Сёньня раніцай на 64‑ым годзе жыцьця памёр пісьменьнік Яўген Будзінас. Перад гэтым ён доўга хварэў на рак, а апошні тыдзень увогуле правёў у шпіталі, расказала радыё «Свабода» ягоная жонка.

Будзінас нарадзіўся 18 лютага 1944 году ў Маскве. З 1968 г. пачаў працаваць журналістам у Менску, у газэце «Знамя юности», часопісах «Рабочая смена» і «Дружба народов». Ён зьяўляецца аўтарам нашумелага раману «Дуракі» Як казаў сам Будзінас, у кнізе ён сабраў партрэты шматлікіх наведвальнікаў Дудутак, пасьля чаго героі раману вельмі пакрыўдзіліся на аўтара. Менавіта Яўген Будзінас зьяўляецца стваральнікам музэю беларускай культуры ў Дудутках.

У 2002 годзе Будзінас, ня маючы магчымасьці весьці ў Беларусі бізнэс, эміграваў у Вільню, дзе і правёў апошнія гады жыцьця. Гэтым летам пісьменьнік прэзэнтаваў у Менску свой новы раман «Давайте, девочки».

Паэт Уладзімер Някляеў сказаў на разьвітаньнем зь сябрам наступнае: «Яго сьмерць нельга назваць нечаканай, апошнія гады ён цяжка хварэў, а ўсё адно зыход ягоны застаў зьнянацку…

Ня ведаю, ці можна сказаць, што мы блізка сябравалі, але адносіны ў нас былі даўнія: некалі мы разам працавалі ў рэдакцыі газэты «Знамя юности». Амаль за сорак год між намі ўсялякае здаралася, ад высокага да нізкага, але чаго не было ў нашых адносінах, дык гэта драбязы і будзённасьці, якіх ён не трываў. Яго ўвогуле, як у жыцьці, гэтак і ў творчасьці цягнула да маштабнага, да вялікіх формаў і жанраў. Калі гэта дарога, дык «Дарога № 1», калі бібліятэка, дык сусьветная… Нездарма разьвітаўся ён з усім і ўсімі не чым‑небудзь, а раманам, які прэзентаваў летам у Дудутках — таксама адным з буйных ягоных праектаў, своеасаблівым сымбалем палітычнага і культурнага жыцьця Беларусі, найперш Менску, канца ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Сымбалем гэтага жыцьця шмат у чым застанецца і сам Будзінас, які быў падобны на свой час гэтаксама, як час быў падобны на яго. Час злому, зьменаў, узвышэньняў і падзеньняў. Час, у якім Яўген Дамінікавіч апынуўся не выпадкова, а быў запатрабаваны ім як постаць яркая, адметная, якой ад гэтай пары і цяпер ужо назаўсёды будзе не хапаць і часу, і мне».

Разьвітаньне з Будзінасам адбудзецца 5 кастрычніка ў Дудутках, куды пасьля крэмацыі прывязуць ягоны прах.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?