Дачакаўся, стары ідыёт — «Рэ-ва-лю-цы-я! Рэ-ва-лю-цы-я!..»

«Рэ» — трос на шыю… «Ва» — цягні ў бок… «Лю» — нахіліўся… «Цы» — бразнуўся вобзем… «Я-а-а» — кувалдай, кувалдай па ім, на кавалачкі…

Зрэшты, не толькі стары ідыёт, але шчэ вельмі карысны. Бо журналіст, то бок інтэлігент. А інтэлігенты, паводле Леніна і Стаса Карпава, вельмі «карысныя ідыёты»

Дык вось, у якасці інтэллігента я наведаў аднойчы матроса з «Аўроры». Было яму, мусіць, добра за восьмы дзясятак, а звалі Тадэвушам. Дачка цягнула яго з-пад гары коўдраў на цёплай ляжанцы, угрэты, ён не хацеў злазіць. І, хаваючы твар ад асляпляльнага промня красавіцкага сонейка, што праз акенца прабіваўся ў хату, мармытаў: «Ездзюць тут, ездзюць…»

Шчэ жывых матросаў з «Аўроры», якія «бачылі Леніна», на той час распладзілася зашмат болей, чымсьці служыла на рэвалюцыйным крэйсеры. Але мой быў сапраўдны. Доказ вісеў на сцяне пад шклом агульнай для ўсёй сямейнай фотагісторыі рамцы — са старога зжаўцелага здымка ўперыўся напружаным поглядам хлопец у бесказырцы з «Аўрорай».

«Бачыў, бачыў, — стары звесіў з ляжанцы басыя ногі, — маленькі такі, рыжаваты… Усё зямлю абяцаў…» — «А гэта хто?» — на здымку побач бравы жаўнер пры шаблі і ў канфедэратцы трымае каня. Стары прыжмурыўся: «Дык гэта пры Польшчы, у войску…» — «А гэта?» — «Гэта…». Дзядок нешта намогся адказаць, але дачка замахала рукамі: «Маўчы ўжо, нагаварыўся… Я сама адкажу. Гэта ён як з лагеру вярнуўся… Не хацеў, дурань, пасля вайны ў калгас ісці, у лес падаўся… На следстве ўсё пра Леніна згадваў, як той зямлю абяцаў…»

Раптам бразнула засаўка і праз адчыненыя дзверы ў хату ўварваўся нястрымны подых вясны. Дзяўчынка, гадоў, мусіць, пятнаццаць, паклала ля печы дровы, адчыніла шафу і дастала адтуль пінжак з нейкімі бліскучымі цацкамі: «Дзядуля, хутчэй апранайся, там да цябе піянеры прыйшлі, хочуць, каб на стагоддзе Леніна ты ім гальштукі павязаў…»

Гальштукі…

За сем гадоў да знаёмства з Тадэвушам я працаваў у тых мясцінах настаўнікам і часцяком наведваўся ў старадаўняе мястэчка О. да сяброў, таксама настаўнікаў. Школа-інтэрнат месцілася побач з былым маёнткам славутых Плятэраў, і дзеці жылі ў паўразваленым палацы за магутнымі ліпамі старога парка.

Пасярод парка стаяў маленькі Ленін. Дакладней, пяцігадовы, паводле ўсім вядомага на той час здымка, кучаравы хлопчык, пафарбаваны ў бруднаваты, сям-там запэцканы белы колер. На шыі цьмяна чырванеў піянерскі гальштук, яго не мянялі, і ён ад дажджоў, марозаў і спёкі нагадваў хутчэй брудную анучку, чым натхняльны сімвал. Ніхто не звяртаў на тое ўвагі, а ўзімку інтэрнатаўскія пацаны забаўляліся з маленькім Леніным у снежкі…

Смешна, але прозвішча дырэктара той школы было Троцкі. Вельмі карысны быў «ідыёт», бо шмат добрага зрабіў для дзяцей, кінутых па розных прычынах бацькамі. Што праўда, помніка па сабе не пакінуў…

А маленькі Ленін стаяў на пастаменце, дзе калісьці быў помнік сабаку. Тую гісторыю, дакладней, легенду, расказваюць па-рознаму, нават пра часы, калі яна адбылася. Але сюжэт не блытаецца: той сабака загрыз звар’яцелага ваўка, што доўгі час трымаў у страху ўсё мястэчка. Загрыз, але і сам загінуў ад ран.

Калі зрынулі таго сабаку і паставілі маленькага Леніна, здагадацца не цяжка. Але на пастаменце яшчэ доўга прабіваліся праз бруднаватую фарбу сляды даўняга надпісу — «О, псе!»

Ну, а потым і маленькага Леніна прыбралі, мусіць, цягнулі за гальштук…

Дык што ж карыснага ва ўспамінах «карыснага ідыёта» для сучасных р-р-рэвалюцыянераў, якія мараць пра «дзень, калі мы закінем трасы на статую крывавага ідала, і… зрынем гэтага вернага слугу д’ябла з нашай зямлі. Зрынем, як гэта зрабіў… украінскі народ»?

Мо толькі напамін пра тое, што гісторыя куды як мацнейшая за кувалду. А народ, калі ён народ, куды як мацнейшы за натоўп.

«Навошта нам барыкады, калі нас мільён?!» — мо самае слушнае, пачутае ад майданаўца, для разумення таго, дзе народ, а дзе натоўп…

«Зрынем!» — чуецца ад беларускіх нецярпліўцаў. Цікава, напярэдадні рэвалюцыі ці пасля? А мо падчас?

Між тым, зрынуць за трасы «крывавага ідала» значна прасцей, чымсьці сцягнуць брудны чырвоны гальштук з шыі краіны. Дзеля чаго трэба многа і цяжка працаваць. Ствараць НАРОД. А не бегаць з кувалдамі ды тросамі…

Тым, хто ўсё мацней зацягвае гэты гальштук, толькі і патрэбна, каб уся моц супраціву сышла ў помслівыя кувалды па мёртвым камяні і кавалкі на памяць. То бок у гульню ў снежкі. Самі яны даўно пазбавіліся чырвонага гальштука, забыліся толькі падзякаваць народам, што моўчкі аддалі ім зямлю і волю.

Вось адна з найкарыснейшых высноў з ХХ стагоддзя — нельга пабудаваць прыдатную і прывабную для жыцця краіну з дапамогай кувалдаў.

Але ж у якую бездань паміж стагоддзямі абрынулася гэта народжаная з крыві выснова?!

У якой бездані паміж стагоддзямі згінула разуменне таго, што з-пад кувалдаў нараджаюцца новыя леніны, з ленінаў — сталіны, са сталінаў — гітлеры… А з кавалкаў раструшчаных помнікаў — новыя помнікі пераможцам у рэвалюцыях і войнах…

Па мне, дык нельга ставіць помнікі пераможцам.

Толькі ахвярам. І тым, хто ахвяруе сабой.

Сабакам і людзям.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?