Міністэрства адукацыі ці то збіраецца вырашыць, ці то вырашыла, што на педагагічныя спецыяльнасці абітурыенты з залатым медалём змогуць паступаць без экзаменаў.

Мне падаецца, што міністэрства ломіцца ў адчыненыя дзверы. Калі на гэтыя спецыяльнасці прымалі ці прымаюць людзей з 15—20 баламі па профільным прадмеце, асабліва такім, як матэматыка, фізіка, хімія, то ці можна сур’ёзна казаць, што гэта экзамен? Вядома ж, не. То бо такім чынам зраўняныя і людзі з добрымі ведамі, і няўмекі.

Сам я 35 гадоў адгараваў у школе і глыбока перакананы, што школьны настаўнік — ключавая постаць у грамадстве і школьная адукацыя — ключавая ў дзяржаве. Менавіта тут пачынаюцца лекары, будаўнікі, канструктары, слесары, афіцэры і кагэбісты, трактарысты і аграномы, дармаеды і шарлатаны, палітыкі і чынавенства. А ўжо ўнутры школьнай адукацыі найважнейшай ёсць пачатковая школа. Калі дзіця навучана добра чытаць, якасна гаварыць, акуратна і граматна пісаць, добра лічыць у памяці, то гэта выдатны грунт для ўсёй наступнай адукацыі.

Значная частка насельніцтва лічыць настаўнікаў лайдакамі і дармаедамі. Здаецца, дзяржава згодная з гэтымі люмпенаўскімі меркаваннямі.

З уласнага досведу скажу, што праца настаўніка цяжкая, патрабуе сталай працы з уласнымі ведамі і вонкавай інфармацыяй і, беручы ўвогуле, гэта не надта жаночая прафесія. Гэта хутчэй мужчынская доля. Але ў нас жанкам можна ўсё: стаяць на пнеўмаперфаратары, варочаць рэйкі, заліваць асфальт, вучыць дзетак.

Савецкая ўлада ставілася да школы як да працягу агітпропу. Адпаведна, настаўнік быў дапаможным кадрам, які можна было выкарыстоўваць як хочаш і за якія хочаш сродкі. Савецкі настаўнік быў танны, дапаможна ідэйна­паслухмяны, шарачок. Зараз, азіраючыся назад, я магу ацаніць савецкае стаўленне да настаўніка як цынічны здзек. «Глядзіце, ён прыйшоў у школу, каб зарабляць грошы», — крычаў на мяне рэдактар газеты «Чырвоны Кастрычнік» падчас «сяброўскай сустрэчы» ў іхнім райкаме.

Цяперашні прымітыўны рэжым у растаптанні настаўніка пайшоў шчэ далей. Ад вясковага настаўніка адабралі невялікую, але істотную льготу — бясплатнае паліва. Адабралі мікрадаплату на электрычнае святло. Па сутнасці, адбіраць болей няма чаго. Хіба што пенсію: яна мізэрная.

Застаючыся ў ідэалагічных аглоблях, школа і настаўнік апынуліся пад прэсінгам гэтак званай «ідэалагічнай вертыкалі». На настаўніка і школу ўскінутыя тыя праблемы, якія не можа, ці не здольны, ці не хоча вырашаць сам рэжым. У сістэме адукацыі пануе тэрор у дачыненні да настаўніц, бо рэдкі мужчына выжыве ў такіх умовах. Недарэчна казаць пра абаронную ролю прафсаюза: ён — адзін са стаўпоў дзяржавы, што на баку працадаўцы.

Заробак застаецца нізкім, псіхалагічны стрэс высокім. «У нас у школе сталінскія парадкі», — так ахарактарызавала школьную атмасферу калега.

Не лепей ацэньваюць школьныя парадкі і вучні. І гэта вельмі блага.

Канечне, можна спрабаваць прывабіць словамі «вышэйшая адукацыя» наіўную і энтузіястычную частку маладых людзей на педагагічныя прафесіі. Але што яны зробяць, калі пабачаць свой разліковы квіток і абвестку, што «патрэбен кладаўшчык з аплатай 6.000.000 руб»?

Я б параіў міністэрству лепей знайсці прыдумку і абавязаць маладых настаўнікаў адпрацоўваць сваю адукацыю 100 гадоў. За вопратку і чаропку ідэалагічнай поліўкі.

Гэтак у нас будуць сталыя кадры, школы пазбавяцца «пераменнага складу» і запануе такая жаданая «стабільнасць». Ура!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?