Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №560 «Аб некаторых пытаннях Вышэйшай атэстацыйнай камісіі і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у асобныя ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Дакумент скіраваны на ўдасканаленне рэгулявання адносін у сферы падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Указам зацверджаны палажэнне аб Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, склад калегіі ВАК, а таксама ўнесены рэдакцыйныя змены ў асобныя ўказы, якія адносяцца да сферы дзейнасці ВАК.
Указам выключаецца абавязковая наяўнасць у асоб, якія паступаюць у аспірантуру, вышэйшай адукацыі II ступені.
Устанаўліваецца магчымасць здачы кандыдацкіх экзаменаў і залікаў па агульнаадукацыйных дысцыплінах не толькі ў межах навучання ў магістратуры, але і ў форме двухгадовага спашукальніцтва. Даецца права на залічэнне замежных грамадзян у аспірантуру паводле выніках гутаркі (замест здачы экзамена па спецыяльнасці).
Устанаўліваецца таксама патрабаванне да спашукальніка працаваць бесперапынна не менш як адзін год у арганізацыі, якая замаўляе аб прысваенні яму вучонага звання дацэнта або прафесара (у выпадку сумяшчальніцтва ў ВНУ — двух семестраў запар або двух семестраў, раздзеленых не больш як адным семестрам).
Уводзіцца неабходнасць узгаднення тэм дысертацыйных даследаванняў «з арганізацыямі, якія рэальна зацікаўленыя ў практычным прымяненні атрыманых навуковых вынікаў».
Гэтыя арганізацыі будуць аказваць матэрыяльную і арганізацыйную падтрымку спашукальнікам падчас падрыхтоўкі дысертацый.
«Падпісанне гэтага ўказа будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці працы ВАК і забеспячэнню ўмоў яе незалежнай дзейнасці, паляпшэнню якасці падрыхтоўкі і экспертызы дысертацыйных даследаванняў, прыцягненню валютных сродкаў замежных спашукальнікаў», — паведамляе прэс-служба.