Кіраўнік дасьледча-аналітычнага міжнароднага цэнтру Legatum Institute Джэфры Гедмін кажа, што прымаючы рашэньні адносна будучыні, любы кіраўнік любой кампаніі ці ўстановы наогул сутыкаецца з дылемамі, гэта значыць, з сытуацыямі, у якіх даводзіцца выбіраць паміж аднолькава нявыгаднымі рашэньнямі.

У сваім блогу, зьмешчаным на сайце Harvard Business Review, Джэфры Гедмін прыгадвае ў гэтай сувязі адну асабістую дылему, у якой ён апынуўся, калі быў прэзыдэнтам Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (2007-2011).

Аказваецца, спадара Гедміна тады праінфармавалі, што адзін з журналістаў на Радыё некалі працаваў тайным агентам у разьведцы варожай для ЗША дзяржавы. Факт агентурнага супрацоўніцтва журналіста стаў вядомы толькі нядаўна, у новай геапалітычнай сытуацыі, калі ад згаданай разьведкі і згаданага варожага рэжыму не засталося і сьледу. А тым часам былы разьведчык стаў вельмі паважаным журналістам і калегам. «Што рабіць з гэтым чалавекам? Звольніць яго? На якой падставе? І якія наступствы гэта мела б для кампаніі?» – пытаецца Джэфры Гедмін у сваім блогу, так і не раскрываючы таямніцы, што ён зрабіў у адносінах да гэтага журналіста.

У агульнасьці, калі хочаце зрабіць празорліва і прымаць кампэтэнтныя рашэньні, дык вам, паводле Джэфры Гедміна, варта працаваць у чатырох накірунках:

1. Павялічваць сваю здольнасьць да назіраньня.

«Для пачатку, будзьце рэалістамі ды заўсёды зьбірайце як мага паўнейшую інфармацыю, якая дазволіла б вам зрабіць уласныя высновы і вызначыць тэндэнцыі. Уважлівае выслухоўваньне іншых – страчанае мастацтва ў сучаснай культуры самаўпэўненасьці і навязьлівага прапаведваньня – можа дапамагчы нам адрозьніць сыгнал ад шуму» – піша Гедмін.

2. Не баяцца стаць (крыху) нелюдзімым.

«У мяне некалі быў калега, выдатны знаўца Кітаю, які пазьбягаў канфэрэнцый і прафэсійных сходаў. Ягоная лёгіка была простая. Ён быў перакананы, што такія ва ўсіх адносінах прыемныя таварыскія сустрэчы непазьбежна вядуць да ўзьнікненьня статкавага мысьленьня ў асяродзьдзі экспэртаў».

3. Вывучаць гісторыю.

«Рабіце гэта не таму, што гісторыя паўтараецца, а таму, што гісторыя часта рыфмуецца, як казаў Марк Твэн. Рыфмы могуць датычаць схемаў грамадзкага жыцьця, уплыву тэхналёгіі, або спосабаў, як дзяржавы прыстасоўваюцца да сучаснасьці».

4. Вучыцца вырашаць неадназначныя сытуацыі.

«Большасьць з нас, ці то ад прыроды, ці то ад выхаваньня, запраграмаваная на тое, каб бачыць сьвет праз прызму чорна-белых выбараў. На жаль, часта мы знаходзім у гэтым сьвеце шмат шэрага колеру. Як, напрыклад, у маім выпадку з былым выведнікам, сваё рашэньне адносна якога я тут не магу выявіць».

«Жыцьцё рэдка працякае лінейна, і нават найлепшыя прагнозы часта разбураюцца тым, што мы называем «непрадбачанымі невядомымі». Але няхай гэта не спыняе вас у вашым памкненьні вывучыць мінулае і сучаснасьць, каб лепш падрыхтавацца да нявызначанай будучыні» – заключае былы прэзыдэнт нашага радыё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?