— Слухай, а ты бачыла ў краме такія сумачкі баваўняныя, на даўгой лямцы, сімпатычныя?

— Не, а што? Думаеш сабе прыдбаць?

— А чаму б і не? Святы набліжаюцца, трэба сябе парадаваць.

Лера ўпотай зірнула ў той бок, адкуль даносілася размова. Дзве прывабныя дзяўчыны, трымаючыся за чырвоныя там-сям аблезлыя парэнчы трамвая, абмяркоўвалі надзённыя справы.

«Можа і мне набыць сабе нешта і парадаваць сябе? Хм, а што б мяне парадавала?» — задумалася яна. Лера звычайна думала пра іншых, а не пра сябе, таму такое, здавалася б, простае пытанне паставіла яе ў тупік.

Быць у тупіку дзяўчына не хацела, а прабіваць бетонную сцяну, якой сканчаўся тупік, сілаў не было. Таму яна хуценька пераключылася на іншых — гэта ёй удавалася лепш за ўсё. «Ага, вось нататнік можна падарыць Наталцы, а завушніцы добра б пасавалі Крысціне, Сяргей ацаніў бы тую міні-папяльнічку…»

Пакуль Лера так разважала, трамвай напоўніўся новымі пасажырамі.

Насупраць сеў малады мужчына: акуляры, шалік, няголенасць. Лера зацікавілася гузікамі на ягоным палітоне,

на іх было нешта выгравіравана, і дзяўчына імкнулася разабраць, быў то надпіс ці малюнак. Калі гэты занятак ёй надакучыў, яна рэзка перавяла позірк на падбароддзе мужчыны і стала вывучаць яго. Лера адразу падумала, што такая форма падбароддзя не на ейны густ, бо суцэльная лінія паўдугі перарывалася ямкай. І вось гэтая ямка яе і непакоіла. Дзесьці яна чула, што людзі з такімі падбароддзямі шчасліўчыкі, але да Лерынай нелюбові гэта не мела ніякага дачынення. Мо нейкія асацыяцыі, а можа гэтая ямка быццам давяршала дваістасць чалавечага твару, канчаткова праводзячы дэмаркацыйную лінію паміж левым і правым?

«З аднаго боку, вызначанасць — гэта добра, — падумала Лера, — але з іншага… Хаця, калі ён адгадуе бараду, ніякай ямкі бачна не будзе», і Лера паспрабавала «прыляпіць» бараду да твару мужчыны. Выйшла няблага.

«А вось уяві сабе, — працягвала яна свой унутраны дыялог, — ты б пазнаёмілася з ім, калі ў яго была барада, а потым вы пачалі сустракацца і ты закахалася б (хаця такая паслядоўнасць зусім і непаслядоўная), а потым ён пагаліўся б, і раскрылася б вось ягонае такое падбароддзе. Цікава, я б стала кахаць яго менш?»

Тэма падбароддзя, здавалася, была вычэрпаная, і Лера, удала мінаваўшы нос, паднялася вышэй, апынуўшыся ля вачэй. Вочы глядзелі кудысці ўправа, і дзяўчына стала чакаць моманту, калі яны паглядзяць акурат на яе. Чакаць давялося доўга і, стаміўшыся ад гэтага занятка, яна сама перавяла позірк убок да вакна.

Там за вакном было мокра і золка, і дзяўчына падумала пра вераб’я, які, нахохліўшыся і ўцягваючы галоўку ў замерзлае цельца, прымружваў павекі. І толькі ў момант прымружвання верабей адчуваў крышку цяпла. Хутчэй за ўсё, такі верабей сапраўды мог стаяць дзесьці на прыпынку грамадскага транспарту, але той, якога ўяўляла Лера, стаяў у ейнай галаве дзесь паміж думкай пра вочы незнаёмца і развагамі пра глабальныя кліматычныя змены. Апошнія былі навеяны дажджом у сярэдзіне снежня, які сёння і не думаў спыняцца.

«Прабачце», — пачула Лера справа ад сябе і аўтаматычна павярнула голаў. З задняй пляцоўкі да яе працісквалася жанчына з клункамі. Лера зірнула на яе і вырашыла, што можа саступіць месца. Не таму, што яна была такой правільнай, а проста таму, ёй падумалася, што зараз гэтай жанчыне сядзець будзе прыемней і больш патрэбна, чым ёй. Менавіта таму

Леры не падабаліся аб’явы ў метро, дзе голас пералічваў адпаведныя групы, якім іншыя пасажыры павінны былі саступаць месцы, тым самым вызначаючы і замацоўваючы нейкія ролі, якім усе павінны адпавядаць.

Значна больш была б да месца фармулёўка «саступайце месца тым, каму яно цяпер больш патрэбнае».

— Cядайце, — Лера паднялася і апынулася зусім побач з тым мужчынам, якога разглядала.

Малады чалавек паглядзеў на Леру і на нейкую хвілю яму падалося, што ён бачыць знаёмы твар.

Можа, гэта тая доктарка, да якой ён хадзіў днямі? Не, пэўна не яна. Але падобна. Ён праходзіў медкамісію па працы, і вось у чарговым кабінеце сядзела яна. Калі ён зайшоў, доктарка нават не падняла вачэй, запаўняла нейкія паперы.

— Што ў вас?

— Вось, медкамісія.

— Расшпіліце кашулю, паслухаю вас. Штосьці турбуе?

Мужчына цудоўна разумеў сэнс гэтых словаў, і тое, што адказаць на іх трэба дзяжурнай фразай: не, ўсё нармальна, асабліва, калі хочаш прайсці камісію. Але так хацелася сфантазіраваць, падумаць, што значэнне тых словаў іншае,

і доктарка сапраўды хоча паслухаць, што ён ёй скажа, і што яе сапраўды непакоіць тое, што яго турбуе. Ён распавёў бы тады, як яму вусцішна і самотна — здаецца, вось ёй ён бы мог прызнацца. Сабе ж — не. Ён гнаў ад сябе гэтыя думкі, знаходзіў апраўданне ці тлумачэнне той шэрасці і аднастайнасці, якія прапісаліся ў ягонай штодзённасці.

Пачулася знаёмая мелодыя. Мужчына дастаў з кішэні палітона тэлефон:

— Алё, так. Слухаю.

Лера паспрабавала здагадацца, з кім ён размаўляе: з калегай, сябрам, жонкай?

— Не, я ж казаў табе. Сёння не выйдзе… Мы ж дамаўляліся… Пра аўторак нічога сказаць не магу дакладна…

Чалавек паклаў тэлефон назад у кішэню.

— Вы сыходзіце? — спытаў ён Леру, якая перакрывала яму дарогу да выйсця.

— А Вы? — нечакана для сябе запытала Лера.

Нетыповасць рэакцыі прымусіла мужчыну на нейкі момант сканцэнтраваць на дзяўчыне свой погляд, у якім чыталася імгненная збянтэжанасць, якая, аднак, хутка змянілася ледзь не абурэннем:

— Я выходжу, таму і пытаюся, ці сыходзіце Вы?

У гэтай размове Лера захацела ўбачыць флірт, лёгкі намёк на магчымае знаёмства, і яна яго ўбачыла.

Але кіроўца пачаў абвяшчаць новы прыпынак, і мужчына яшчэ больш заспяшаўся, нервова прапіхваючыся да дзвярэй, а Лера, якая так і не знайшла, што адказаць, засталася стаяць, трымаючыся за парэнчы…

На гаўбцы сядзеў верабей, і, узіраючыся праз шкло на калядную ялінку, разважаў: «Дзіўныя гэтыя людзі, мала ім елак звонку, яны іх яшчэ і да сябе ў гнёзды цягнуць».

Яму было халодна і адзіным, што сагравала яго, была думка пра дзяўчыну, якая кінула яму сёння мякіш з бубліка. «Не тое, што гэты жмінда, — бурчаў верабей, — ніколі і крошкі не вынесе. Дзюбнуць бы яго ў гэтую ягоную яміну на падбароддзі…».

Дождж змяніўся на снег, верабей уцягнуў галоўку, прымружыў вочы і на нейкую долю секунды адчуў цяпло.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?