Хай народзіцца сын, я сыну,
раз прызначана мне і яму так,
Усё пакіну. Яшчэ пакіну
Па спадзяваннях смутак.
Што ж, яго не змяняць на цацкі,
Як пацук не разменьвае пастку.
Хай ён крыўдны й папросту бл.дскі,
Але наша з табою частка.
Ёй і цеш сябе, ёй і грэйся,
А бывае, тужлівым ранкам
Пасажыру любога рэйса
Час ляцець у любым напрамку.
Ну а нам заставацца, мусіць,
Пад сваімі мурамі старымі.
Усе шляхі вядуць з Беларусі
І губляюцца недзе ў Рыме
Між магіл багоў і тыранаў.
Сыну — Сын, — напісаў бы тады я, —
Ў Мінску старасць прыходзіць рана,
Хоць бацькі твае маладыя.
Нас з рахункаў не спісвае Хронас,
Ён не спаў, калі мы засыналі,
Покуль везла па крузе мятро нас
Пад парадамі іх вакханалій, —
Пакаленне ў бязглуздых арбітах,
Паміж дзён перамогі, якая
Пад граніт на магілах забітых
Аніколі не пранікае.
Цэлы лёс у тугім інтэрвале
Ад Дажынак да свята пагонаў.
Добра бачна, што будзе ў фінале:
Канцавая. «Пакіньце вагоны».
Так гадуюцца дзеці парадаў,
Спажыўцы папяровых штандараў.
Сёння ўдзень ты кагосьці парадаваў,
І ніхто цябе сёння не ўдарыў.
Вось і ўсё. І ад гэтае хвілі
Ты і сын — вы набудзеце права
Жыць на «Лініі Джугашвілі»,
Хаця ваша супольная справа —
Гэта разам плявацца з моста там
Ці выломваць з арэшыны вуду.
Імаверна, я прыкладным татам
У жыцці аніколі не буду.
Я магу расказаць, як у школах
Не даваць сябе трэсці за карак,
Як пачуць грукат ботаў і шолах
У прастрэлах заснежаных арак;
І што той, за стырном аўтазака,
Не пасуе, каб піць з ім ці выпіць.
Гэта — знак. Ён падобны да знакаў
Ля дарогі на ўездзе у Прыпяць.
Вось і трыццаць. Пражытага — трыццаць.
І ўвасоблены ў дзён чарадзе я
Так хацеў бы не паўтарыцца
І застацца ў будзённых падзеях.
Сон прыходзіць. Паветра нямее.
І апошняя з думак пра Гая:
Цэзар, пэўна, любіў Пталемея?*
Але сумны іх лёс.
І другая:
Авэ цэзар, бо гэтае «авэ»
Перададзена з даўніны нам.
Як аддзячыць маёй дзяржаве
За ўсё тое, што здарыцца з сынам?

***
Пталемей Цэзар, сын егіпецкай царыцы Клеапатры і Юлія Цэзара, у народзе называўся Цэзарыёнам. Цэзар, прызнаўшы дзіця сваім сынам, дазволіў даць яму сваё імя, але не даў яму правоў законнанароджанага. Пасля забойства Цэзара быў забіты і Пталемей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?