Праваабаронцы-вясноўцы выступілі з гэтай нагоды з адмысловай заявай.

10 снежня 2013 года Генеральнай пракуратурай на адрас намесніка старшыні зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча быў дасланы адказ на ягоны запыт аб уключэнні сайту www.spring96.org у спіс абмежаванага доступу.

Паводле дадзенага адказу сайт арганізацыі быў унесены ў спіс абмежаванага доступа паводле рашэння Генпракуратуры ў жніўні 2011 у сувязі з тым, што «дзеянні ад імя Праваабарончага цэнтру «Вясна», якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь».

Генеральная пракуратура таксама нагадвае, што за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці арганізацыі, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць.

У сувязі з гэтым праваабаронцы заявілі, што, «у адпаведнасці з арт. 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усталяваны вычарпальны пералік абмежаванняў у дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы Беларусь, згодна з якім забараняецца стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу альбо прапагандуючых вайну, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную і расавую варажнечу.

Згодна з арт. 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права на свабоду асацыяцыі з іншымі, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх для абароны сваіх інтарэсаў.

Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў».

Праваабаронцы кажуць: «У сваёй дзейнасці «вясноўцы» заўсёды кіраваліся і кіруюцца палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека».

Яны адзначаюць: «Рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання «Праваабарончы цэнтр «Вясна» у лістападзе 2003, у адпаведнасці з рашэннем Камітэта па правах чалавека ААН ад 7 жніўня 2007 № 1296/2004 было прызнана парушэннем права на свабоду асацыяцыў, якое Беларусь павінна забяспечыць у адпаведнасці сваім абавязацельствам па МПГПП.

Ураду было прапанавана забяспечыць заснавальнікам арганізацыі адпаведныя сродкі прававой абароны, уключна з перарэгістрацыяй ПЦ «Вясна» і кампенсацыяй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?