Урад Беларусі ўпэўнены ў тым, што ў 2014 годзе краіне ўдасца забяспечыць валютную стабільнасць.

Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч у час урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Лепшы прадпрымальнік 2012 года», якая прайшла сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

«У нас ёсць поўная ўпэўненасць у тым, што валютная стабільнасць у краіне будзе забяспечана, будуць расці золатавалютныя рэзервы і, як вынік, стабільнасць нацыянальнай валюты», - сказаў кіраўнік урада.

Вяртаючыся да пытанняў развіцця прадпрымальніцтва, Міхаіл Мясніковіч пагадзіўся, што сёння крэдыты для названага сектара эканомікі сапраўды пакуль вельмі дарагія, аднак у далейшым, паводле яго слоў, яны стануць больш даступнымі, у тым ліку для малога і сярэдняга бізнесу.

«Шмат пытанняў было створана тут штучна, калі некаторыя колы ў нашым грамадстве ўскладнялі сітуацыю размовамі аб чаканай дэвальвацыі, падзенні курсу рубля, - растлумачыў прэм'ер. - Гэтыя дэвальвацыйныя чаканні вельмі негатыўна ўплывалі на стан спраў на валютным рынку, узмацнялася даларызацыя, што адбівалася на грашова-крэдытнай палітыцы. Дэпазіты былі і застаюцца пакуль даволі высокімі і, як вынік, недаступны крэдыты. Гэта сітуацыя будзе выпраўлена. У тым ліку і па пытаннях знешняй падтрымкі».

Што датычыцца знешніх пазык, прэм'ер-міністр адзначыў, што такая падтрымка для Беларусі вельмі важная.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што тая дапамога, якую Беларусь атрымлівае, у першую чаргу з боку Расійскай Федэрацыі, а таксама іншых дзяржаў, не звязана з вырашэннем праблем бягучай дзейнасці дзяржавы. Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што на 2014 год прыпадаюць вельмі вялікія выплаты па старых знешніх даўгах і іх абслугоўванню. У цэлым гэтыя два артыкулы на будучы год складаюць $3,6 млрд. 2015-ы, паводле слоў прэм'ера, будзе крыху лягчэйшы.

Пры гэтым Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што ва ўрадзе вызначыліся і не першы ўжо год працуюць над тым, каб знешнія пазыкі былі максімальна абмежаванымі і звязанымі толькі з пагашэннем і абслугоўваннем старых даўгоў. «А ўсё астатняе павінна зарабляць, безумоўна, сама эканоміка», - лічыць ён. «Зразумела, што ўсе гэтыя крэдыты не вельмі дарагія, але гэта тыя грошы, якія трэба вяртаць. Таму лепш аптымізаваць свае расходы для таго, каб траціць толькі ў рамках таго, што зарабілі», - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама выказаў меркаванне, што валютнае заканадаўства ў Беларусі неабходна рабіць больш жорсткім.

Таксама трэба нарошчваць і патрабаванні да добрасумленнасці бізнесу, яго адказнасці, у тым ліку і за паводзіны на валютным рынку. «Сёння валютны рынак краіны вельмі ліберальны. І гэта нармальная з'ява. Гэта сусветная практыка. Але ліберальны валютны рынак добры тады, калі нацыянальная валюта з'яўляецца свабодна канверсоўнай, - сказаў прэм'ер.

— Наш беларускі рубель не дасягнуў таго ўзроўню, які павінен быць. У сувязі з гэтым абгрунтаваны пэўныя абмежаванні на валютным рынку».

Пры гэтым ён падкрэсліў: «Ніхто не гаворыць, што валюта не будзе даступная ў абменніках або не будуць абслугоўвацца валютныя аперацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?