя. Праўда, ягады і грыбы не змогуць пракарміць усё насельніцтва. Патрэбен новы погляд на эканамічную сітуацыю, сучасныя тэхналогіі і грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?