Па вялікім рахунку ад сёлетняга чэмпіянату Эўропы па баскетболе сярод жанчын беларускія заўзятары мала чаго чакалі.

Наша зборная ўпершыню трапіла на такі турнір. Прычым, толькі з другога месца ў адборачнай групе, таму і букмэкерамі беларускі разглядаліся, як аўтсайдэр першынства кантынэнту. Рэальнасьць жа аказалася нашмат больш прыемнай і нечаканай, чым папярэднія прагнозы.

У Італіі каманда Анатоля Буяльскага пачала ня вельмі ўжо ўдала. Нашы дзяўчаты, хоць і з барацьбой, але саступілі дасьведчаным гішпанкам, якіх і лічаць галоўнымі прэтэндэнткамі на «золата». За гэтым паражэньнем прыйшлі дзьве па‑сапраўднаму фэерычныя перамогі ў прадстаўнічак Балканскай паўвыспы — Сэрбіі і Харватыі. Суперніцы абсалютна ня ведалі, што рабіць з нашымі мабільнымі дзяўчатамі. Верамеенка, Леўчанка (яна пагуляла нават у жаночай НБА), Марчанка, Трафімава, Крэс і іншыя баскетбалісткі вывелі зборную ў другое кола спаборніцтваў. Ужо гэта ў нейкай ступені зьяўлялася сэнсацыяй, бо ніводная гульнявая нацыянальнай каманда краіны, апроч хакейнай, не дабівалася такога посьпеху.

Каб выйсьці ў восемку наймацнейшых зборных Старога сьвету, дзяўчатам было дастаткова перамагчы хаця б у адным з трох матчаў другога раўнду. Аднак зрабіць гэта было ня так і проста. Пройгрыш у дванаццаць пунктаў ад мабільных францужанак, пасьля разгром ад расіянак. Апошнюю гульню групавога турніру беларускам выпадала сыграць з гаспадынямі першынства — італьянкамі. Нягледзячы на магутную падтрымку трыбунаў і не зусім аб’ектыўнае судзейства, беларускі даказалі, што яны мацнейшыя — 66:51.

Найбольш выніковай у гульні стала Алена Леўчанка, якая набрала 18 пунктаў.

Такім чынам, зборная трапляла ў чвэрцьфінал з чацьвёртага месца ў групе, а гэта азначала, што наступным супернікам нашых дзяўчат стануць дзейсныя чэмпіёнкі Эўропы — чэшкі. На Апэнінах чэшкі таксама пацьвердзілі свой статус, прайграўшы толькі аднойчы.

Першыя хвіліны ўчорашняга матча за выхад у паўфінал толькі пацьвердзілі меркаваньні скептыкаў: беларускі зь вялікімі намаганьнямі набіралі свае пункты, пры гэтым без праблем даючы закідаць у наш кошык. Аднак да сярэдзіны першай чвэрці пачалі памыляцца і чэшкі, некалькі нятрапных кідкоў фактычна дазволілі беларускам дагнаць суперніц — 15:11. Затое ў другой чвэрці беларусак было проста не пазнаць — дакладныя кідкі, стабільная гульня ў абароне, выйграныя падборы ля абодвух шчытоў. Як вынік, на вялікі перапынак беларускі сыходзілі маючы +4 у сваім актыве — 31:27.

Трэцяя чвэрць зноў засталася за чэшкамі. Яны змаглі пераламіць хаду гульні й нават выйсьці наперад — 39:41.

Апошняя чвэрць павінна была стаць гульнёй нэрваў, і ў гэтай гульні крапчэйшымі аказаліся беларускі. Нібыта зачараваны, мяч упарта ня йшоў у кошык пасьля кідкоў чэшак. Першым трапны стрэл яны нанесьлі, калі да канца гульні заставалася дзьве з паловай хвіліны. На той момант беларускі мелі перавагу ў сем пунктаў. У самай канцоўцы матчу трывожна стала тады, калі за сорак сэкунд да заканчэньня чэшкі закінулі з далёкай адлегласьці, зьвёўшы разрыў беларусак усяго да трох пунктаў. Аднак Кацярына Сныціна ў двух апошніх атаках набрала са штрафных яшчэ тры пункты — 52:46. Беларускі ў паўфінале!

Хто будзе наступным супернікам нашых дзяўчат, зборная Бэльгіі ці Гішпаніі, вырашыцца сёньня вечарам. Паўфінальны матч беларускі правядуць у суботу а 19:30. Жывая трансьляцыя на тэлеканале «Лад».

Выхад у паўфінал для нашай зборнай азначае працяг барацьбы за пуцёўку на алімпійскія гульні ў Пэкін. Ёсьць шанец трапіць туды і без кваліфікацый, для гэта ўсяго толькі трэба перамагчы на гэтым першынстве. Засталося зусім нічога — выйграць два матчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?