Сяргей Дубавец на сайце радыё «Свабода» перадрукаваў свой артыкул дваццацігадовай даўніны «Фатальная памылка БНФ» з камэнтаром. Сутнасьць: пасьля таго, як у 1992 годзе Вярхоўны Савет на чале з Шушкевічам праігнараваў 440 тысяч подпісаў, сабраных актывістамі БНФ за датэрміновыя выбары, дэпутаты Апазыцыі БНФ павінны былі скласьці мандаты.

У крайнім выпадку, гэтак павінен быў зрабіць лідэр апазыцыі Зянон Пазьняк.

Гэты мой адказ Сяргею Дубаўцу атрымаўся вялікім, і калі у некага няма часу і жаданьня чытаць тэкст цалкам, сутнасьць маіх контраргумэнтаў наступная:

Сыход палітыкаў з парлямэнту мае сэнс толькі тады, калі менавіта «вуліца» дыктуе вэктар палітычнага разьвіцьця (як кажа Дубавец, «вуліца дыхае рэвалюцыяй», што было ў 1991 годзе) і калі грамадзтва дастаткова сьпелае і структураванае, каб успрыняць гэты крок і рэалізаваць іншыя (не парлямэнцкія) мэханізмы. Але нічога гэтага ўвосень 1992 году (калі Шушкевіч і ВС «зарубілі» рэфэрэндум) і ўвосень 1993 (калі Дубавец надрукаваў свой артыкул) — не было і блізка.

Не было ніякага «дыханьня рэвалюцыі».

І менавіта таму, што дэпутаты БНФ засталіся ў парлямэнце — Беларусь атрымала яшчэ два з паловай гады вольнага дыханьня (да красавіка 1995, калі Лукашэнкам быў зьнішчаны парлямэнтарызм), мела магчымасьць пажыць ва ўмовах хай і недасканалай, але дэмакратыі і разьвіцьця беларушчыны, заканадаўчага фармаваньня атрыбутаў дзяржаўнасьці.

І адразу адзначу, што мае былыя калегі па дэпутацкай Апазыцыі БНФ (некаторых зь якіх ужо няма сярод жывых) не заслужылі грэблівай інтанацыі ў свой адрас, якая мне (і ня толькі мне) кінулася ў вочы ў тэксьце Дубаўца.

Дадам яшчэ, што адразу пасьля забароны рэфэрэндумам магчымасьць выхаду з ВС намі ў апазыцыі абмяркоўвалася (мы заўсёды разглядалі розныя варыянты). Але прыйшлі да высновы, што рабіць гэтага нельга. І больш мы ніколі да гэтай тэмы не вярталіся. Увогуле, праз два гады, у часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, прыйшлося гутарыць з сотнямі людзей – і ніводны не зрабіў папроку, чаму Апазыцыя БНФ засталася ў Вярхоўным Савеце.

А зараз — больш падрабязная аргумэнтацыя.

Уласна, галоўны аргумэнт супраць усіх аргумэнтаў Дубаўца ўтрымліваецца ў самім ягоным артыкуле 1993 году, у наступных радках:

«Дзеля чаго яны засталіся? Каб набрацца сілаў? Каб утрымаць гэты сувэрэнітэт? Але абвешчанае назаўтра пахаваньне «зайчыка» паказвае, што не ўтрымаюць», — пісаў Дубавец у 1993 годзе.

Дык вось — утрымалі.

Прагноз аўтара наконт «пахаваньня «зайчыка» ня спраўдзіўся толькі таму, што тады, у сьнежні 1993 году, менавіта дэпутаты Апазыцыі БНФ сарвалі заплянаваную Кебічам ліквідацыю «зайчыка» (беларускай грашовай адзінкі) і пераход на расейскі рубель.

Не апошнюю ролю адыгралі тут выступы Уладзімера Заблоцкага, Юрася Беленькага і іншых дэпутатаў БНФ на сэсіі і (што не было гэтак бачна) на пасяджэньнях парлямэнцкай плянавай і бюджэтна-фінансавай камісіі. Нарэшце, узгадаю ціск дэпутатаў БНФ на тагачаснага старшыню Нацыянальнага банка Станіслава Багданкевіча, чыя пазыцыя ў тыя дні адносна ўваходжаньня Беларусі ў расейскую рублёвую зону была, мякка кажучы, зусім не адназначнай.

І я магу назваць дзясяткі падобных прыкладаў, калі толькі дзякуючы наяўнасьці дэпутатаў БНФ удалося прадухіліць здачу Беларусі Крамлю (і па кавалках, і оптам) – бо ўжо ўвосень 1992-га Кебіч публічна пакаяўся ў падпісаньні Белавескіх пагадненьняў і ўзяў курс на ліквідацыю дзяржаўнасьці.

Ня ўсё, канечне, удалося (так, мы больш як год стрымлівалі далучэньне Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД, якую кантраляваў маскоўскі Генштаб — але 31 сьнежня 1993 году старшыня ВС Шушкевіч паставіў подпіс пад пагадненьнем). Але таго, што ўдалося — нашмат больш.

Вось чаму нельга пагадзіцца са словамі аўтара, што «пасьля адмовы ад рэфэрэндуму Апазыцыя БНФ фактычна нічым не дапамагла сваёй краіне ў ВС».

Менавіта з ініцыятывы дэпутатаў БНФ і пры іх націску былі прынятыя заканадаўчыя палажэньні, якія замацавалі дзяржаўнасьць, запачаткавалі ў краіне элемэнты дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Спадзявацца, што яны былі б прынятыя Вярхоўным Саветам бяз удзелу фронтаўскіх дэпутатаў — значыць, зусім ня ведаць, што ўяўляла сабой большасьць дэпутацкага корпусу.

Між іншым, яшчэ адзін аргумэнт супраць пазыцыі Дубаўца — гэта… сам факт публікацыі ягонага артыкулу ў газэце «Свабода».

Нагадаю, што «Свабода» была папулярным незалежным выданьнем, яе чыталі і ў цэхах, і ў вайсковых частках, і ў міністэрскіх кабінэтах. Рэдактарам «Свабоды» быў дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Ігар Гермянчук. Бясспрэчна, наш з Сяргеем Дубаўцом аднакурсьнік па журфаку быў асабіста мужным і сьмелым чалавекам, але несумненна і тое, што толькі дэпутацкі мандат (і дэпутацкая недатыкальнасьць) дазваляла Ігару друкаваць тое, што зрабіла яго газэту такой папулярнай. Некалькі разоў Генэральная пракуратура зьвярталася ў Вярхоўны Савет з просьбай зьняць з Ігара дэпутацкі імунітэт (!), каб распачаць супраць яго крымінальныя справы (!!), і толькі наяўнасьць дэпутацкай фракцыі БНФ не дазваляла гэта зрабіць (мы проста блякавалі галасаваньне). Ну, а калі б Гермянчук сам склаў мандат, як прапаноўваў Дубавец — яго газэта не пратрымалася б і некалькіх месяцаў (пацьверджаньне гэтаму – тое, што здарылася са «Свабодай» ужо пры Лукашэнку, калі паўнамоцтвы ВС-12 (і, адпаведна, Герменчука) скончыліся).

Не надрукаваў бы Сяргей Дубавец свой артыкул і ў парлямэнцкай газэце «Народная воля», бо неаднойчы дэпутацкая большасьць патрабавала зьняць Іосіфа Сярэдзіча з пасады рэдактара. Без дэпутатаў БНФ яны б гэта лёгка зрабілі ўжо ў 1992 годзе.

І тут я зьвярну ўвагу на другі бок «дэпутацкага мэдаля». Акрамя парлямэнцкай функцыі ў Авальнай залі, мы мелі яшчэ і так званыя дэпутацкія паўнамоцтвы.

Паводле закону (а законы тады выконваліся) дэпутат мог уплываць на рашэньні міністраў і іншых чыноўнікаў. І, да прыкладу, толькі дзякуючы гэтаму ўдавалася праводзіць у Беларусі ў тагачасных маштабах тое, што мы сёньня называем вяртаньнем беларускай мовы ў школу і грамадзкі ўжытак.

Менавіта дзякуючы дапамозе дэпутатаў (зваротам да Кебіча, да віцэ-прэм'ера Дземчука, да міністра адукацыі і г.д.) быў утвораны Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Гэта адбылося да 1992 году, але можна не сумнявацца, што калі б намесьнік дырэктара Коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі склаў дэпутацкі мандат, ліцэй быў бы ліквідаваны вельмі хутка.

Менавіта дзякуючы дэпутатам БНФ, нашаму няспыннаму ціску на дзяржаўныя ўстановы, выконваўся Закон аб мовах, дзякуючы нашым запытам (а пісалі мы іх кожны дзень) адчыняліся беларускія школы, выдаваліся новыя падручнікі.

Магу заверыць, што самі па сабе чыноўнікі Мінадукацыі рабіць гэта ня мелі асаблівай ахвоты (як ня маюць яе сёньня).

Пацьверджаньне маім словам — тое, што працэс адраджэньня беларускай мовы і школы хаця і запаволіўся адразу з прыходам да ўлады Лукашэнкі, але не спыняўся, пакуль прадстаўнікі БНФ былі ў Вярхоўным Савеце (на запыты дэпутатаў рэагавалі яшчэ ў другой палове 1995 году, нават пасьля Ганебнага рэфэрэндуму).

І спыніўся цалкам, калі мы страцілі мандаты — хаця ў Вярхоўным Савеце 13 скліканьня і былі дэпутаты, якія называлі сябе дэмакратамі, але гэтыя дэпутаты не зрабілі ніводнага выступу ў абарону беларускай мовы і нацыянальных каштоўнасьцяў.

І ўжо з-за адной толькі магчымасьці праводзіць гэтую палітыку адраджэньня беларускай мовы і школы (праціўнікі якой былі ва ўсіх структурах улады), палітыку, дзякуючы якой выгадавалася пакаленьне, неабыякавых да нацыянальных каштоўнасьцяў, — толькі дзеля аднаго гэтага дэпутатам варта было не складаць мандаты.

Але ўсё гэта ня мела б такога значэньня, калі б і насамрэч «вуліца дыхала рэвалюцыяй» і калі б, у выніку складаньня мандатаў, БНФ праз год-два ўзяў уладу. Так, згубілі б мы пару гадоў на дэмакратызацыю грамадзтва, на дзяржаўнае будаўніцтва, затое потым бы прывялі ўсё да ладу. Дык вось – нічога гэтага б не было.

Вельмі важная дэталь: пра «дыханьне рэвалюцыі» Дубавец напісаў сёньня, але ў публікацыі 1993 году пра рэвалюцыю няма ні слова. І не магло быць, бо, напішы такое аўтар пра настроі восені 1992 году, яго б папросту абсьмяялі б.

Рэвалюцыяй «дыхаў» 1991 год — і гэта БНФ скарыстаў напоўніцу, дамогшыся 25 жніўня 1991 году Незалежнасьці. І ужо ў верасьні таго ж 1991 году заявіўшы пра неабходнасьць выбараў Вярхоўнага Савета — што не падтрымалі ні сам Вярхоўны Савет, ні сьпікер Шушкевіч.

І зразумела, чаму не падтрымалі: як слушна напісаў сьветлай памяці публіцыст Анатоль Казловіч, менавіта тады, у канцы 1991 — пачатку 1992, выбары у ВС далі б БНФ трыюмфальную перамогу і большую частку мандатаў у новым Вярхоўным Савеце (а магчыма, і канстытуцыйную большасьць). Таму БНФ і ініцыяваў рэфэрэндум, і сабраў подпісы за датэрміновыя выбары.

Як сьпікер, Шушкевіч быў абавязаны склікаць сэсію, каб прызначыць дату рэфэрэндуму. Як палітык, які называў сабе дэмакратам і ў пачатку 1992 году меў рэйтынг больш як 50 працэнтаў, Шушкевіч мог падтрымаць рэфэрэндум і зьвярнуцца да народу з прапановай дэмакратычным, канстытуцыйным шляхам зьмяніць пракамуністычную, праімперскую ўладу. Але Шушкевіч гэтага не зрабіў. Ігнаруючы нашыя шматлікія заявы, ён адмыслова зацягнуў са скліканьнем сэсіі да восені 1992 году, адначасна ў дзяржаўных (і не дзяржаўных) СМІ абсьмейваючы (менавіта так!) ідэю рэфэрэндуму і датэрміновых выбараў.

«Але што ён мог? Чалавек без рэальнае ўлады» — піша Дубавец (увогуле, забаўна: як езьдзіць па эўрапейскіх сталіцах — дык «першы кіраўнік незалежнай Беларусі». Як нечага дамагацца — дык «што ён мог?». Як намінавацца на Нобэлеўскую прэмію за вывад ядзернай зброі, дык Станіслаў Станіслававіч — першы. Як уплываць на Вярхоўны Савет — дык «чалавек без рэальнае ўлады». Увогуле, улады ў Шушкевіча было роўна столькі, колькі ў Ландзбэргіса ці ў Ельцына да абраньня прэзыдэнтам летам 1991 — адчуйце розьніцу. А рашэньне пра вывад ядзернай зброі прыняў ня спікер, а Вярхоўны Савет).

Шушкевіч зацягнуў сэсію да восені 1992, калі дэмакратычны градус грамадзтва ў параўнаньні з тым, што было паўгода таму, зьменшыўся.

Хаця і ў гэтым выпадку, калі б рэфэрэндум быў бы прызначаны са спазьненьнем, і выбары адбыліся не ў 1992, а ў 1993 годзе — нават у такой сытуацыі мы мелі б дэмакратычны парлямэнт.

Але, як вядома, Вярхоўны Савет (з дапамогай Шушкевіча і Булахава) 29 кастрычніка 1992 году рэфэрэндум заблякаваў. Менавіта тады, перакананы, быў страчаны апошні шанец дэмакратызацыі Беларусі. Вось дзе быў фатальная падзея – і зусім не не па віне БНФ.

«Калі б тады, пасьля забароны рэфэрэндуму, Апазыцыя паклала мандаты — усе 35 ці хоць бы толькі адзін, пазьнякоўскі, — у яе былі б шанцы стварыць рэальны народны фронт, г. зн. прыцягнуць да сябе людзей, прыцягнуць сымпатыі. У народзе сказалі б: малайцы хлопцы, гэтыя гаварыльню не разводзяць, гэтыя пайшлі працаваць», — піша Дубавец у 1993-м.

«Пайшлі працаваць» — куды?

У 1993 годзе Дубавец так адказвае:

«У Беларусі шануюць бескампрамісных, тых, што «за народ». Парадокс у тым, што пры ўсеагульнай і абсалютнай незадаволенасьці сёньняшняй уладай палітычнае падпольле ў Беларусі застаецца вакантным месцам».

Такім чынам, — падпольле.

«Эфэктыўнасьць» працы ў падпольлі ў тых умовах, калі былі магчымасьць працаваць легальна, нават ня варта аналізаваць.

Сёньня ж Дубавец піша так:

«Пакінуць ВС і з дапамогай вуліцы дамагчыся выкананьня закону, гэта значыць, правядзеньня рэфэрэндуму».

Гучыць прыгожа, але нерэальна. Бо не было ніякай «вуліцы» увосень 1992 году.

Вось гэта — самая вялізная «дзірка» у аргумэнтах Дубаўца: у 1992—1993 патэнцыялу для «вулічных пратэстаў» у насельніцтва не было. Раней — быў. Пазьней (у 1996) — таксама. Але ў тыя часы — не.

Пры 200 тысячах на плошчы можна браць уладу па-за сьценамі парлямэнту. Пры 20 тысячах на плошчы можна эфэктыўна выкарыстаць парлямэнцкія працэдуры. А пры 2 тысячах на плошчы выходзіць з парлямэнту — палітычнае самагубства.

Нягледзячы на вялізныя высілкі БНФ, на плошчу удавалася вывесьці тады ня больш за тысячу чалавек. Рэзкае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі не выклікала палітычнай актыўнасьці: людзі былі занятыя элемэнтарнымі праблемамі выжываньня. Я зараз ня буду аналізаваць прычыны гэтага, але кожны можа пагартаць падшыўкі газэтаў тых гадоў і пераканацца: вулічныя пратэставыя акцыі ў 1992-1993 годзе і блізка не зьбіралі такой колькасьці, як зьбіралі ў 1991-м, калі змагаліся за Незалежнасьць, і як будуць зьбіраць у 1996-м, калі ўзьнікла відавочная пагроза страты Незалежнасьці.

Факт: пратэставаць супраць забароны рэфэрэндуму перад Домам ураду нам удалося вывесьці толькі каля трох тысячаў чалавек. Гэта быў менскі актыў БНФ.

Мы ўсімі сіламі намагаліся «арганізаваць вуліцу», выкарыстоўваючы дэпутацкія магчымасьці (выхады ў СМІ, права праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі) — чаму нехта лічыць, што гэта нам удалося б лепей без дэпутацкіх магчымасьцяў? Я адзін з тых, хто можа на ўласным прыкладзе параўнаць магчымасьці палітыка з мандатам члена парлямэнта і без мандату: сьведчу, што яны зьмяншаюцца літаральна на наступны дзень, і зьмяншаюцца разоў у дзесяць, калі ня болей.

Але ў той час мы якраз перанесьлі цяжар працы за сьцены Авальнай залі — мы аб'ехалі практычна ўсе раёны Беларусі (адзін Пазьняк наведаў 149 гарадоў і мястэчак) — і залі Палацаў культуры і калгасных клюбаў нам давалі толькі дзякуючы дэпутацкаму статусу, па законе мы мелі на іх права.

Мы рэгулярна сустракаліся з выбаршчыкам і бачылі, што людзі папросту ня будуць выходзіць на вуліцы. Калі б прызначылі выбары — на ўчасткі б яны яшчэ прыйшлі. Але выходзіць і дамагацца гэтых выбараў – патэнцыялу палітычнай актыўнасьці ўжо не хапала.

Менавіта такая сытуацыя з масавымі пратэстамі была ў той час.

У сваім артыкуле 1993 году (і ў сёньняшнім камэнтары да яго) Сяргей Дубавец апэлюе не да палітычных рэалій, а да рэчаў куды больш эфэмерных: «людзі падумаюць, у народзе скажуць» «малайцы, хлопцы…», «прыцягнуць сымпатыі», нарэшце, апісвае «фантасмагарычны сон» з Пазьняком у галоўнай ролі.

Між іншым, я ня бачу ніякіх аргумэнтаў на карысьць тэзы, што, маўляў, хапіла б складаньня дэпутацкага мандату адным Пазьняком.

Складаньня Пазьняком мандату хапіла б толькі на тое, каб так званыя «праваахоўныя ворганы» разам з пракуратурай адыграліся на ім за Курапаты і за ўсё іншае, што яны распачалі адразу пасьля спыненьня дзейнасьці ВС-12.

«Дык народ бы масава выйшаў у яго абарону!» – запярэчаць мне.

Да 12 красавіка 1995 год я ў гэта яшчэ мог паверыць. А раніцай пасьля зьбіцьця дэпутатаў БНФ, калі падтрымаць нас прыйшлі толькі трыста чалавек, падобныя ілюзіі ў мяне зьніклі.

Некалькі сотняў бы ў абарону Пазьняка – выйшла. Але зь імі зрабілі б тое, што з тымі, хто выйшаў падтрымаць нас: разагналі б.

І тая бескампраміснасьць пазыцыі, на якую ускладаў надзеі Дубавец у 1993 годзе і якая была выяўлена 11—12 красавіка 1995 — не дапамагла нам на выбарах.

З адной простай прычыны.

Дубавец выбудоўвае канструкцыі, сыходзячы са сфармаванага, сьпелага грамадзтва, дзе учынкі палітыка ацэньваюцца ў тым ліку з пазыцыі маралі. Але ў нас грамадзтва іншае.

Вясной 1995-га дэпутат польскага парлямэнту сказаў мне: «Я б быў шчасьлівы, каб мяне зьбілі ў Сойме — стопрацэнтовая перамога на выбарах». А ў Беларусі тады сказалі — «Мала далі!» і «Прэзыдэнт харошы». Нехта дадаў — «Но яму мяшают». А іншыя патлумачылі: «Мяшает БНФ».

«У палітыцы трэба мець ідэальныя уяўленьні, сьветлыя мэты, але ня блытаць іх з рэальным становішчам. Рашэньні мусяць быць адэкватнымі і зыходзіць з рэальнасьці. Толькі гэтак можна йсьці да ідэалу, інакш застануцца адны летуценьні, — напіша Пазьняк у 2011 годзе ў «Дэпутатах Незалежнасьці». — Бразнуць дзьвярыма ў той час не атрымалася б ніяк, асабліва ўлічыўшы, што супраць рэфэрэндуму прагаласаваў Дэмклюб і іншыя групы дэпутатаў (акрамя нас, Апазыцыі Фронту, — увесь Вярхоўны Савет). У такіх умовах скампраметаваць нас і растаптаць — нават не было б справай тэхнікі, яно б паехала само сабой, і першы камень бы кінуў Шушкевіч. Потым дэмакраты «растлумачылі б» сваю «правільную» пазыцыю і «памылкі» БНФ. Намэнклятуры ж і казаць бы шмат ня трэба было, яны б проста ўлюлюкалі нам усьлед, маючы радыё, тэлебачаньне, газэты і ўладу пад сваім кантролем. Мы ня мелі б ужо дэпутацкай недатыкальнасьці і ніякай трыбуны. Нашага голасу не было б чуваць. Вяшчала б намэнклятура, якая «наконец-то избавилась от этих крикунов». А ў канцы выступіў бы які-небудзь разумнік, дэпутат-намэнклятуршчык і выраблены дэмагог, які сказаў бы: «Нет, вы посмотрите на этих бэнээфовцев, два года мутили воду, мешали работать, всех критиковали, а как только вышло не по их, бросили всё и ушли. Оказывается, плевать им на Белоруссию и на наш многострадальный народ». І ўсё гэта працягвалася б месяц-два (прапаганда павінна паўтарацца). І ўсё гэта — у нашым ужо безгалосым стане азначала б для нас ня проста палітычную сьмерць, а крах, бяздарны крах барацьбы і страту дасягнутага. Дый выбаршчыкі маглі сказаць: « Мы за вас галасавалі, а вы што, у кусты?» У тагачасным палітычна нясьпелым беларускім грамадзтве нельга было праводзіць такія дэмаршы і шляхецкія выхадкі».

Зрэшты, можна і не рабіць прагнозы. Бо прыклад падобнага сыходу з прычыны забароны рэфэрэндуму ў 1992 годзе — існуе. Гэта – мой прыклад.

Я якраз быў сярод тых дэпутатаў, якія схіляліся да таго, каб пасьля забароны рэфэрэндуму скласьці дэпутацкія мандаты. Калі Апазыцыя прыняла іншае рашэньне (а ў нас была дысцыпліна), я, канечне, яму падпарадкаваўся.

Але — не да канца.

Як некаторыя іншыя дэпутаты БНФ, я працаваў на прафэсійнай аснове — сакратаром Камісіі ВС па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Гэта была пасада, роўная міністэрскай (яе нават узьнялі вышэй за міністэрскую паказальна большым акладам). Але рэальны ўплыў быў невялікі (усе мае прапановы адхіляліся Шушкевічам, а камісія, у большасьці, складалася з нашых апанэнтаў).

І вось праз пару тыдняў пасьля забароны рэфэрэндуму я заявіў Пазьняку, што сыходжу з пасады.

Заўважу, што на асабістым матэрыяльным статусе такі сыход адбіваўся значна больш, чым складаньне мандату. Большасьць дэпутатаў не працавалі ў ВС і, склаўшы мандаты, яны практычна нічога не згубілі б у матэрыяльным сэнсе. Я ж, сыходзячы з пасады ў знак пратэсту супраць забароны рэфэрэндуму, цалкам губляў заробак.

Гэта была рэальная ахвяра ў імя прынцыпу, бо гэта быў сыход «у нікуды», што адразу ж пацьвердзіцца: ніхто з рэдактараў, якім я спрыяў, калі працаваў у камісіі, не асьмеліцца прапанаваць мне працу, добра яшчэ, што працу мела мая жонка. Сябра будзе даваць мне пераклады – скажам, за пераклад на беларускую інструкцыі кававаркі BOSCH я атрымаў аж за 20 даляраў (заўважце, якой увагі да мовы мы дамагліся — фірмы мусілі рабіць інструкцыі па-беларуску!

Ну і канечне, дэпутат парлямэнту, які перакладае інструкцыі для пабытовых прыбораў — гэта не дэпутат, які за адно толькі лабіраваньне інтарэсаў заходняй фірмы будаваў сабе катэдж).

Натуральна, ісьці да Кебіча і прасіць працу, было выключана; у ліпені таго самага 1992 года я ўжо адмовіўся ад прапановы Кебіча заняць пасаду генэральнага дырэктара БЕЛТА (спачатку паміж апазыцыяй і кіраўніцтвам Саўміну была дамоўленасьць, што будуць прынятыя кадравыя рашэньні адносна ўсіх вядучых СМІ — тэлебачаньня, радыё, газэт, БЕЛТА. Але потым дамоўленасьць праігнаравалі, прапанову зрабілі толькі мне — фактычна, давялося б працаваць у «не сваёй камандзе»). Тады Пазьняк раіў мне, пры ўсіх адмоўных акалічнасьцях, пагаджацца. Цяпер Пазьняк мяне адгаворваў, казаў, што мая адстаўка ня мае сэнсу, што мы страцім важную пазыцыю ў парлямэнцкай камісіі, згубім магчымасьці…

Не, вырашыў я, трэба кіравацца не практычным палітычным разьлікам, а больш тонкімі матэрыямі, бо калі не сыду — «людзі падумаюць, у народзе скажуць…».

І вось раніцай 24 лістапада 1992 года, праігнараваўшы меркаваньне Пазьняка, але думаючы, «што людзі скажуць», я выйшаў на трыбуну Вярхоўнага Савета і заявіў, што паколькі ён, Вярхоўны Савет, парушыў фундамэнтальнае права чалавека — права выбіраць уладу, я ня бачу маральнай магчымасьці займаць пасаду аднаго з кіраўнікоў камісіі па правах чалавека і па СМІ, і сыходжу ў адстаўку. Але, застаючыся дэпутатам, буду, як і раней, спрыяць правам чалавека і свабодзе слова, абараняць журналістаў.

За ўсе амаль шэсьць гадоў дэпутацтва ніводная мая прамова ня выклікала такой гарачай, такой прыязнай рэакцыі ў Авальнай залі, як гэта. Праўда, тое была рэакцыя нашых апанэнтаў: былыя сакратары райкамаў, старшыні саўгасаў, генэралы войска і генэралы КДБ энэргічна пляскалі ў ладкі, некаторыя нават узьняліся з крэслаў, падымалі вялікі палец і крычалі мне — «Серёга, во! Молодец!» (зусім як мусіў бы сказаць народ пасьля нашага сыходу ў ВС, у адпаведнасьці з артыкулам Дубаўца).

Шушкевіч са зьдзекам імгненна паставіў маю просьбу на галасаваньне, і дэпутацкая пракебічаўская большасьць спрытна націснула кнопкі. Адстаўка адбылася, і гэта была першая добраахвотная адстаўка такога ўзроўню ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Эфэкт ад яе, прызнаюся, быў для мяне нечаканы.

Ня памятаю, каб хто-небудзь з кіраўніцтва ці з актывістаў БНФ ухваліў мой высакародны і сумленны ўчынак, накіраваны на ўмацаваньне маральнага аўтарытэту БНФ. Я настойліва прыгадваў пра яго на сустрэчах, але не адчуваў зваротнага энтузіязму (гэта да слоў Дубаўца, што нашага сыходу нібыта «чакалі». Сёньня некаторыя тагачасныя актывісты БНФ пішуць у камэнтарах, што «чакалі» — але, паўтараю, у тыя гады ніхто зь іх мне і слова салідарнасьці не сказаў. Перакананы, такая ж рэакцыя (ніякай рэакцыі) была б і на агульны сыход з ВС). Журналісты, якіх я абараняў, не падтрымалі мяне ніводным словам (выключэньне – аднакурсьніца надрукавала тэкст майго выступу у «Чырвонай зьмене»).

У Беларусі паважаюць уладу і шануюць тых, хто яе мае. Ва ўсялякім разе — тых, хто мае ўплыў. У Беларусі таксама любяць, калі той, хто мае ўплыў, з той ці іншай прычыны яго губляе – і наіўна ў такіх выпадках спадзявацца на падтрымку.

Дарэчы, «Наша Ніва» (яе тады рэдагаваў Сяргей Дубавец, які палымяна заклікаў дэпутатаў на сыход у знак пратэсту), пра маю дабраахвотную адстаўку ў знак пратэсту — не напісала ні радка.

Цяпер думаю — і правільна зрабіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?