З нагоды свята Божага Нараджэння Апостальскі візітатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан звярнуўся да вернікаў.

«Як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты стварыў, дык хто ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш?» (Пс 8:4-5)

Гэтыя словы псалма добра перадаюць пачуцьці чалавека, які, узіраючыся на веліч Божага тварэньня, стараецца зразумець, чаму Бог прыдае так шмат увагі такой нязначнай істоце, як чалавек.

Падсьвядома аўтар адчувае, што ў пляне Божага тварэньня чалавек займае асаблівае, хоць яшчэ не зусім для яго зразумелае, месца.

Гэты плян Божы знайшоў сваё завяршэньне ў падзеі, памяць якой мы сьвяткуем і пра якую сьвяты Павал сказаў: «Калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, народжанага ад Дзевы, народжанага пад законам, каб мы маглі атрымаць усынаўленьне…» (Гал 4:4-5).

Іншымі словамі, Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос стаў чалавекам, адным з нас, каб даць нам магчымасьць стаць дзецьмі Божымі, удзельнікамі Боскага жыцьця.

Нам давялося бачыць і дасьведчыць розных людзкіх спробаў зрабіць нас «шчасьлівымі», не пытаючыся нашай згоды. Нашыя «дабрачынцы» думаюць, што ведаюць лепш за нас, што нам трэба для шчасьця.

І калі мы зь імі не згаджаемся, яны ня супраць ужыць сілу, каб нас, неразумных, ашчасьлівіць. Вынікі іх «дабрачыннай» дзейнасьці нам добра вядомыя.

Ня так Бог. Таму Ён з уласнай волі прыйшоў на сьвет, як малое бездапаможнае дзіцятка, якое ня толькі не пагражала нікому, але мела патрэбу ў нашай дапамозе і спагадзе. Пасьля, у дарослым веку, Ён адмовіцца ад ужываньня сілы і ня будзе абяцаць «неадкладнага шчасьця», але скажа: «Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо я ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой для душаў вашых. Бо ярмо маё прыемнае, і цяжар мой лёгкі» (Мц 11:28-30). Іншымі словамі, Ён абяцаў тым, што пайшлі за ім, не вызваленьне ад цяжкасьцяў, але даць сілу пераносіць іх.

Вось гэтай сілы духоўнай, каб перанесьці цяжкасьці жыцьцёвыя і не заламацца, хай Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, чыё нараджэньне ў целе сёньня радасна сьвяткуем, дасьць нам усім.

а. Аляксандар Надсан, Каляды 2013

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?