«Малітва» ім яшчэ не па зубох, а вось «Саўка ды Грышка» — якраз. Пра «Песьняроў» сёньня піша Сяргей Будкін.

Альбом «Распавядальная» займае ў дыскаграфіі дзяржаўных «Песьняроў» асаблівае месца. Бо ёсьць першым пасьля сыходу Мулявіна. Пасьля праслухоўваньня ён пакідае дваістае ўражаньне. З аднаго боку, «Песьняры» працягваюць трымаць марку, датычна вакальнага ды музычнага майстэрства. Прафэсіяналы суворыя! Нездарма некаторых музыкаў з гэтага складу запрашаў на працу яшчэ Мулявін. Свае магчымасьці «Песьняры» дэманструюць ужо на самым пачатку кружэлкі, выконваючы акапэля «Сёньня Купала» з адсылкай да кароннай песьняроўскай «Рэчанькі», якая зачаравала паўсьвету. Новы кіраўнік ансамблю Вячаслаў Шарапаў можа ў размове зьвязаць два словы па‑беларуску, добра адчувае «песьняроўскі» фармат («Распавядальная» яго аўтарства магла б увайсьці ў «залаты» рэпэртуар «Песьняроў») ды яшчэ піша някепскія тэксты. Праўда, часам не стае яму гістарычных ведаў. Мулявін хоць і не вывучаў у школе беларускую мову і гісторыю, «Палянэз» Агінскага наўрад ці дазволіў бы сабе засьпяваць па‑расейску. Ды яшчэ з запевам «Боже, храни мой край». Во быў скандал, каб «Выходила на берег Катюша» прагучала па‑нямецку!

У новым альбоме «Песьняроў» хацелася пачуць уласнае ад гадаванцаў Мулявіна. Але сустракаем тут таго ж самага «Саўку ды Грышку», «Мой родны кут» ды «Зачараваную». Пяюць адзін у адзін, хіба аранжароўкі сьвяжэйшыя. Можна пачуць і цікавыя прыпадабненьні старым «Песьнярам», як «Ганна» на Якуба Коласа. Нічога прынцыпова новага ў «песьняроўскі» даробак музыкі ня ўносяць, нібыта баючыся датыкнуцца да нечага непарушнага. Гэтая праца слушна называецца «Распавядальная», бо да споведзі перад слухачом яны не гатовыя. Мулявінская «Малітва» ім яшчэ не па зубох, а вось «Саўка ды Грышка» — якраз.

Сёньняшнія «Песьняры» пакліканыя выконваць перадусім настальгічную функцыю. Іх песьні ідуць на «ўра» перад публікай, якая памятае чэргі па «песьняроўскія» кружэлкі ў музычных крамах. Для тых, хто пераняў у часы маладосьці «мулявінскую» моду. Для тых, хто з дапамогай гэтых песень прыйшоў да беларускай мовы. Гэтым удзельнікам ансамблю дужа няпроста: з аднаго боку на іх цісне амаль 40‑гадовы цяжар «Песьняроў», з другога — дзяржаўная прыналежнасьць. «Калі са мной не працягнуць кантракт, сваіх «Песьняроў» ствараць ня буду», — заявіў на прэзэнтацыі альбому Вячаслаў Шарапаў. Амбітных самастойных асобаў у сёньняшнім БДА сапраўды няма, таму чарговы раскол «Песьняроў» дакладна не адбудзецца.

Тым ня менш «Песьняры» зацікавілі сваімі далейшымі абяцаньнямі. Цяпер яны працуюць над песьнямі на раньнія вершы Янкі Купалы, хочуць пакласьці на музыку творы беларускіх паэтаў ХІХ ст. Ёсьць спадзяваньне, што з гэтымі працамі «Песьняры» з трыб’ют‑ансамблю стануць самастойным калектывам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0