У інтэрнэце працягвае ісці збор подпісаў супраць увядзення ў Беларусі дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Пошліна ўстанаўліваецца праектам закона, які разглядаецца цяпер у парламенце. Мяркуецца, што яна будзе спаганяцца ўжо з 1 студзеня 2014 года адначасова з праходжаннем тэхагляду.

На пляцоўцы www.change.org, паводле звестак на 16 снежня (13:00), супраць увядзення дзяржпошліны выказалася ўжо 52 274 чалавекі. За суткі колькасць подпісаў вырасла ўдвая.

Подпісы ставяцца пад лістом міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу.

Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху для большасці беларусаў можа скласці ад 3 да 10 базавых велічынь (адна базавая велічыня цяпер складае 130 тыс. рублёў). Памер дзяржпошліны будзе залежаць ад дазволенай максімальнай масы транспартнага сродку, а таксама ад таго, хто з'яўляецца ўладальнікам.

Адзначым, што анлайн-петыцыі падобнага выгляду ні да чаго не абавязваюць улады.

Заканадаўства Беларусі прадугледжваюць калектыўныя звароты грамадзянаў, на якія чыноўнікі абавязаныя даваць адказ. А калі сабрана больш за 30 подпісаў, грамадзяне маюць права запатрабаваць сустрэчы з адпаведным чыноўнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0