«Найбольшай небяспекай» для Украіны ў 2014 годзе назваў Мытны саюз прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт.

У інтэрв`ю ўкраінскаму «5-му каналу» патрыярх Філарэт заявіў, што інтэграцыя ў Еўрасаюз дасць Украіне магчымасць захаваць дзяржаўнасць. «Усе краіны, якія ўваходзяць у ЕС, з`яўляюцца незалежнымі. Украіна, калі будзе ў ЕС, захавае свае дзяржаўнасць і суверэнітэт. Калі ж далучыцца да Мытнага саюза, да еўразійскай прасторы, страціць іх», — перакананы святар.

Ён абвінаваціў Расію ў «імперыялістычных намерах» за тое, што яна зноў імкнецца далучыць да сябе Украіну, Беларусь, Малдову, Казахстан і Арменію.

«У 2014 годзе найбольшай небяспекай для Украіны стане ўваходжанне ў Мытны саюз. Якім чынам гэтага не дапусціць? Як народ стаіць сёння на Майдане, так і павінен стаяць да канца, ён пераможа. Калі грамадства чагосьці не хоча, яго сілай доўга не ўтрымаеш», — падкрэсліў прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату.

Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату — некананічная праваслаўнай царква Украіны, якая прэтэндуе на статус памеснай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Узнікла ў 1992 годзе ў выніку дзеянняў часткі іерархаў Украінскай праваслаўнай царквы (УПЦ), якія настойвалі на наданні УПЦ поўнай самастойнасці ад Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). Устаноўчы сабор Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, які адбыўся ў чэрвені 1992 года, прадстаўнікі РПЦ назвалі раскольніцкім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?