Пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Зміцер Герасімовіч пры падтрымцы банка «БелВЭБ» стварылі каляндар на 2014 год «Брама навук і мастацтваў нязнаных. Культурны ўплыў Беларусі на Расію ў XVI-XVIII стагоддзях».

Кожнаму месяцу адпавядае цікавы факт з беларускай гісторыі: ці ведаеце вы, што Скарына спрабаваў адкрыць друкарню ў Маскве, расейскі першадрукар Іван Фёдараў паходзіў з Беларусі, і які ўнёсак зрабілі нашыя суайчыннікі ў стварэнне знакамітай Цар-гарматы?

Кожнаму з фактаў адпавядае асобная старонка з падрабязнай гісторыяй той ці іншай падзеі. У выніку маем адначасова каляндар і шыкоўна аздоблены падручнік па гісторыі, створаны ў лепшых традыцыях кнігі «Краіна Беларусь».

«Каляндар выдаў банк БелВэб, — расказвае Уладзімір Арлоў. — Пра ідэю я даведаўся ад начальніка аддзела маркетынга Андрэя Гары і спецыяліста гэтага аддзела Уладзіміра Старыковіча.

Мы даволі плённа папрацавалі, я адказваў за ўкладанне і тэкст, Зміцер Герасімовіч заняўся падборам ілюстрацый, а канчатковая праца над выданнем ішла ў агенцтве «ПінГвін».

Дарэчы, каляндар выйшаў у некалькіх версіях — квартальнік, кішэнны і настольны каляндарык-домік — атрымалася стылёва і сучасна».

Падобных календароў у Беларусі яшчэ не было — аўтары імкнуліся актуалізаваць некаторыя малавядомыя ці забытыя старонкі нашай гісторыі, вярнуць вядомасць шэрагу імёнаў і асобаў, вартых нашай памяці.

Каляндар мае сваеасаблівую інтэрактыўнасць — у канцы кожнага тэкста змешчаны пытанні, якія могуць выклікаць дыскусію.

Спадар Арлоў спадзяецца, што каляндар можа стаць адпраўной кропкай для стварэння іншых календароў, прысвечаных беларусам, якія ўнеслі свой даробак у культуры іншых краінаў.

«У нашым календары выкарыстаныя фотаздымкі Георгія Ліхтаровіча, — расказвае спадар Уладзімір. — Гэтыя здымкі зробленыя ў 80-ыя гады, у час, калі ў гісторыю пачалі вяртаць надзвычай цікавыя, але забытыя факты пра дзейнасць нашых майстроў у Расіі.

Для чалавека дасведчанага вялікай сенсацыі ў іх не будзе, але для некаторых яны могуць стаць сапраўдным адкрыццём».

Глядзі таксама: «Банк БелВЭБ» прэзентаваў беларускі каляндар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?