Падрыхтоўка да Новага года ў маленькім горадзе — гэта таксама гатоўка. Бацькі пасылаюць дзяцей у крамы, тыя са спісамі стаяць у чэргах, а таты і мамы ў гэты час робяць салаты ды гатуюць курыцу.

Шлях пачынаем з галоўнай Плошчы.

Шлях пачынаем з галоўнай Плошчы.

 Некаторыя дзеткі Дзеда Мароза баяцца і пачынаюць плакаць.

 Некаторыя дзеткі Дзеда Мароза баяцца і пачынаюць плакаць.

 Перад кватэрамі нас сустракаюць бацькі, каб перадаць падарункі сваім дзецям. У кожнай кватэры водзім карагод.

 Перад кватэрамі нас сустракаюць бацькі, каб перадаць падарункі сваім дзецям. У кожнай кватэры водзім карагод.

 Завітвалі да старых людзей, у бальніцу, ЖКГ і міліцыю.

 Завітвалі да старых людзей, у бальніцу, ЖКГ і міліцыю.

 Часта нам наліваюць па чарачцы. Адной не абмяжоўваюцца.

 Часта нам наліваюць па чарачцы. Адной не абмяжоўваюцца.

Некаторыя дзеткі Дзеда Мароза баяцца і пачынаюць плакаць.

Некаторыя дзеткі Дзеда Мароза баяцца і пачынаюць плакаць.

Для некаторых дзень перад Новым годам мае іншы алгарытм. Сяргей і Дзяніс — звычайныя хлопцы, Сяргей вучыцца ў Баранавічах, ён будучы інжынер, а Дзяніс скончыў мінскі педінстытут, зараз працуе ў Расіі. У апошні дзень 2013 года, яны вырашылі павіншаваць блізкіх і тых, каму цёплыя словы ў гэты дзень як ніколі дарэчы. Яны запрасілі мяне з сабой.

Касцюм Дзеда Мароза ўзялі ў мясцовым тэатры, Снегавіка зрабілі з уласных рэчаў: белая кофта, падушкі і ручнікі ў рукі і ногі, вядро на галаву. Разлічвалі яшчэ на Снягурку, але касцюму не было, і я стала проста Сабакам. Узяўшы мяшок, мы рушылі па вуліцах горада да першай сям’і з дзеткамі.

Дзіўна і вельмі цікава было сачыць за рэакцыяй людзей. Мы спыняліся каля дзетак і частавалі іх цукеркамі, людзі сігналілі нам на аўто, нехта спыняўся і прасіў сфатаграфавацца з намі, некалькі мінакоў папрасілі нават завітаць да іх, каб павіншаваць дзетак.

Але спачатку нас чакаў план па наведванні блізкіх і знаёмых. Хлопцы ўсё робяць бясплатна. Але ў навагоднюю ноч, кажуць, можна зарабіць да 3-х мільёнаў. Для маленькага горада, такія грошы зусім не маленькія.

Каля кожнай кватэры стэлефаноўваемся з бацькамі, каб тыя вынеслі падарункі на лесвічную пляцоўку. Дзеці, збянтэжаныя, чытаюць вершы, атрымліваюць падарункі і потым разам з намі водзяць карагод.

Амаль у кожнай кватэры Дзеду Марозу прапаноўваюць чарачку, звычайна адной прапановай не абмяжоўваецца, і калі ў кожнай кватэры выпіваць па тры, то план можна і не выканаць. Мы адмаўляемся і ідзем далей.

Завітваем ў бальніцу ў неўралагічнае аддзяленне. Людзей мала, пераважна старыя. Таму ў кожнай палаце нас сустракаюць з дзіцячай радасцю ў вачах.

«Ой, не цешыце вы дзедушку, як жа так вы прыхварэлі ды ў самы Новы Год? Трэба хуценька папраўляцца, я заўтра прыйду і праверу!», – кажа Дзед Мароз.

Старыя ляжаць пад кропельніцамі, але пабачыўшы нас падымаюцца, усміхаюцца, вочы гараць, усмешка на твары, аддаюць нам апошнія пачастункі: хто яблык, хто сырок, мы адмаўляемся і самі частуем іх цукеркамі. І так палата за палатай.

Адна бабуля нават расплакалася. «Мае залатыя, як жа гэта прыемна, што хоць нехта скажа добрыя словы. Так мала дабрыні, так мы нікому не патрэбныя», — і плача, плача.

Снегавік падыходзіць і абдымае яе. Абяцаем завітаць заўтра.

Пасля бальніцы — мясцовае ЖКГ, дзе фатаграфуемся з жанчынамі, адпускаць адтуль нас не хацелі. Чамусьці жанчыны за 40, вельмі любяць казачных герояў. Знайшлі там унука галоўнай бухгалтаркі. Той, праўда, збег ад нас і схаваўся пад сталом. Дзед Мароз выманьваў яго цукеркай — не атрымалася, таму прыйшлося самім лезці пад стол.

Далей міліцыя. Пакуль крочылі, да нас прычапілася п’яная кампанія мужыкоў гадоў за 50.

Яны былі страшна незадаволеныя, што няма Снягуркі, але пабачыўшы Сабаку (то бок мяне) адзін з іх сказаў, што і сабак ён любіць, накінуўся з пацалункамі, ледзь не паваліў, хлопцам прыйшлося мяне літаральна выцягваць з абдымкаў.

Падыходзім да міліцыі. «Вы ўпэўнены? — пытаецца Снегавік, — яны ж жартаў не зразумеюць, скажуць, што гэта апазіцыя над імі жарты ладзіць, тым больш, ты Вольга, на беларускай мове размаўляеш».

Але вырашылі, завітваем. У гэты час туды заводзяць нейкага алкаша, той гучна віншуе ўсіх са святам. Прапускнога пункта няма, таму мы адразу натыкаемся на дзесяць міліцыянераў. Віншуем іх, абменьваемся добрымі словамі, нам ціснуць рукі. Я даю аднаму цукерку і кажу:

«З надыходзячым, беражыце нас у новым годзе».

Той цісне мне руку і кажа на беларускай мове: «Абавязкова».

Так мы абыйшлі некалькі месцаў, былі ў прыватным сектары, адзін мужчына на жыгулі папрасіў завітаць да яго, каб павіншаваць унука — пагадзіліся. Вельмі здзівілі тых, хто быў дома. Не маглі паверыць, што нешта ў наш час робяць бясплатна, унук цягне бабулю за рукаў і кажа:

«Я ж табе казаў што цуды існуюць».

Так мы абыйшлі каля 15 кватэр і дамоў, завіталі ў некалькі дзяржаўных устаноў, павіншавалі на вуліцах каля 50 дзетак і ўсё абсалютна бясплатна. Пытаюся ў хлопцаў.

«А што вас падштурхоўвае вось проста так траціць час на ўсё гэта?»

«А мы хочам быць трошачкі лепш, хоць раз на год. Нам не так цяжка, а ад усяго гэтага столькі эмоцый атрымліваеш, што хапае на наступны год. Для дзяцей істотна пабачыць хоць маленькі цуд».

Стаміліся, Дзед Мароз зняў бараду, у Снегавіка адваліўся нос ды падушкі выпадаюць з-пад вопраткі. Хлопцам трэба папаліць, шукаем месца каб хлопцы схаваліся.

«Трэба хавацца, — кажа Снегавік, — нельга, каб дзеці ў нас расчароўваліся, а тым больш вучыліся кепскаму».

Папаліўшы, збіраемся ісці далей, наперадзе шмат працы. Дзед Мароз замацоўвае бараду, я падвязваю Снегавіка. Так і крочым далей віншуючы кожнага мінака са святам.

Тыя цешацца і бягуць дадому, трымаючы пакеты з шампанскім і падарункамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?