premier.gov.ru

premier.gov.ru

Дзмітрый Мядзведзеў лічыць магчымым увядзенне адзінай валюты для Беларусі і Расіі. Пра гэта ён заявіў 13 снежня ў Маскве пасля перамоў з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам у межах пасяджэння Савета міністраў саюзнай дзяржавы.

«Любы валютны саюз, пераход на адзіную валюту — гэта максімальна цесная ступень інтэграцыі, і рабіць гэта трэба толькі пасля праліку ўсіх наступстваў, напэўна, у самую апошнюю чаргу. Проста для таго, каб не стварыць праблем», — цытуе Мядзведзева РІА Новости.

Мясніковіч дадаў: «Абсалютна згодны з тымі падыходамі, якія выказаў Дзмітрый Анатольевіч».

Паводле слоў беларускага прэм'ера, ужо цяпер у межах двухбаковага гандлю актыўна вядуцца разлікі ў расійскіх рублях. Беларуская валютная біржа таксама вядзе разлікі ў расійскіх рублях. «Гэта ўжо крок ці некалькі крокаў, каб сфарміраваць валютны саюз», — лічыць Мясніковіч.

На пасяджэнні саюзнага ўрада Мядзведзеў таксама заявіў, што беларуска-расійскія інтэграцыйныя праекты ў сферы энергетыкі, аўтамабілебудавання, электронікі і інфармацыйнай дзейнасці ажыццяўляюцца не так хутка, як хацелася б.

«Вялікія чаканні, нагадаю, былі ў нас звязаны з рэалізацыяй буйных інтэграцыйных праектаў у энергетыцы, аўтамабілебудаванні, электроннай прамысловасці, у інфармацыйнай сферы, — цытуе расійскага прэм'ера агенцтва Прайм. — Мы канстатавалі тое, што, на жаль, рух па многіх з іх не хуткі, хоць па шматлікіх кірунках усё ж мы можам выйсці на пазітыўныя вынікі. І я спадзяюся, што гэта адбудзецца ў самай кароткай перспектыве, калі мы будзем дзейнічаць мэтанакіравана, вынікова».

Мядзведзеў перакананы, што трэба зыходзіць з рэалій рынкавай эканомікі і думаць, якім чынам лепш выкарыстоўваць прамысловы патэнцыял дзвюх краін.

У той жа час ён назваў шэраг прарыўных і цікавых праектаў. «Гэта высокатэхналагічныя сферы супрацоўніцтва, у тым ліку і касмічныя даследаванні. Добрыя перспектывы ў нас і ў галіне інфармацыйных праграм, у ваенна-тэхнічнай сферы. Спадзяюся, усё гэта будзе закладзена ў скарбонку», — сказаў прэм'ер-міністр РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?