Мёртвая дзяўчынка паціснула плячыма. Яе сяброўка церла змерзлыя рукі, пераступала з нагі на нагу і раздражнёна ўздыхала.

— Усё. Я звальваю.

Дзяўчынка прысела на край лаўкі. З уздыхам Клуша села побач.

Снег сёлета лёг як запланавана — з самага пачатку снежня. Падаў павольна і збіраўся ў брудныя гарадскія сумёты, замятаў паркі, студзіў беларускі бальзам.

Сняжынкі калолі нос, ветрам працінала стары шэры пухавік, а ў ботах трэба было паставіць прафілактыку. Абсалютна мярзотнае надвор’е. Абсалютна мярзотны настрой. Абсалютна мярзотны.

— Бальзам — поўная херня.

— Ды замаўчы, — Мёртвая дзяўчынка ўзяла бутэльку з рук сяброўкі і зрабіла працяглы глыток.

За фантанам, упрыгожаным скаладанай кампазіцыяй з хлопчыкаў, птушак і глыбіннага сэнсу, з захапленнем ванітаваў нейкі панк. Фантан заносіла снегам. Клуша скоса зірнула панка і гучна фыркнула.

— Чалавек дэградуе. Мы ператвараемся ў першабытных істот. А павінны гучаць горда.

— На маю думку ён вельмі ганарліва гучыць. Чуеш, які багаты гукавы дыяпазон…

Клуша скрывілася і пацягнулася за ратуючым напоем. За метр ад яе ўпаў сняжок. Трасціна хутка, амаль подскакам набліжаўся да іх па сцежцы, падняўшы руку і патрасаючы белым цэлафанавым пакетам. Пакет звінеў цалкам па-каляднаму.

— Я зараз адкінуся ад холаду, а ён скача, — Клуша з пустой тарай у руках накіравалася да бліжэйшай сметніцы, пакрыўджана віхляючы клубамі.

— Я вапшчэ не понял, как эта палучілась, — Трасціна плюхнуўся на лаўку і пачаў калупацца ў пакеце. — Я ўжо амаль выйшаў, але на падзіку сустрэў…

У Мёртвай дзяўчынкі не было ніякага жадання слухаць. Яна адхіснулася назад і завалілася спінай на снег,

адсоўваючыся ад лаўкі. Позіркам утаропілася ў верхавіны дрэваў: яны выглядалі карычневымі, цёмнымі, а неба — брудным. Сняжынкі падаваліся пылам, які вытрасаеш са старых дачных посцілак. Дзяўчынка пачала вадзіць туды-суды рукамі і нагамі, спрабуючы зрабіць «анёла». Не самы цікавы занятак.

— … дык я змерз як скаціна. Гэта табе не холадна, — сказаў Трасціна і кінуў у Дзяўчынку пакетам. Пакет на паўдарогі ўзляцеў уверх і падаўся ў вырай. — Ты ж мёртвая.

— Дай сюды, — Дзяўчынка села, выцягнуўшы руку.

— Чаму ты такі прыдурак? — Клуша пагардліва паглядзела на хлопца і адсунулася ад яго далей.

— Айм э лузер бэйбі, со ўай донч ю кіл мі! — запеў Трасціна і нахабна пацягнуўся да Клушы з пацалункам.

Мёртвая дзяўчынка адпіла бальзаму і выцерла рукой рот. Сёння ў клуб яны не пойдуць: там святочная цукровая весялосць і святочны платны ўваход.

Гэты парк таксама па-свойму святочны: размешчаны ў цэнтры горада, за спінай галоўная ялінка, упрыгожаная хакеістамі. Шклянымі. Святочнымі. Над праспектам мігцяць ліхтары, імітуючы зорнае неба.

Мінакоў амаль няма, халоднае рэзкае паветра і мокры снег разагналі па дамах тых, каго не разагнаў канец працоўнага дня.

Дзяўчынцы, аднак, сапраўды не было холадна. Яна ж мёртвая.

З боку галоўнага ўваходу ў парк забегла кампанія п’яных падлеткаў, якія гучна ржалі і перабівалі адзін аднаго. Той, што ішоў пасярэдзіне, трымаў нешта ў руках, з пераменным поспехам намагаючыся гэтае нешта не ўпусціць. Юнакі, хістаючыся, падышлі да сметніцы, ужо, вядома, асвечанай пустой бутэлькай з-пад бальзаму, і кінулі туды свой скарб. Хтосьці з іх нязграбна яго падпаліў і з абсалютна апалітычнымі крыкамі яны пабеглі ў бок выхаду.

Мёртвая дзяўчынка ўстала і падышла да сметніцы: палала зялёная пластыкавая галіна ялінкі, праўда, без хакеіста. Але з чырвоным шарыкам, які ўжо пачаў чарнець ад сажы.

Дзяўчынка працягнула рукі да імправізаванага вогнішча і падумала, што ў яе зусім няма святочнага настрою. Яна пацёрла рукі і прыклала іх да шчок. Ухапіла сябе за нос. Высунула язык. З насупленым тварам зляпіла сняжок і запусціла ў фантан, але прамахнулася. У гэты момант чырвоны шарык, нагрэўшыся да крытычнай тэмпературы, лопнуў і разляцеўся чорна-чырвонымі аскепкамі, захапіўшы з сабой попельныя кавалкі ялінкі. Усё гэта павіхрылася ў паветры некалькі секундаў і засыпала вакольны снег.

Дзяўчынка пасміхнулася і падумала, што яна абсалютна нічога не разумее ў святочным настроі і ўладкаванні сусвету. І што ёй абсалютна пофіг. Яна ж мёртвая.

— Сайлен найт! Холі найт! Олл із кам! Олл із кам! - загарланіў Трасціна і заржаў, ухіляючыся ад Клушы, якая паспрабавала ўдарыць яго па галаве за пошлыя інтэрпрэтацыі сусветнай класікі.

Мёртвая дзяўчына падыйшла да сяброў. Узяла бутэльку з рэштай святочнага алкаголю і падняла ўгору.

— Мне хораша. І я абсалютна не разумею, як так выйшла. Паходу, мы абсалютна не здольныя ніхера зразумець. За шчаслівыя непаразуменні!

—За шчаслівыя непаразуменні! — крыкнуў Трасціна і ўскочыў на лаўку, зацягнуўшы з сабой Клушу.

Сябры смяяліся і дапівалі бальзам. Разбуджаны сняжком, з-за фантана выпаўзаў панк. Ліхтары актыўна імітавалі зорнае неба. Сусвет працаваў абсалютна бессістэмна. Надыходзілі Каляды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0