Абвяшчэнне ўрадам плана продажу акцый Мінскага завода колавых цягачоў было ўмовай падпісання з Расіяй нафтавага балансу, заявіла аглядальніца газеты «Белорусы і рынок» Таццяна Манёнак.

«Звярну ўвагу, што ніякага канчатковага рашэння пакуль няма, — заўважыла Манёнак на радыё «Свабода». — Гэта толькі намер урада, і тут варта мець на ўвазе, што беларускія прадпрыемствы прадаюцца толькі з дазволу Аляксандра Лукашэнкі.

Відавочна, што гэтае паведамленне ўраду прынята акурат перад тым, як заўтра, 19 снежня, беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам паедзе ў Маскву на перамовы наконт нафтавага балансу на наступны год. Беларусь просіць 23 мільёны тонаў, Расея пакуль не пагаджаецца. Мінск таксама хацеў бы падпісаць баланс на ўвесь год, а не на кожны квартал, як сёлета.

Паводле маіх крыніцаў, дакладна вядома, што расейскі бок падчас гэтых перамоваў запатрабаваў, каб адначасова з падпісаннем нафтавага балансу былі падпісаныя праекты аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў з расейскімі кампаніямі. Гэта тыя самыя «пяць праектаў», якія абмяркоўваюцца цягам года. Таму беларускі ўрад зрабіў усё магчымае, каб стварыць лепшую глебу для сваіх перамоваў. А Лукашэнка тым часам паехаў у Сочы…

Расея неаднаразова заяўляла, што, пастаўляючы нафту танней, яна нясе выдаткі. І каб іх кампенсаваць, Беларусь будзе вымушана «здаць» адзін ці два заводы ў найбліжэйшы час», — прагназуе Таццяна Манёнак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0