Сябры вашынгтонскага гуртка Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) сумесна з праваабарончай арганізацыяй Amnesty International правялі 19 снежня мітынг каля будынка беларускага пасольства ў Вашынгтоне.

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік Amnesty International па Беларусі Вячаслаў Бортнік, акцыя была прымеркаваная да трэцяй гадавіны разгону ўдзельнікаў дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня 2010 года, якія пратэставалі супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

«На сёння мы маем звесткі пра 11 палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца беларускімі ўладамі ў турмах і папраўчых калоніях, — заявіла намеснік старшыні вашынгтонскага гуртка БАЗА Алеся Кіпель. — Гэтыя людзі павінны быць неадкладна і безагаворачна вызвалены, таму што былі затрыманы выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных ці іншых перакананняў».

Арганізатары мітынгу накіравалі ліст у беларускае пасольства, у якім запатрабавалі вызваліць усіх палітычных зняволеных, змяніць заканадаўства ў сферы свабоды аб'яднанняў, сходаў, а таксама ўвесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў.

Актывісты, якія сабраліся каля пасольства, трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты з патрабаваннем вызваліць палітзняволеных і партрэты гвалтоўна зніклых у 1999—2000 гадах беларусаў.

Яны таксама раздавалі ўлёткі з інфармацыяй аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі. Апрача членаў БАЗА і Amnesty International у пікеце ўзялі ўдзел прэзідэнт Freedom House Дэвід Крэмер, прэзідэнт фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская, члены Аб'яднанага балтыйска-амерыканскага нацыянальнага камітэта, шэрагу іншых арганізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?