З гэтай гісторыі мы бачым: толькі хлусьні патрэбна дапамога ўлады. Праўда выжыве сама.

          Т.Джэфэрсан

Ва ўсе часы ўлады дзялілі пісьменьнікаў на «чэсных» і «нячэсных», узнагароджваючы першых і караючы другіх. Саюзы пісьменьнікаў часта ствараліся менавіта дзеля гэтага. Але здаралася, што саюзы кусалі руку, якая іх карміла. Яскравы прыклад — процістаяньне творчай эліты і ўлады ў Чэхаславаччыне ў 1968—1988. Савецкае ўварваньне нават артадаксальныя камуністы ўспрынялі як вялікае нацыянальнае прыніжэньне. Саюз пісьменьнікаў адным зь першых выказаў пратэст. Пачалося ўсё з дыскусіі паміж Міланам Кундэрам і Вацлавам Гаўлам аб нацыянальным мэнталітэце і гісторыі.

Кундэра заклікаў да стаічнага ўспрыманьня сытуацыі, што склалася, як чагосьці часовага і дробязнага. «У нас — свой гонар, гонар народу». Зь ім не пагадзіўся Вацлаў Гавал. «Калі б наш народ трымаўся такой пазыцыі заўжды, ён ня выжыў бы», — сьцьвярджаў будучы прэзыдэнт Чэхіі. Неўзабаве ён зьвярнуўся да лідэра чэскіх камуністаў Густава Гусака з наступным лістом: «Сёньня вы абралі шлях, самы зручны для сябе і самы нябесьпечны для грамадзтва — шлях удаванага вонкавага дабрабыту за кошт унутранага заняпаду… шлях элемэнтарнага ўмацаваньня сваёй улады праз… сыстэмнае прыніжэньне чалавечай годнасьці». У адказ улады разагналі Саюз пісьменьнікаў, абвінаваціўшы яго ў «сур’ёзным злоўжываньні мастацтвам і культурай… у мэтах захопу ўлады блёкам рэвізіянісцкіх і антысацыялістычных сіл». Новы, цалкам залежны ад рэжыму Саюз быў створаны ў 1972 г. Яго кіраўніком стаў Ян Козак, аўтар твораў на калгасныя тэмы. У новы Саюз увайшло менш за чвэрць былых сяброў.

Сёньня няма ўжо Гусака. Козака даўно забылі. Імёны ж Гаўла і Кундэры гавораць самі за сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?