8 снежня былі 22-­я ўгодкі Белавежскіх дамоваў. То бок канчатковага, як лічыцца, распаду СССР. Але пытанне — ці канчатковага? — застаецца дасюль.

На жаль, асэнсаванне распаду СССР, нават грунтоўнае, так і не пазбавілася прымітыўных эмоцый — ці то ўхвалення, ці то шкадавання, ці то наўпрост агрэсіўнага абвінавачвання трох «разбуральнікаў». Так ці інакш, у масавай свядомасці і, адпаведна, у афіцыйных СМІ, а мо і наадварот, прычыны і наступствы «найвялікшай», па Пуціну, «геапалітычнай катастрофы ХХ стагоддзя» зводзяцца да высновы, што «не ўсё было дрэнна ў Савецкім Саюзе». І да бясконцага суму.

Моладзь увогуле мала што ведае пра тое жыццё.

З якіх палітычных прыярытэтаў узнік пуцінскі тэзіс пра катастрофу, добра вядома — імперская палітыка, як ні фарбуй яе, патрабуе абгрунтавання.

Насамрэч катастрафічным было само існаванне СССР.

Доказы гэтай катастрафічнасці незлічоны. Да ўсіх вядомых, накшталт ГУЛАГу, Галадамору, найкрывавейшай у гісторыі чалавецтва вайны, да якой СССР прыклаў і свае намаганні, крывадушнай ідэалогіі і пабудаванай на касцях эканомікі з яе разбураючым мараль дэфіцытам усяго і ўся, дадам толькі тое, што катастрафічнасць малазаўважна месцілася па завуголлях псіхікі ці не кожнага чалавека.

Як землятрусу ці іншым прыродным катастрофам папярэднічаюць незвычайныя, малазразумелыя паводзіны розных жывых істот, так і ў чалавечым асяроддзі, у чалавечых паводзінах прадчуваецца наспяваючая катастрофа. Ніхто не ведае, калі яна грымне. Але грымне непазбежна.

Яно так: глабальныя, тэктанічныя зрухі паступова выспяваюць на так званым мікраўзроўні. Найперш у адносінах паміж людзьмі.

Сёння з нагоды чарговых угодкаў распаду СССР прапаную чытачам «Нашай Нівы», асабліва маладым, гісторыю, што адбылася ў 80­-х гадах мінулага стагоддзя ў Светлагорску. І заадно самім вырашыць, ці сапраўды канчаткова сканаў СССР. На мікраўзроўні…

Знешне гісторыя мала чым адрозніваецца ад сучаснай крымінальшчыны. Мо толькі тым, што ў савецкія часы, як многія думаюць, унукі не забівалі бабулек.

Забівалі.

Аднак уся справа ў тым, чаму…

Жменька попелу

…І вось яны пайшлі ад вакзала напрасткі ў лес.

Дарога была знаёмая, і лес, што патанаў у доўгім чэрвеньскім змроку, не пужаў: за соснамі мільгацелі агні ў дамах новага мікрараёна, недзе грала музыка, а непадалёк усхліпвала рака, што ўгадвалася па космах туману і асвяжаючай прахалодзе начной расы. Агні ў дамах, праўда, хутка гаслі — набліжалася поўнач і горад стомлена адыходзіў да сну.

Ішлі ўтраіх. Наперадзе Аляксандр Качароўскі (тут і далей прозвішчы змененыя — С.В.), за ім ягоная бабуля, таксама Аляксандра, толькі Сцяпанаўна, услед, па хваістай абочыне, каб не запэцкаць у вільготным пяску новенькія красоўкі, знаёмы Аляксандра Алег Пацапчук. Адну бабуліну кашолку нёс Аляксандр, другую яна сама. Хаця ён і намагаўся дапамагчы, не аддала. Ці ж мала ў старасці сваіх нетлумачальных дзівацтваў?

«…Ой, унучак, мяне нехта стукнуў!»

Аляксандр павярнуўся, убачыў бабулю, што ледзь узнімалася з зямлі, фігуру Алега, што застыла ці то ў разгубленасці, ці то ў чаканні, і раптам высока падскочыў, выкінуўшы ўперад нагу…

Такая ў іх была дамова — першы б'е Алег…

Потым на допытах кожны з іх намагаўся як мага дакладней намаляваць карціну злачынства: хто, колькі і чым нанёс удараў, як закрычала бабуля «нямым голасам», як цягнулі яе, ужо нежывую, спачатку па дарозе, потым праз лес, змінаючы кусты і здзіраючы малады мох, да ракі, пакідаючы сляды, адпачываючы ад нечаканага цяжару бабулінага цела, пакуль, нарэшце, не натыкнуліся на адчынены залеўны калодзеж на беразе…

Паспешлівага спалоху, аднак, у іх дзеяннях не было. Перш чым кінуць ахвяру ў калодзеж, спрабавалі абшукаць яе, гэта аказалася цяжка і стомна, яны нічога не знайшлі і засяродзіліся на змесціве кашолак. Там былі кофтачка, шарсцяная хустка, мяшочак з пернікамі, пара бутэлек з-­пад малака, старая скураная сумачка, а ў ёй кавалачкі паперак з нумарамі тэлефонаў, адрасамі і перавязаны шнурком скрутак. Развязалі, знайшлі пашпарт, нейкія даведкі з пячаткамі, медаль. «На тым медалі, — паказваў на допыце Алег, — была выяўлена жанчына з маленькім дзіцём на руках. І яшчэ зорка».

Пашпарт яны спалілі — жменька попелу, добра што ноч і раніца былі без ветру, засталася на беразе. А медаль Алег кінуў у раку.

Гэта быў медаль «Мацярынская слава» — шасцярых дзяцей нарадзіла і выгадавала Аляксандра Сцяпанаўна. Пяцёра сыноў, дачка, у кожнага свае дзеці, то бок унукі, і сярод іх Аляксандр, Саша, Сашанька, яе радасць, яе крывіначка…
Яе кроў.

Званок уначы

Плямы крыві на джынсах, на кашулі выявіла маці Аляксандра Ганна. Пакуль сын адсыпаўся, яна старанна адмывала іх, ліхаманкава прыдумляючы выратавальнае для яго алібі. Нешта падказвала ёй, што Аляксандр, які з’явіўся ў хаце пад самую раніцу, замешаны ў нейкім злачынстве, страшным на гэты раз. А калі назаўтра ў горадзе стала вядома, каго знайшлі ў калодзежы на беразе, яна ўжо не сумнявалася, чыю кроў намагалася беспаспяхова адмыць. Пагроза сына забіць бабулю здавалася ёй пустой балбатнёй і глупствам, Ганна так і гаварыла яму: «Не рабі гэта глупства». І вось зараз яна набыла відавочны, жудасны ў сваіх рэальных падрабязнасцях абрыс.

Прайшоў дзень, ноч, яшчэ дзень. Аляксандр некуды сыходзіў, вяртаўся, а ўвечары другога дня зачыніўся ў спальні і моўчкі ўперыўся ў столь. З Бабруйска, атрымаўшы тэлеграму «Памёрла мама», прыехалі ўжо Васіль і Аляксандр, з Брэста — Георгій. Сабраліся спачатку ў Анатоля, мужа Ганны, потым пайшлі да Надзеі, дзе ўжо стаяла труна, потым на вакзал сустракаць старэйшага брата Міхаіла — яго аднаго занесла ў далячынь, ажно ў горад Уральск. Міхаіл прыехаў уночы, а пасярод яе ў кватэры следчага пракуратуры Русіновіча прагучаў званок.

Два дні Русіновіч і міліцыя працавалі без адпачынку. Ужо была зроблена ўся папярэдняя работа, ужо былі дапытаныя першыя падазроныя, але ніхто з іх Аляксандру Сцяпанаўну не ведаў і сцежкі іх у тую ноч нідзе не перасякаліся. Дапытаў Русіновіч і Надзею. Так, адносіны з маці былі дрэнныя, яна сышла з дому, бадзялася па горадзе, часцяком бачылі яе ў лесе, збірала бутэлькі, начавала дзе прыдзецца — на вакзале, ля крамы, у знаёмых бабулек… Русіновіч знайшоў і гэтых бабулек. Яны плакалі ўголас, шкадавалі забітую, згадвалі, як яна скардзілася на дзяцей, на дачку, што выгнала яе і пагражала падпаіць кагосьці, каб яе забілі. Вось і хавалася, усё больш па лясных сцежках хадзіла, прыгаворвала «прыйшоў май, і пад кусцікам рай»… Але веры ва ўладкаванне свайго жыцця не губляла, маўляў, да халадоў даб’ецца ў гарсавета кватэры — і разгортвала скруткі, паказвала свой медаль, медалі мужа за Кёнігсберг і Берлін, даведку ваенкамата пра тое, што муж яе ваяваў і памёр ад ранаў у 1954 годзе, бедавала, што знікла ягонае пасведчанне інваліда першай групы, і ўпэўнівала, што яго скрала дачка, каб атрымаць кватэру…

Напрыканцы другога дня Русіновіч зайшоў у тупік. Не тое каб ён не ведаў, што рабіць далей, але версіі, што маглі б так ці гэтак тлумачыць падобныя злачынствы, патаналі ў шмат якіх пабочных, на першы погляд, падрабязнасцях. Крадзеж? Але яго не было, у вопратцы забітай знайшлі прышпіленыя ў розных месцах кашалькі з грашыма. Нечае п'янае вар’яцтва? Наўрад ці, слядоў жывёльнага гвалту не выяўлена, а час забойства быў дастаткова познім, каб старая магла збіраць бутэлькі ў лесе і натыкнуцца на п'яную кампанію… Збірала бутэлькі? Тут нешта ёсць. З таго часу, як ўзнялі іх цану, збіранне пустых бутэлек у горадзе, асабліва ў лесе, у зоне адпачынку, набыло пагрозлівыя памеры. Займаліся гэтым промыслам найперш п'янюжкі, але было і шмат пажылых людзей. Асабліва завіхаліся бабулькі, абыходзячы прымятыя летнімі вечарамі паляны, кусты… Што праўда, закона, каб забараняў збіраць пустыя бутэлькі, няма, з практычнага пункту гледжання ёсць у гэтым занятку нават нешта карыснае — і лес чысцейшы становіцца, і якое-­ніякое дабро не прападае. Але ж дабро дармавое, усялякі спосаб пажывіцца дармаўшчынай грамадская мараль лічыць ганебным, вакол дармаўшчыны атмасфера, як правіла, напалена… Вось і з бутэлькамі да чаго дайшло — лес на дзялянкі падзялілі, крый божа якому зборшчыку ў чужыя ўладанні залезці! Русіновіч ужо сутыкаўся з бойкамі, што ўзнікалі на «бутэлькавай» глебе, і версія пра помсту з боку «канкурэнтаў» падавалася яму больш-менш імавернай. Бянтэжылі, праўда, сляды красовак — абутак маладзёжны, спартовы. Але маглі ж і згадзіць…

Ён зразумеў, што калі не засне, працаваць заўтра не здолее. І вось на табе, сярод ночы — званок.

«Я, Качароўскі…»

Званілі з міліцыі, прасілі тэрмінова прыехаць. Ля міліцыі стаяла група людзей — некалькі мужчын, жанчына. Ён прайшоў міма.

У дзяжурцы ўбачыў высокага, з круглым тварам хлопца. Дзяжурны неўразумела развёў рукамі: «Вось, унук з’явіўся, гаворыць, што забіў»…

Русіновіч стомлена апусціўся на крэсла, падсунуў Аляксандру паперу, ручку. Пакуль той пісаў, глядзеў на яго, яшчэ дрэнна разумеючы, што адбываецца. Успомніў раптам вартаўніцу прывакзальнага магазіна, у якой час ад часу начавала Аляксандра Сцяпанаўна, і яе словы: «Гэта маглі зрабіць толькі яе дзеці…»

Ён ужо зразумеў, хто стаіць ля міліцыі, але аніякага жадання зараз жа размаўляць з імі не было. Ён не верыў, баяўся верыць. Здавалася, павінна было прыйсці пачуццё прафесійнай палёгкі, аднак не прыходзіла. Не таму, што злачынец з’явіўся сам і, па ўсім, піша праўду. Менш за ўсё ён думаў пра свой прэстыж, менш за ўсё папракаў сябе за нездагадлівасць, бо ланцужок фактаў няўмольна вёў да сям’і. Але ён адводзіў гэты ланцужок убок, прапрацоўваючы н а р м а л ь н ы я версіі. Пазней, у размове, ён прызнаваўся, што не мог, не хацеў, нават не жадаў «так жорстка мысліць». А зараз, гледзячы на забойцу, успомніў сваё дзяцінства, юнацтва, удовіныя слёзы маці… Спытаў у сябе: а ці ж лёгкім было дзяцінства тых, хто стаіць зараз на вуліцы? Саракавыя, пяцідзясятыя, безбацькоўшчына, голад… Ён падумаў, што іхняя маці амаль усё жыццё пражыла ў вёсцы, і гэта сталася для яго раптам шматвызначальным — на вёску тых гадоў ён яшчэ не забыўся. Вось і Надзея, падумаў, нарадзілася ў 46­-м. Выходзіць, праз год, як бацька вярнуўся з вайны…

Русіновіч злавіў сябе на тым, што зусім не думае пра матывы забойства, быццам гэта было ўжо неістотна. Перад вачыма зноў і зноў узнікала старая, і ўсё, што ён паспеў зазнаць пра яе, вяло да пытання не пра матывы забойства — пра матывы яе дзіўнаватага ладу жыцця. Як жа так, думаў ён, шасцёра дзяцей і… бутэлькі, вакзальная лава, выпадковыя прыстанкі… І прычым тут унук?

Увага яго зноў перакінулася на Качароўскага. Той пісаў засяроджана, не спыняючыся, мусіць, ужо пераадолеў хваляванне, і на ягоным твары прамільгнуў адбітак нейкай усвядомленай невінаватасці. Дапісаў, адкінуўся ў крэсле. Русіновіч працягваў глядзець на яго, шукаючы ў адказ хаця б цень раскаяння, ці страху, ці пакорлівай гатоўнасці да пакарання, аднак нічога, акрамя безуважнасці, не ўбачыў…

«Я, Качароўскі Аляксандр Анатольевіч, 1964 года нараджэння, слесар…»

Вядома хто — маці

З Пацапчуком яны дамовіліся тыдні за два да трагічнай ночы. Сяброўства, нават блізкага знаёмства, паміж імі не было — так, мільгаценне твараў на дыскатэках, у вулічных кампаніях, пляжным гультайстве. Дзённымі сваімі заняткамі і ўвогуле не межаваліся: Качароўскі працаваў на заводзе штучных валокнаў, вакол каторага ўзнік Светлагорск, Пацапчук, на два гады малодшы, вучыўся ў ПТВ.

Такім чынам, у іх сустрэчы і змове пераважваў элемент выпадковасці. Але было і нешта злавесна заканамернае ў тым, што выбар Качароўскага для выканання сваёй задумы аказаўся беспамылковым. Што?

Трэба, вядома, ведаць самога Качароўскага і абставіны ягонага жыцця, каб адказаць на гэта пытанне. Да пэўнага часу фігура яго паўстае ў нейкім плоскасным выяўленні. Школа, завод, вячэрні тэхнікум… Ніколі нічым не хварэў, займаўся спортам, дзядзька Георгій, гаворачы пра пляменніка і свае адносіны з ім, толькі і здолеў выказацца такім чынам, што «заўсёды захапляўся тым, які ён высокі, плячысты і больш нічога».

Паступова, аднак, вобраз Качароўскага набывае глыбіню і аб’ём. Высвятляецца, што злачынства сваё Качароўскі здзейсніў, як толькі адбыў пакаранне за крадзеж у цягніку. У суседнім Жлобіне на яго заведзена крымінальная справа за ўдзел у збіцці чалавека.

Следства, аднак, тамтэйшая міліцыя вядзе марудна, хаця размова ідзе пра злоснае хуліганства. Усплыла раптам і гісторыя з угонам машыны. Яе, бацькоўскую, па заяве Ганны міліцыя шукала некалькі дзён, вытрымліваючы бескапрамісную патрабавальнасць пацярпелай і зневажальныя пагрозы знайсці на яе, міліцыю, управу…

Разбітыя «Жыгулі», аднак, хутка былі знойдзены, высветлілася, што гэта справа рук сына, гісторыя заглухла і сын быў дараваны…

Потым з’яўляюцца характарыстыкі. Школа сцвярджае, што Качароўскі «… вызначаўся ўпартым і грубым характарам. Блізкіх сяброў не меў, бо часцяком падманваў аднакласнікаў. Запальчывы, недысціплінаваны. Некалькі разоў быў выкрыты ў дробных крадзяжах. Захапляўся роварным спортам, актыўна ўдзельнічаў у спартовых спаборніцтвах…»

Тэхнікум характарызуе не столькі Качароўскага, колькі ягоную маці Ганну, якая «выпрошвала ў настаўнікаў адзнакі, нават пагражала ім…» Заводскія «разумнікі» наогул прапануюць паразмысліць над сумяшчальнасцю несумяшчальнага: «… да выканання сваіх працоўных абавязкаў ставіўся добра, хаця меліся выпадкі парушэнняў працоўнай дысцыпліны»…

Нагод спыніць Качароўскага і людзей, якія здолелі б гэта зрабіць, было, як бачна, звышдастаткова. Але вось што цікава: ён ніколі не быў у спісе так званых «цяжкіх».

Нехта ўмела дапамагаў яму пазбягаць ускладненняў, ствараў у вачах людзей навокал і яго самога ўражанне знешне шчаслівай плыні жыцця.

Зрэшты, вядома хто — маці. Ва ўсіх сутыкненнях Качароўскага з грамадствам, ці то школьны, студэнцкі альбо працоўны калектыў, паміж імі паўставала постаць маці, змякчаючы канфлікты, пазбаўляючы іх у свядомасці сына сапраўднай вастрыні і небяспекі, нараджаючы ў ім адчуванне не толькі беспакаранасці, але і нейкай правамернасці, натуральнасці антыграмадскіх паводзінаў.

Але гэта заступніцтва было прадыктавана не толькі сляпой любоўю да сына. У сям’і панаваў культ рэчаў, культ матэрыяльнага дабрабыту, і ён, па ўпэўненасці Качароўскай, даваў сыну непараўнальную перавагу над тымі, хто кіраваўся ў жыцці іншымі каштоўнасцямі.

На фоне няўдалага сямейнага жыцця (з Анатолем, які часта і надоўга з’язджаў на Поўнач, Ганна разышлася, працягваючы, зрэшты, сумеснае пражыванне, і адзінай сувяззю, на якім яно трымалася, былі вялікія заробкі былога мужа) эгаізм, што быў унушаны Качароўскаму, ператварыўся ў ягоным разуменні ў адзіны спосаб самасцвярджэння. Эгаізм, што быў даведзены да паталогіі.

Паталогіі, зрэшты, псіхічнай у тым ліку, медыцынская экспертыза ў Качароўскім не знайшла. Але выснову зрабіла паказальную: «Запас ведаў ніжэйшы за атрыманую адукацыю, аднак добра разбіраецца ў практычных пытаннях».

Я не ведаю, якія пытанні задавалі Качароўскаму эксперты, але ягонае злачынства было прадыктавана меркаваннем менавіта практычным. І здзейснена, ад задумы да зыхода, цвяроза, разважліва, з ашаламлянай жорсткасцю не толькі дзеянняў, але і матываў.

«Дваццацьпятную дасі?»

Першай пра гэтыя матывы зазнала маці, другім Пацапчук, трэцім — Русіновіч. Маці, нагадаю, «забараніла забіваць бабулю» — такое яе паказанне на допыце. Пацапчук… У таго былі свае матывы, пра іх трохі пазней.

Русіновіч жа, прачытаўшы «…забіць бабулю мяне вымусіла вялікая ганьба…», спатыкнуўся, перачытаў ізноў і паставіў побач вялікі пытальнік. Ён зразумеў раптам, што р а с к р ы ц ь злачынства будзе нашмат цяжэй, чымсьці здавалася, калі ён, чытаючы прызнанні Качароўскага, адзначаў супадзенне ўжо сабраных доказаў, месца і часу забойства.

Ганьба?

Выбар Пацапчука ў кампаньёны быў, паўтаруся, прадвызначаны цвярозым разлікам. Качароўскі ведаў, што ён займаецца каратэ, і меркаваў, што аднаго ўдару будзе дастаткова. Заставалася толькі дамовіцца. «Дваццацьпятную дасі?» — запытаўся Пацапчук.

«Мне патрэбны былі грошы, каб набыць пратэін, бо ён садзейнічае росту мышцаў, а я займаюся культурызмам…»

Ён усё ж паспеў да арышту прыдбаць бутлю чорнай вадкасці, што ўжываецца, паміж іншым, для адкорму скаціны…

Трэба казаць пра пажыўнае асяроддзе, у якім гадаваўся Пацапчук. Пра ягоную маці, прыбіральшчыцу, што не шкадавала для адзінага сына нічога, абы ён быў сыты, абуты, апрануты па модзе — «чым мы горшыя за іншых?» — і бесклапотны. Так і не зразумеўшай, што сталася з ім.

Трэба казаць і пра Богуша, майстра працоўнага навучання СПТВ у Жлобіне, куды Пацапчук патрапіў пасля школы. Навучанне давалася цяжка, ён папрасіўся ў групу да Богуша, бо той — былы спартовец.

Богуш напісаў яму характарыстыку, з палёгкай уздыхнуў, калі Пацапчук вырашыў перавесціся ў СПТВ у родны Светлагорск. Вось яна: «Палітычна граматны, фізічна здаровы, рэгулярна сочыць за сваім знешнім выглядам. Мае пропускі заняткаў па ўважлівых прычынах, сярод таварышаў карыстаецца аўтарытэтам… Акрамя таго, вывучыў факультатыўны курс па этыцы…»

Іншая характарыстыка даслана са Жлобіна ў адказ на запытанне Русіновіча: «…меў цягу да маральна сапсаваных учынкаў: пракалоў вуха і ўставіў завушніцу, адпрацоўваў прыёмы каратэ ў лесе да крыві на руках, падгольваў скроні, падобна на «панкаў»…»

Яны ездзілі на вакзал некалькі дзён. То не заспявалі бабулю, то людзей у зале чакання было зашмат. Нарэшце, заспелі, Качароўскі ўгаварыў яе пайсці начаваць дадому, узяў кашолку і яны рушылі ад вакзала наўпрасткі ў лес…

Дзеткам — на чорны дзень

Вёска П. месціцца ў зоне прыцягнення двух гарадоў — Бабруйска і Светлагорска. Туды, у асноўным, і цягнуліся, падрастаючы, дзеці Аляксандры Сцяпанаўны Качароўскай. Скончыўшы школу, яны пакідалі родныя мясціны ў пошуках надзейнай справы, прыстойных заробкаў і добра наладжанага быту.

Слесар, токар, электрык, механік, круцільшчыца — кожнаму знайшоўся ў іх гарадскім жыцці занятак па душы. Паступова абзаводзіліся сем’ямі, час ад часу наведваючы матулю. Тая ўвіхалася ля гаспадаркі, прывячала гасцей, радавалася ўнукам. Некаторыя заставаліся ў вёсцы надоўга, набіраліся моцы і здароўя на свежым паветры і парным малацэ.

Сямейнае дрэва разрасталася, моцнымі здаваліся карані і ствол, а маладыя парасткі абяцалі ў будучыні цяністую карону, тую самую ласку, якая і ёсць суцяшэнне старасці, яе спакой і ціхая радасць.

У Бабруйску і Светлагорску, пра Уральск і казаць няма чаго, матуля бывала зрэдку — дзеці калі і запрашалі яе, то збольшага па неабходнасці, зноўку ж за ўнукамі прыглядзець. Але і сама не вельмі любіла гасцяваць у дзяцей — і гаспадарку пакідаць няма на каго і не падабалася ёй гарадское жыццё: заўважала, што не ўсё добра ў сынавых і дачушкінай сем’ях.

Анатоль п'е і гойсае па белым свеце, у Георгія ад жонкі шалапутнай жыццё неспакойнае, і Надзея вось з мужам разышліся… Здавалася ёй, што дзеці мала пра сваё будучае клапоцяцца, хмурнела і раздражнялася ад дробязей, падбірала ўсялякую кінутую дзецьмі корачку хлеба, анучку, бурчала, калі чайнік на газе перастоіць і святло паліцца дарэмна.

Не разумела, як гэта можна так не па­-гаспадарску дабро марнатравіць, і паціху, капейчына да капейчыны, рубель да рубля, назапашвала на іх, дзяцей, чорны дзень…

Потым, на допыце, Георгій у асуджэнне скажа, што маці была «эканомная». Надзея ўдакладніць — «прагная…»

З вёскі да сябе ў Светлагорск Надзея забрала маці ўвосень 1980­-га. І раней матуля жыла ў яе даўжэй, чымсьці ў братоў: гля­дзела ўнука, пакуль дачка хадзіла на працу, у вячэрнюю школу, да сяброў і сябровак. Надзея цярпліва зносіла яе «дзіўнаватасці», бурчанне і незадаволенасці.

Потым маці з’ехала. І вось па настойлівым патрабаванні дачкі вярнулася. Назусім: на заводзе, дзе працавала Надзея, падышла чарга на кватэру, з «маласямейкі» ў аднапакаёўку не хацелася, і яна прапісала ў сябе маці…

У новай кватэры і жыццё пайшло па-­новаму.

Ужо не Надзея да сяброў і сябровак, а яны зачасцілі да яе. Старая перашкаджала, раздражняла, успыхвалі сваркі — што праўда, характар старой ад рэзкіх пераменаў у жыцці стаўся нецярпімым. Надзея, зрэшты, і не збіралася цярпець — слоў не выбірала, пагроз не шкадавала…

Прасвет з’явіўся, калі Георгій забраў маці да сябе ў Бабруйск: да таго часу ён развёўся з жонкай, дзеці заставаліся без нагляду… Забраў, здавалася, назаўсёды, нават выпісаў маці з новай кватэры ў Светлагорску. Халасцяком, аднак, пабыў не больш года — наперадзе замаячыла іншае жыццё, ён сабраў дзяцей, новую жонку і, пасядзеўшы на дарожку, з’ехаў у Брэст. А маці усё з тымі ж кашолкамі — свая ноша не цяжкая — вярнулася да Надзеі…

Калі­-нікалі, наязджаючы ў Светлагорск, яе прыводзіў да сябе Анатоль. Ганна скандаліла, а калі пасля чарговага начлега зніклі 600 рублёў і кавалак каўбасы, шлях у дом сына быў забаронены.

Анатоль пазваніў Георгію — прытулі маці. «Не магу, брат, скажы ёй, каб зняла кватэру, а мы будзем аплочваць». Тое самае — Васіль. Аляксандр наогул параіў: «У гарсавеце ёсць тапчан, хай ідзе ў гарсавет і спіць на тапчане»…

І яна пайшла ў гарсавет

Мікалай Рыгоравіч Набочанка, старшыня, адразу зразумеў, у чым справа. «Не, бабуля, мы не можам даць вам кватэру, гэта будзе не па законе. А вось з дачкой разбяромся», — і пазваніў на завод.

Разбіраўся прафкам. Была створана адпаведная камісія, яна абследавала жыллёвыя ўмовы Надзеі, апытала суседзяў і склала акт: кватэра вялікая, добраўпарадкаваная, маці ўпісана ў ордар, з дачкой, аднак, не ўжылася…

Пазней у прафкамаўскай кнізе прыёму наведвальнікаў з’явіўся запіс: «Качароўская Аляксандра Сцяпанаўна. Пяць гадоў гадавала ўнука, хлопчыку 9 гадоў. Пераехала да дачкі. Дачка пагражае — падпаю каго­-небудзь, цябе задавяць і выкінуць. І маці не жыве ў дачкі»…

Зноў стварылі камісію. На­дзея плакала, казала, як цяжка жыць з маці, але яна яе не выганяла, тая сама сышла, ганьбіць яе, збіраючы бутэлькі, начуючы, дзе прыдзецца… Так, пагадзілася камісія, сапраўды сама сышла. І ў графе «Прынятыя меры» з’явіўся новы запіс: «Агульнае меркаванне: Коткіна не вінаватая ў дрэнных адносінах з маці. Маці дамагаецца кватэры».

І ўсё. І кропка.

Жыць Аляксандры Сцяпанаўне Качароўскай заставалася восень, зіму, вясну, да першага дня чэрвеня… Па змрочным супадзенні — міжнароднага Дня абароны дзяцей…

Старых ніхто не лічыць

Не ведаю, ці трэба яшчэ што тлумачыць.

Я размаўляў са старшынёй гарвыканкама Набочанкам. Малады, энергічны, заклапочаны тысячай неадкладных справаў… Не, на Качароўскую не забыўся, нават дзень і гадзіну, калі тая была ў яго, памятае. «А вы ведаеце, колькі ў нас такіх старых? Вось, глядзіце», — і ён дастаў з шуфлядкі стала дзве папкі. У адной быў агульны гарадскі спіс на паляпшэнне і атрыманне жылой плошчы, у другой — ільготны.

«Дык вось, у агульным спісе амаль ніякага руху, змяняецца толькі льготны. Але не змяншаецца, — ён задумаўся, паціраючы скроні. — Вы запытаеце чаму? Чаму ў горадзе, якому ледзь за дваццаць, так многа старых? Звозяць іх з вёсак, вымушаюць хаты прадаваць, гаспадарку згортваць і — у горад.

Здараецца, што і без продажу хат ліпавыя даведкі здабываюць — дом у вёсцы і пасля смерці бацькоў спатрэбіцца… Што праўда, старым, асабліва адзінокім, у вёсцы цяжка заставацца.

Яно і правільна, па прыродзе правільна — разам з дзецьмі жыць. Але дзеці карыстаюцца старымі па патрэбе, карыстаюцца іх правамі і льготамі. Глядзіце, што ні бацька, то ветэран, удзельнік, інвалід, у першую чаргу ўсё ім ці іх жонкам. Насамрэч, дзецям.

Толькі дзеці, атрымаўшы сваё, забываюцца на старых, нават пагарджаюць імі. Вось і мыкаюцца тыя, парогі абіваюць, скардзяцца на дзяцей. Цеплыню і паразуменне шукаюць паміж сабой, суцэльныя суполкі старых узнікаюць. Ну і занятак сабе знаходзяць — хто на лаўцы ля дома пасядзець, хто ўсе магазіны абысці, хто ў лес, па бутэлькі — занятак не бессэнсоўны атрымліваецца…

«Колькі, — пацікавіўся я, — у горадзе такіх старых?» — «Шмат, — паўтарыў Набочанка, — вельмі шмат…»

Пазней я даведаўся, што па статыстыцы сярэдні ўзрост жыхароў Светлага горада — 27 гадоў. І аказалася, што старых ніхто і не лічыць. Што пабачыць праблему за чалавекам значна лягчэй, чымсьці чалавека за праблемай. Кожнага. Пайменна. Па прозвішчах…

Здымак на памяць

…Я пайшоў да Надзеі позна ўвечары. За сценкай неспакойна спаў сын.

«Карміла яе, апранала… Што ёй яшчэ было трэба? Колькі ганьбы ад людзей нацярпелася!»

Раптам адчыніліся дзверы і ў пакой убегла заспаная дачушка, мо гадоў сем, прытулілася да Надзеі: «Мама, а табе шкада бабулю? Мне чамусьці не шкада…»

Надзея яшчэ мацней заплакала, потым сцішылася і прынесла — я папрасіў — сямейны фотаальбом. Вось брат, вось сяброўка, а вось і яна з матуляй — стаяць у садзе, пад ябынямі, узяліся за рукі… А вось і Аляксандр з бабуляй — глядзяць у аб’ектыў, нахіліўшы адзін да аднаго галовы, хлопчык гадоў дзесяці і жанчына, яшчэ не старая, у прыгожай, з кветкамі, сукенцы. На памяць здымак.

Ён так нічога і не зразумеў, Аляксандр. Пасля суда, калі людзі, уцяміўшы, крычалі Качароўскім «забойцы!», ён напісаў у касацыйнай скарзе, просячы скараціць 15­-гадовы тэрмін зняволення: «паводзінаў сваёй бабулі… Яна ганьбіла. Злачынства здзейсніў пад уплывам няправільных нашу сям’ю, мяне…»

* * *

…Я пакідаў горад у ясны марозны дзень. Дымеў завод, узнімаліся ўздоўж навярэджанай магістралі шматпавярховыя дамы, у заснежаным лесе мільгацелі рознакаляровыя постаці лыжнікаў, асляпляла белізной шырокая прастора ракі — і сапраўды малады, прыгожы, светлы горад. А з памяці маёй усё не сыходзіла і, мо, ужо ніколі не сыдзе заспаная дачушка Надзеі: «Мама, а табе не шкада бабулю? Мне не шкада…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?