Вацлаў Гавал

Нацыянальная Дзяржаўная Тэлерадыёкампанія не забылася на тое, што ў вядомага палітыка, драматурга, пісьменніка, былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла 5 кастрычніка быў дзень народзінаў.

5 кастрычніка ў радыёвыпуску «Ранішні эскіз» канала «Культура» у рубрыцы «Каляндар» вядучая ўзгадала пра дзень народзінаў Вацлава Гавэла. Пасля ўзгадкі пра ягоныя дасягненні ў палітычнай і культурніцкай сферы прагучала літаральна наступная інфармацыя пра сённяшнюю дзейнасць былога прэзідэнта Чэхіі: «цяпер ён (Гавэл) падпісвае заявы, складзеныя прафэсійнымі антысаветчыкамі і русафобамі».

Вядучая канала «Культура» Вольга Гальпяровіч, якая выходзіла ў этэр ранкам падцьвердзіла, што сапраўды агучыла такі тэкст:

— Так, сапраўды, я казала гэтыя словы ў эфіры. Гэта не імправізацыя. Яны прачытаны з ліста. Я гэта не сама прыдумала, пры падрыхтоўцы матэрыялу была выкарыстана інфармацыя з інтэрнэту, — прызналася Вольга.

Былому кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі, у мінулым прадстаўніку Беларусі пры ААН, паэту Генадзю Бураўкіну нават складана ўявіць, што такое магло прагучаць на канале «Культура»:

— Вацлаў Гавэл — гэта постаць сусветнай вядомасці і сусветнай павагі. Ён адыграў значную станоўчую ролю ў сусветнай гісторыі. Гавэл таксама аўтар шматлікіх літаратурных твораў і п’ес. Гэта вельмі добры, інтэлігентны і маральны чалавек, якога можна смела называць сумленнем чэшскай нацыі. Ён выдатна разумее і паважае не толькі культуру свайго народу, але і іншых краін. Такой павагі да расейскай культуры і яе ведання, як у Вацлава Гавэла трэба яшчэ пашукаць. Можна не падзяляць ягоных палітычных поглядаў, але яго нельга не паважаць, зневажаць. У тых, хто так робіць няма не толькі культуры, але і розуму, — лічыць спадар Генадзь.

— Я б хацеў, ад імя беларусаў, папрасіць прабачэння за такія словы, і ад сябе зычу яму найперш вялікага здароўя. Хай ён ведае, што сапраўдныя беларусы яго глыбока паважаюць, — дадае Генадзь Бураўкін.

Даведка:
Вацлаў Гавэл — нарадзіўся 5 кастрычніка 1936 года ў вядомай пражскай сям’і. З 1959‑га году пачынае пісаць п’есы і палітычную публіцыстыку. Цяпер ён вядомы сучаснаму свету як пісьменнік, драматург, дысідэнт, адзін з заснавальнікаў «Хартыі‑77» лідэр дэмакратычных зменаў у Чэхаславакіі ў лістападзе 1989 года, апошні прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэшскай рэспублікі. Вацлаў Гавэл з’яўляецца адной з самых яркіх асобаў сучаснага палітычнага і культурнага жыцця. Для многіх людзей ён — сімвал пераменаў ва Ўсходняй Еўропе. Усё сваё жыццё ён змагаўся за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне. За апошнія 12 гадоў Гавэл атрымаў шэраг чэшскіх і міжнародных узнагарод. Некалькі разоў ён вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру.

Артур Лагодны, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0