От Галіч казаў: «…А бойся едінственно только того, кто скажет: «я знаю как надо». Ну дык вось – я, падобна да таго, ведаю. Такім чынам, пяціхвілінка банальнасці.

Лукашэнка ўладу не аддасць ні ў 15-м, ні ў 115-м, калі дажыве, годзе. Улада ў яго арганічна знікне разам са страўнікавай і мазгавой (у ягоным варыянце) дзейнасцю. Але давайце азадачымся адказам на пытанне: ну і што? Каму і ў чым, па сутнасці, перашкаджае Лукашэнка?

Апазіцыі ён не перашкаджае — прынамсі ў тым выглядзе, у якім яна ёсць цяпер. Скажам шчыра, калі Савецкі Саюз знікаў з мапы свету, ён не быў зрынуты тытанічным Раманчуком і ягоным мільярдам працоўных месцаў. Рэжыму, каб скапыціцца, не трэба мець у апанентах канкрэтную палітычную партыю.

Беларускамоўным Лукашэнка таксама не перашкаджае, бо калі я і вы размаўляем па-беларуску, то над намі ніхто не будзе стаяць і патрабаваць прамаўляць палову слоў па-руску згодна з квотай.

Тыя, каторыя «застабілы»… ну, па маіх назіраннях, яны пра яго не думаюць.

Ім напляваць на яго, яны не ходзяць на ягоныя інаўгурацыі, хаця, я думаю, маглі б замовіць абанемент, і яны не пойдуць яго бараніць, нават калі яго нехта вырашыць распяць на трактары «Беларус». З кожным годам яны забываюць яго ўсё мацней. І, паміж намі, — становяцца для яго менш карыснымі за нас — актыўных. Бо для нас ён ёсць, а для іх ён як Марат Казей. Нейкая безыменная лухта, аформленая ў бронзе і з гранатай у руцэ.

Дык чаму ж ягоная ўлада здаецца настолькі моцнай? Ягоная ўлада моцная таму, што ўвесь наш унутраны супраціў — гэта супраціў ІНДЫВІДУАЛЬНЫ. Скіраваны на САМАРАТАВАННЕ.

Заўважце, як папулярна цяпер казаць пра тупых беларусікаў, якія заслужылі тое, што маюць. Той, хто прамаўляе гэта, атрымліваецца, не беларусік. Якой нацыянальнасці гэты чалавек? Няясна. Мабыць, ніякай.

Такім чынам, наша нацыя дайшла ў сваім брутальным развіцці да фазы, калі нараджае ўнутры сябе не сваіх прадстаўнікоў, а сваіх эстэтычных антаганістаў. Гэта людзі, якія прыпісваюць сабе ўсе найлепшыя чалавечыя якасці, а нацыі прыпісваюць усе найгоршыя. Я — няскораны, а нацыя на каленях. Я супраць Лукі, яны — за. Я «ўсё разумею», яны «нічога не разумеюць». Я — не ільготнік. Яны — ільготнікі. Цэлы набор штампаў, якія шматразова імі прамаўляліся і ні разу не асэнсоўваліся.

Такія людзі рэфлексуюць у асноўным на тэму Беларусі, але палову свайго часу трацяць на падкрэсліванне сваёй непрыналежнасці да яе.

Бо ім трэба даказаць сабе, што, па-першае, у сітуацыі, якая склалася, няма іх віны, а па-другое, яны такім чынам адказваюць самім сабе на пытанне: чаму ніколі не будзе лепш? Ну, таму, што гэтыя беларусы (яны) — вось такія нікчэмныя.

Унутраныя самаратавальнікі сапраўды лічаць, што лепш не будзе НІКОЛІ, бо яны — нярэдка людзі, што лічацца інтэлектуаламі толькі таму, што ў нас няма назвы для не інтэлектуальнай а ПАЧУЦЦЁВАЙ эліты. Іхныя, як сказаў бы Ніцшэ, «вялікія сэрцы і маленькія мазгі» паламаліся ў грубаватай жмені старшыні калгасу, і цяпер яны, страціўшы нейкае месца сярод іншых людзей, прыдумваюць сабе эфемерныя наднацыянальныя пазіцыі назіральнікаў.

Было б здорава, калі б «усе людзі добрай волі» на нейкі час дамовіліся дзейнічаць у адным рэчышчы. Што я маю на ўвазе?

— Не баяцца гаварыць з незнаёмымі людзьмі. Ні партыі тут, ні замежныя чыноўнікі там не змогуць аб'яднаць наш народ, бо для гэтага трэба толькі, каб народ адчуў сябе і аб'яднаным, і народам. Гэта вельмі цяжка, бо многія з нас за гэты час наогул страцілі камунікатыўныя здольнасці. Чужы чалавек для нас — небяспека. Мы саромеемся нават «прачытаўшы «Нашу Ніву», укінуць яе ў скрынку суседу».

— Як і дзецям, народу нельга казаць, што ён дурны, непрыгожы і бесперспектыўны. Наш народ ужо ў гэта паверыў. Гэтую траўму варта выпраўляць.

— Вельмі важна спакойна дзяўбсці ў адну і тую ж кропку. Варта даказваць, што мы адзін народ, што мы ўсе хочам аднаго і таго ж. І людзі, што б'юць і саджаюць сваіх, — гэта злачынцы. У грамадстве павіннае ўзнікнуць адчуванне, што працаваць у АМАПе сорамна. І нават калі ты алігафрэн і не бачыш у гэтым нічога кепскага, то ты паслухаеш сяброў, блізкіх, якія табе скажуць, што фу-фу-фу.

У кожнага з нас ёсць шмат такіх знаёмых, якім пра такія рэчы думаць лянота. Дык вось, справа кожнага з нас — ім, а праз іх і іхным знаёмым давесці простыя рэчы:

— мы адной крыві;

— мы адно аднаго любім;

— у нас супольная будучыня;

— быць мянтом і служыць тым, хто нас раздзяляе, павіна быць сорамна.

Калі мы больш сіл скіруем на гэта за кошт змяншэння часу на кпіны з «беларусікаў», праз некалькі гадоў мы будзем жыць у прынцыпова іншай краіне. Нават калі Лукашэнка па-ранейшаму будзе прэзідэнтам, ён ні на што не будзе ўплываць. Ні на што.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?