У крамах «Акадэмкніга» і «Кніжны салон», а таксама ў кнігарні «Ў» з’явіўся новы нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў» за лістапад – снежань гэтага года. Ён стаў 67-м па агульнай нумарацыі.
На якія публікацыі варта асабліва звярнуць увагу?
З паэзіі – вершы Рыгора Барадуліна, Леаніда Галубовіча і Алеся Камоцкага.
З прозы – два апавяданні Віктара Казько і сямейная сага Паўла Касцюкевіча «План Бабарозы».
На «дзеясловаўскія» старонкі вярнуўся Андрэй Федарэнка з аповесцю «Дзядзька Адольф». Апошнім часам празаік друкаваўся на старонках дзяржаўных выданняў.
Пераклады прадстаўлены ўрыўкамі з аповесці Тараса Шаўчэнкі «Мастак», перастворанымі на беларускую мову Валерам Стралко (дарэчы, учора ён адзначыў сваё 75-годдзе).
Алесь Пашкевіч (пісьменнік, а не гісторык) разважае пра творчасць Масея Сяднёва, аднаго з найвыбітнейшых творцаў беларускай эміграцыі.
А Пётра Садоўскі спрачаецца з нігілістычнымі ідэямі філосафа Валянціна Акудовіча, выказанымі ў кнізе «Код адсутнасці».