Гомельскі абласны суд 30 снежня прыгаварыў да пажыццёвага зняволення абодвух фігурантаў рэзананснай справы пра забойства мясцовага прадпрымальніка і яго старой маці.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, 20-гадовы дыджэй папрасіў свайго знаёмага забіць бацьку і бабулю, паабяцаўшы за гэта 15 тысяч долараў. Замоўца забойства спадзяваўся, што атрымае спадчыну і пасля гэтага разлічыцца з выканаўцам. Бацька дыджэя займаўся пракатам элітных аўтамабіляў. 

Крымінальная справа была распачата ў снежні 2012 года. Пра забойства прадпрымальніка і яго маці 1939 года нараджэння стала вядома пасля пажару ў іх доме. Ратавальнікі пры тушэнні пажару знайшлі целы двух людзей са слядамі гвалтоўнай смерці. Паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства аператыўнікі затрымалі двух падазроных: 20-гадовага сына загінулага, жыхара Бранскай вобласці, дыджэя, і яго знаёмага-аднагодку, жыхара Гомеля. 

Падчас следства высветлілася, што ключы ад дома прадпрымальніка свайму знаёмаму перадаў дыджэй. Выканаўца злачынства зайшоў ноччу ў дом, але яго заўважыў мужчына, які прачнуўся. Завязалася барацьба.

На шум выйшла маці прадпрымальніка. Абвінавачаны забіў іх, наносячы ўдары малатком, чайнікам, бутэлькай шампанскага. Забіўшы прадпрымальніка і яго маці, выканаўца неаднаразова вяртаўся ў дом ахвяр, каб выкрадаць матэрыяльныя каштоўнасці: грошы, дарагі алкаголь, айфон коштам 6 мільёнаў рублёў, які ён перадаў замоўцу забойства. 

Прыкладна праз тыдзень выканаўца вярнуўся ў дом, абліў яго бензінам і падпаліў. Выканаўца і замоўца актыўна абмяркоўвалі дэталі злачынства пры дапамозе СМС-паведамленняў і перапіскі ў сацыяльных сетках. 

Маладыя людзі раней судзімыя не былі. Яны абвінавачваліся ў арганізацыі забойства, забойстве па найме, крадзяжы, падпале і яшчэ шэрагу злачынстваў. 

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабавала пакараць абодвух пажыццёвым зняволеннем. Выступаючы ў судовым пасяджэнні, дзяржабвінаваўца заявіла, што віна абвінавачаных даказана поўнасцю, сабраны неабходныя доказы па справе. 

Выканаўца забойства поўнасцю прызнаў віну і актыўна супрацоўнічаў са следствам, даваў падрабязныя паказанні, што з'яўляецца акалічнасцю для змякчэння прыгавору. На судовым пасяджэнні ён раскаяўся, плакаў, прасіў прабачэння. 

У сваю чаргу замоўца забойства на працягу ўсяго следства, а таксама ў судзе адмаўляў сваю віну, заяўляючы пра тое, што проста прасіў знаёмага «пакараць бацьку». Ён неаднаразова мяняў паказанні, казаў, што бацька дрэнна да яго ставіўся і даваў мала грошай. Аднак гэтыя паказанні абвяргаюцца доказамі, атрыманымі па справе. У прыватнасці СМС-перапіскай, а таксама перапіскай у сацсетках, паказаннямі сведак, рэчыўнымі доказамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?