Следчым камітэтам завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога першага намесніка старшыні Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама кіраўнікоў камерцыйнага прадпрыемства Магілёва.
Як паведамілі БелаПАН у СК, следствам выяўлена, што чыноўнік, дзейнічаючы ўзгоднена з прадстаўнікамі кампаніі, аказваючы ім сваё заступніцтва, за хабар арганізаваў заключэнне кіраўнікамі шэрагу сельгаспрадпрыемстваў Шклоўскага раёна кантрактаў на пастаўку буйной рагатай жывёлы, выгадаванай на тэрыторыі Сербіі, з названай фірмай.
Па патрабаванні службовай асобы райвыканкама кантракты былі падпісаныя на загадзя нявыгадных для беларускіх прадпрыемстваў умовах: 100-працэнтная перадаплата без правядзення адбору жывёл і пастаноўкі іх на каранцін. Пасля абавязацельствы па дадзеных кантрактах выкананыя не былі.
У мэтах выканання кантрактаў на рахунак камерцыйнай фірмы было пералічана больш за 17 мільярдаў рублёў, атрыманых сельгасарганізацыямі ў рамках дзяржаўнага мэтавага крэдытавання. Частка гэтай сумы — 700 тысяч расійскіх рублёў — пасля іх атрымання наяўнымі праз расейскую кампанію была перададзена ў якасці хабару першаму намесніку старшыні Шклоўскага выканкама.
Дзеянні службовай асобы выканкама ў канчатковай рэдакцыі абвінавачвання кваліфікаваныя следствам як перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, замах на атрыманне хабара ў асабліва буйным памеры.
Дзеянні кіраўнікоў камерцыйнай фірмы Магілёва кваліфікаваныя як дапамога ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў і крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.
Чацвёра абвінавачаных змешчаныя пад варту. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.