Адміністратар групы, прысвечанай акцыі «Стоп-падатак», у сацыяльнай сетцы «УКантакце», нацыянал-бальшавік Дзмітрый Паліенка прыгавораны судом Заводскага раёна Мінска да 15 сутак арышту, паведамляе правааабарончы сайт spring96.org.

Паліенка быў затрыманы каля 16 гадзін 26 снежня на прахадной Мінскага аўтамабільнага завода, дзе ён працуе. Ва УУС Заводскага раёна ў дачыненні да актывіста быў складзены пратакол па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства).

Суд адбыўся ў пятніцу. Рашэнне вынесла суддзя Настасся Восіпчык. Яна адхіліла хадайніцтва аб запатрабаванні і праглядзе відэа з прахадной завода, якое магло засведчыць, што Паліенка не ўчыняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў.

Як паведамляюць праваабаронцы, актывіст мае намер абскардзіць сваё затрыманне і прыгавор аб арышце. Ён расцэньвае дзеянні праваахоўнікаў як прэвентыўны пераслед, звязаны з пратэстамі аўтамабілістаў супраць новага падатку.

Вечарам 26 снежня на сайце ГУУС Мінгарвыканкама было размешчана адрасаванае аўтаўладальнікам папярэджанне аб адказнасці за ўдзел у чарговай акцыі «Стоп-падатак».

«Супрацоўнікі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі ўзмоцняць кантроль за выкананнем вадзіцелямі правілаў прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў. У сувязі з заклікамі, што з'явіліся ў інтэрнэце, магчымыя незаконныя дзеянні вадзіцеляў па блакіраванні руху транспарту будуць спыняцца, віноўнікі будуць прыцягнуты да адказнасці, у тым ліку з выкарыстаннем мер прымусовай эвакуацыі аўтамабіляў», — падкрэслівае ДАІ.

Паведамляецца таксама, што матэрыялы ў дачыненні да вадзіцеляў, якія дапусцілі парушэнні ПДР на праспекце Незалежнасці ў Мінску вечарам 20 снежня, «зараз абагульняюцца, пасля чаго будуць перададзены ў пракуратуру для дачы прававой ацэнкі».

У той дзень з 18 да 19 гадзін сотні вадзіцеляў гукавымі і светлавымі сігналамі, а таксама павольным рухам выказалі пратэст супраць увядзення новага падатку за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Некаторыя спыняліся і ўключалі аварыйную сігналізацыю.

Падчас акцыі былі затрыманы пяць чалавек. Грамадскі актывіст Аляксандр Францкевіч прыгавораны да 12 сутак арышту, Жыхаркі Мінска Настасся Кухта і Настасся Шатэрнік, якія заступіліся за яго падчас затрымання, аштрафаваныя на пяць і дзесяць базавых велічыняў адпаведна (650 тыс. і 1,3 млн. рублёў). Канстанцін Глушко асуджаны на пяць сутак арышту, справа ў дачыненні да пятага затрыманага — пасажыра Глушко Андрэя Самохіна — спынена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?