У панядзелак раніцай наведнікі Курапатаў убачылі, што ля ўваходу ва ўрочышча пабураны крыж «Пакутнікам Беларусі». Праўдападобна, вандалы пабывалі ва ўрочышчы ў нядзелю.

Ігар Вашкевіч, які жыве побач з Курапатамі, кажа, што яшчэ ўчора бачыў недалёка ад гэтага трох маладзёнаў, з пляшкамі піва ў руках, якія несьлі з сабой калючы дрот. «Тады мне і падумалася, што такі дрот я бачыў на крыжы ва ўрочышчы, таму сёньня з раніцы і прыехаў сюды», — кажа Вашкевіч.


Усталяваньне крыжа «Пакутнікам Беларусі» ў 1989 годзе

Апроч Ігара ля паваленага крыжа таксама стаіць актывіст КХП‑БНФ Валер Буйвал, ён гаворыць, што яшчэ ўчора вечарам крыж стаяў на месцы. Ігар Вашкевіч паказвае, што зламаць крыж можна было толькі вельмі вялікай сілай, бо трэба было разагнуць жалезныя замацаваньні, але ў некага моцы хапіла.

Заўважаем, што чарговы раз паваленая ў Курапатах і «лава Клінтана», але Валер Буйвал кажа, што яе ўжо досыць даўно ня могуць добра замацаваць, таму і такія здарэньні адбываюцца пэрыядычна.

Штогод на Дзяды сябры КХП‑БНФ ладзяць жалобнае шэсьце ў Курапаты. Да сёлетняй акцыі чальцы партыі плянуюць зноў аднавіць крыж.

Зьміцер Панкавец

Фатаздымкі Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0