Беларусы бачаць кіеўскі Майдан праз прызму анлайн-трансляцый альбо «антымайданавай» прапаганды, якая рэтранслюецца праз расійскія і беларускія каналы.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» спрабуе з месца падзей абвергнуць некаторыя стэрэатыпы пра ўкраінскія пратэсты, якія даводзілася чуць у беларускім грамадстве ці чытаць у інтэрнэце.

Міф 1: «Паралізаваны цэнтр горада»

На першы погляд, вуліцы каля Майдана Незалежнасці насамрэч выглядаюць як падчас вайны.

Узведзеныя барыкады, якія ахоўваюць дэманстрантаў ад раптоўнага налёту «беркатаўцаў» або «цітушак», не дазваляюць праехаць грамадскаму транспарту.

Але праезд захаваны — як на выпадак з’яўлення «хуткай» і ратавальнікаў, так і для «абслугоўваючых» аўто.

У цэнтры Кіева працуе звычайны эканамічны прынцып: чым большы попыт, тым большая прапанова.

Уздоўж Хрышчаціка стаяць дзясяткі аўтамабіляў, з якіх вядзецца гандаль: кава, гарбата, хот-догі, булачкі…

Побач з імі — дзясяткі прадаўцоў з украінскай сімволікай. Некаторыя з іх, каб перацягнуць кліентаў да сябе, указваюць, што «прыбытак ідзе на патрэбы Еўрамайдану!»

Кавярні ў цэнтры Кіева робяць рэкордную выручку.

Пастаянныя жыхары Майдана прывыклі да няхітрай бясплатнай ежы, але тыя, хто прыходзіць памёрзнуць у знак салідарнасці гадзіну-другую, пасля забягаюць пагрэцца ў топавых піцэрыях і сушы-рэстаранах.

Фартэпіяна пасярод Хрышчаціка. Музыка прымае замовы ад слухачоў.

Фартэпіяна пасярод Хрышчаціка. Музыка прымае замовы ад слухачоў.

На Майдане нястрашна і дзецям.

Па Хрышчаціку прагульваюцца роставыя лялькі — Мікі Маусы, Губкі Бобы, Панды і іншыя мульцяшныя і казачныя героі.

З імі ўсе ахвотныя фатаграфуюцца абсалютна бясплатна.

Усё гэта больш падобна да вясёлага карнавала, чым да вайны.

Міф 2: «Украінцы ў душы анархісты, парадку ў іх быць не можа»

Жалезная дысцыпліна на Майдане ва ўсім. За час пратэстаў апазіцыянеры захапілі два будынкі — Кіеўскую гарадскую раду і Палац прафсаюзаў. Цяпер яны выкарыстоўваюцца «для патрэбаў рэвалюцыі». Але не ўсё так проста.

Каб зайсці ў гарадскую раду, трэба паказаць прадстаўнікам самааховы пасведчанне асобы.

На падставе чаго? Не пытайцеся адказу і тлумачэння, проста так вырашана.

З Еўрамайдану выганяюць патэнцыйнага правакатара.

З Еўрамайдану выганяюць патэнцыйнага правакатара.

У Палац прафсаюзаў прапускаюць журналістаў і палітычных актывістаў, але толькі пры наяўнасці спецыяльнага пропуска, які змяняецца кожны дзень. Прайсці актывісту пагрэцца ў прэс-цэнтр? Нельга. Зайсці на кухню? Нельга.

Так мітынгоўцы засцерагаюцца ад правакацый.

Кожныя пяць-дзесяць хвілін з кухні выносяць падносы з бутэрбродамі — для ўсіх галодных. Калі хтосьці з абслугоўваючых службаў заўважыць, што нехта бярэ сабе занадта многа, можа і ляпнуць па руках:

«Хопіць жэрці, пакінь іншым!».

За дзень валанцёры робяць тысячы бутэрбродаў.

За дзень валанцёры робяць тысячы бутэрбродаў.

Міф 3: «Тысячы пратэстоўцаў спяць наўпрост на Майдане»

Уначы Майдан заўважна пусцее, на ім застанецца некалькі тысяч чалавек. Але яны не кладуцца спаць. Гэта начная змена, якая стаіць на варце ў чаканні магчымага штурму. Тыя, хто падтрымліваюць агонь, таксама імкнуцца не спаць. Іх ночы праходзяць у размовах «за жыццё». Калі і падрэмлюць, то хіба што паўгадзінкі.

Навошта спаць на марозе, калі можна гэта зрабіць з большым плёнам у цяпле?

Паверхі Палаца прафсаюзаў «распісаныя» паміж палітычнымі партыямі: на трэцім — «Удар», вышэй — «Свабода» і гэтак далей. Спальныя месцы для актывістаў — пасцеленыя на падлозе спальнікі і коўдры. А ў Кіеўскай гарадской радзе такім самым чынам адпачываюць беспартыйныя актывісты.

Міф 4: «Гэта акцыя за далучэнне да Еўропы»

Адмова ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам стала нагодай для першых пратэстаў. Але цяпер Майдан стаіць перадусім супраць Януковіча, ягонага ўрада і ягоных сілавікоў.

Сярод агучаных патрабаванняў – закрыццё крымінальных справаў у дачыненні затрыманых пратэстоўцаў і іх вызваленне, пакаранне сілавікоў за нематываванае прымяненне сілы, а таксама адстаўка ўрада.

Лозунг «Банду – гэць» гучыць на Майдане нашмат часцей, чым заклікі да еўраінтэграцыі.

Пра першапрычыну пратэстаў цяпер нагадваюць перыядычныя выступы еўрапарламентарыяў і лозунг «Украіна цэ Еўропа».

Некаторыя выходзяць на Майдан як на штодзённы шпацыр — і гэта таксама форма падтрымкі.

Некаторыя выходзяць на Майдан як на штодзённы шпацыр — і гэта таксама форма падтрымкі.

Міф 5: «Яны ўсе стаяць за еўрапейскія грошы»

Вы насамрэч мяркуеце, што Руслана, якая ледзь трымаецца на нагах, на Майдане зарабляе? А мітынгоўцы жывуць у намётах і грэюцца каля бочак, каб атрымаць 200-300 грыўняў за «працадзень»? Пераканаць у адваротным складана, проста прыміце гэта як факт.

У апазіцыі няма патрэбы збіраць людзей за грошы, бо дзясяткі тысяч украінцаў (а ў выходныя дні – сотні тысяч) выходзяць на барыкады самі.

Безумоўна, грошы на Майдан выдаткоўваюцца, і немалыя. На забеспячэнне жыцця «дзяржавы ў дзяржаве» патрэбныя і матэрыяльныя, і фізічныя рэсурсы. Арэнда біятуалетаў, плата за электрычнасць (сцэна, экраны), купля дроваў…

Шмат што бяруць на сябе бізнэсоўцы, чым могуць, дапамагаюць і гараджане. На Майдане ляжыць некалькі «складоў» з цёплай вопраткай, якую прынеслі кіеўцы. Замёрз — апранайся цяплей і вяртайся ў шэрагі пратэстоўцаў.

А вось на «Антымайдане» ў падтрымку Януковіча стаўка фіксаваная — 250 грыўняў (каля 300 тысяч беларускіх рублёў) за змену.

Вядома ж, ёсць сярод мітынгуючых за Рэгіёны і «ідэйныя», але гэта не адмяняе прынцыпу арганізацыі тамтэйшага платнага «пратэсту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?