Напярэдадні Новага года — 30 снежня — у Брэсце адбудуцца таргі па продажы помніка архітэктуры класіцызму XVIII—XIX ст., былога палаца Радзівілаў у вёсцы Паланэчка з паркам вакол. Паланэчка знаходзіцца каля Баранавіч.

— Вялізны двухпавярховы палац, дзе была ў савецкі час школа, не выкарыстоўваецца з 1998—99 гадоў, калі школьнікаў перавялі вучыцца ў больш сучасны будынак, — расказала газеце «Інтэкс-прэс» дырэктарка школы ў Паланэчцы Галіна Ананчык. — Выгляд у былога палаца сёння ўбогі. Няма шыбаў, дзвярэй. Палац ператварыўся ў месца для гульні мясцовых дзетак. А з другога боку, стаў месцам паломніцтва турыстаў. Бо праз наша мястэчка турысты праязджаюць у Нясвіж і Мір і спыняюцца тут аглядаць славутасць. Турысты наракаюць на яго дрэнны стан, а арганізатары тураў, як пагаворваюць, хочуць купіць палац і аднавіць.

У свой час палацава-паркавы ансамбль складаўся з дома з флігелямі, уязной брамы, капліцы-пахавальні, млына, аранжарэі, парка з рэдкімі пародамі дрэваў і ставамі.

Купцу дазволяць адрэстаўраваць палац пад аб'ект гандлю, грамадскага харчавання або паслуг. Будучы ўладальнік будзе абавязаны заключыць дамову на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю аб'екта на працягу 45 дзён з даты падпісання акта прыёму-перадачы і правесці яго рэканструкцыю ў прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй тэрміны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0